Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць выпускніку з эўрапейскай адукацыяй у Беларусі?


Рыгор Мінянкоў
Рыгор Мінянкоў
Эўрапейская праграма «Адкрытая Эўропа» выдзяляе стыпэндыі для беларускіх студэнтаў для адукацыі за мяжой. Наколькі запатрабаваная эўрапейская адукацыя ў сёньняшняй Беларусі?

Госьць Свабоды — прафэсар Рыгор Мінянкоў, дэкан бакаляўрскай школы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які месьціцца ў Вільні.

Цяперашняя праграма Эўракамісіі разьлічаная на маладых беларусаў, якія атрымалі сярэднюю адукацыю, і хочуць вучыцца на бакаляўра ў краінах Эўразьвязу, альбо ў асацыяваных краінах — такіх, як Нарвэгія. Паводле вашых назіраньняў, якой колькасьці маладых беларусаў узровень сярэдняй адукацыі дазваляе адразу пачаць навучаньне ў нейкім эўрапейскім унівэрсытэце?

Цяжка адказаць, бо, як вядома, зараз узровень сярэдняй адукацыі вельмі зьнізіўся, мы гэта адчуваем і па студэнтах, якія прыходзяць да нас вучыцца. Таму ўсё будзе залежаць ад падрыхтоўкі беларускіх навучэнцаў, колькі яны будуць вучыцца на бакаляўраў. Як правіла, гэта тры гады, у нашым выпадку, думаю, чатыры, трэба будзе вывучаць добра замежную мову, каб на ёй вучыцца. Таму цяжкасьці будуць для выпускнікоў нашых школаў.

Калі вы кажаце, што заўважаеце пагаршэньне ўзроўню адукацыі, што найперш кідаецца ў вочы?

Катастрафічна зьнізіўся ўзровень агульнай гуманітарнай падрыхтоўкі, і мы, напрыклад, апошнія 2 гады пашырылі агульнагуманітаныя курсы, бо бяз гэтага немагчыма атрымаць добрую адукацыю ў сфэры сацыяльных і гуманітарных навук. Трэба мець добрую аснову, а яе няма. Яшчэ некалькі гадоў таму было лепш.

А наконт моўнага бар’еру? Ёсьць думка, што за часы незалежнасьці палепшылася моўнае навучаньне ў беларускіх школах?

Вядома, павысілася, нельга адмаўляць. Але моўная падрыхтоўка — гэта ня проста вывучэньне мовы па падручніках. Тут вельмі важна ўключэньне ў кантэксты іншага жыцьця, бо мова гэта ня проста словы і правілы, гэта культура. І наколькі цяпер беларускія школьнікі атрымоўваюць гэтыя веды, наколькі яны могуць уключацца ў кантакты са сваімі замежнымі сябрамі — я думаю, гэта праблема. У нас большасьць абітурыентаў прыходзіць зь неблагой ангельскай мовай, і, тым ня менш, мы пачынаем вучыць іх той ангельскай мове, якая зьяўляецца жывой у Эўропе.

Прадстаўнікі праграмы кажуць, што яе можна разглядаць як дапаўненьне той праграмы, якая ажыцьцяўляецца Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам у Вільні. А ці можна ў межах гэтай праграмы паступіць у ЭГУ?

На жаль, не. Гэтая праграма распаўсюджваецца на ўсе эўрапейскія ўнівэрсытэты, акрамя нашага, таму што наш ужо мае дапамогу, але выпускнікі нашых бакаляўрскіх праграм, калі яны захочуць вучыцца ў магістратуры эўрапейскіх унівэрсытэтаў, таксама змогуць прэтэндаваць на дапамогу гэтага фонду. Але толькі калі яны будуць вучыцца ня ў нашым унівэрсытэце.

Праграма разьлічаная на тое, што яе ўдзельнікі па заканчэньні адукацыі вернуцца ў Беларусь. Але наколькі эўрапейская адукацыя цяпер запатрабаваная і ўжывальная ў Беларусі? Да прыкладу, юрыст зь ведамі цяперашняга эўразьвязаўскага права, наколькі патрэбны ў беларускай сыстэме?

Думаю, ня вельмі. Але тут ёсьць іншая праблема: калі выпускнікі атрымаюць ступень бакаляўра, яна ў Беларусі пакуль не прызнаецца. Але, думаю, маладыя людзі, якія атрымаюць ступень бакаляўра ці магістра ў Эўропе, зь цягам часу вернуцца ў Беларусь, калі зьменяцца абставіны, і будуць тут мець вельмі шырокія кар’ерныя магчымасьці зь іх ведамі. Але ў будучыні. Зараз, вядома, гэта праблема.

Ці шмат выпускнікоў ЭГУ па заканчэньні вучобы знаходзяць працу ў Беларусі?

Працэнтаў 30-40, але толькі ў прыватным сэктары.

Цалкам гутарку слухаць тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG