Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТБМ беларусізавала Правілы дарожнага руху


Алена Анісім
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прэзэнтавала пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову.

Як заявіла намесьнік старшыні ТБМ Алена Анісім, арганізацыя 5 гадоў ліставалася зь дзяржаўнымі органамі, каб на беларускую мову былі перакладзены тэхнічныя талоны агляду аўтамабіля і Правілы дарожнага руху.

«Практычна ўсе яны гаварылі адно: ня трэба нічога перакладаць, бо ў нас дзьве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. Тады мы вырашылі, што грамадзкая арганізацыя, статутнай мэтай якой ёсьць папулярызацыя беларускай мовы, перакладзе ПДР сама», — кажа Анісім.

Як сказаў старшыня ТБМ Алег Трусаў, тэкст Правілаў ужо прайшоў экспэртызу ў Інстытуце беларускай мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: «Мы нават у канчатковым варыянце ўлічылі папраўкі, якія даў інстытут. Напрыклад, замянілі слова „ровар“ на „веласіпед“. У гэтым выпадку мы вырашылі пайсьці на кампраміс, бо словы і „ровар“, і „веласіпед“ зьяўляюцца запазычанымі ў беларускай мове».

Нацыянальны цэнтар прававой інфармацыі таксама зрабіў свой, неафіцыйны, пераклад ПДР на беларускую мову. Пра гэта паведамілі ў лісце з ДАІ. У той жа час Алег Трусаў падкрэсьліў, што пераклад ПДР на беларускую мову, адрозна ад перакладу цэнтру, зьяўляецца, па-першае, працай з улікам грамадзкай думкі, па-другое, ён ужо прайшоў экспэртызу ў Інстытуце беларускай мовы і літаратуры.

Трусаў назваў праведзеную працу ўнікальнай: «Ніколі яшчэ Беларусь ня мела Правілаў дарожнага руху на беларускай мове. Спробы іх стварыць былі ў 1930-я гады мінулага стагодзьдзя. Аднак які там быў дарожны рух?».

Да пачатку наступнага тыдня пераклад ПДР плянуецца прадставіць у НЦПІ і ДАІ.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG