Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ падтрымае беларускую апазыцыю, але не прапануе дадатковай дапамогі


Штэфан Фюле
Штэфан Фюле
Такі галоўны пасыл прамовы ў Брусэлі эўракамісара ў пытаньнях пашырэньня Штэфана Фюле аб пэрспэктывах беларуска-эўрапейскага супрацоўніцтва. Эўракамісар, аднак, падкрэсьліў, што Эўропа хоча бачыць беларускую апазыцыю аб'яднанай. Пры гэтым Фюле зазначыў, што Брусэль застаецца адкрытым для дыялёгу аб спрашчэньні візавага рэжыму.

Эўракамісар Штэфан Фюле выклаў сваё бачаньне будучыні адносінаў ЭЗ зь Беларусьсю амаль праз год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і хвалі рэпрэсіяў супраць нязгодных зь іх вынікамі. У сваёй прамове ён зазначыў, што Эўропа адкрытая для супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, але не прапанаваў новай дапамогі.

Ён адзначыў, што аб’ём дапамогі, якая прадстаўляецца беларускай грамадзянскай супольнасьці складзе агулам 19 млн. 300 тыс. эўра за пэрыяд 2011-2013 гадоў, і што Эўрапейскі фонд за дэмакратыю мог бы прапанаваць дадатковыя сродкі, як толькі атрымае згоду ад дзяржаў-чальцоў.
Грамадзянская супольнасьць, незалежныя СМІ і палітычная апазыцыя ня змогуць дамагчыся пераменаў у адзіночку

Ён таксама заклікаў беларускую апазыцыю аб’яднацца і імкнуцца да пашырэньня сваёй базы:

«У рэшце рэшт, грамадзянская супольнасьць, незалежныя СМІ і палітычная апазыцыя ня змогуць дамагчыся пераменаў у адзіночку. Яны павінны задзейнічаць больш шырокае расчараваньне ў краіне, у тым ліку і сярод „намэнклятуры“. Гэта быў галоўны ўрок трансфармацыі ў Цэнтральнай Эўропе. Акрамя зьнешніх умоваў, для зьменаў вельмі важна, каб аўтакратыі разбураліся знутры».

Штэфан Фюле адзначыў, што прапановы ЭЗ па спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю і лібэралізацыі візавага рэжыму, засталіся на парадку дня двухбаковых стасункаў, але беларускія ўлады да гэтага часу не праявілі інтарэсу да іх:

«Я павінен адзначыць, што мы чакалі рэакцыі беларускіх уладаў на наш запыт для заключэньня такіх пагадненьняў на працягу многіх месяцаў. Гэта само па сабе было б значным крокам, дапамагаючы пашырэньню чалавечых кантактаў і абмену ідэямі паміж нашымі грамадзянамі. Але як толькі такое пагадненьне будзе дасягнутае, няма ніякіх прычын, каб мы не маглі пайсьці яшчэ далей, да бязьвізавага рэжыму, як нашай канчатковай мэты».
Далейшае супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі немагчымае, пакуль яны не выконваюць шэраг палітычных умоваў, якія не падлягаюць абмеркаваньню

ЭЗ увёў абмежавальныя меры, такіх як візавыя забароны і замарожваньне актываў, для больш чым 200 прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якія маюць дачыненьне да рэпрэсіяў супраць апазыцыі пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Фюле сказаў, што гэтыя меры будуць дзейнічаць да таго часу, пакуль ў Беларусі не адбудзецца заўважальных зьменаў:

«Далейшае двухбаковае супрацоўніцтва зь беларускімі ўладамі немагчымае, пакуль яны не выконваюць шэраг палітычных умоваў, якія не падлягаюць абмеркаваньню — размова ідзе пра прагрэс у галіне правоў чалавека і вызваленьні і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных».

Прамова Фюле прагучала 7 сьнежня 2011 г. у Бруселі, дзе прайшла экспэртная канфэрэнцыя пад назвай «Трансфармаваньне Беларусі: шляхі дасягненьня», арганізаваная супольнымі намаганьнямі навуковага цэнтру «Карнэгі Эўропа», «Офісу за дэмакратычную Беларусь» і Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG