Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ: "Турцыя, як і ўсе, была б абвязаная падтрымаць санкцыі супраць Беларусі"


Пасол Турцыі ў Беларусі заявіў, што яго краіна не далучыцца да санкцый Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі ў выпадку, калі стане сябрам ЭЗ. Паводле эўрапейскіх крытэраў, самой Турцыі для ўступленьня ў ЭЗ спатрэбіцца яшчэ як найменей дзясятак гадоў.

"У сувязі з магчымым у будучыні сяброўствам Турцыі ў Эўразьвязе Турцыя прытрымліваецца агульнай палітыкі ЭЗ, у тым ліку палітыкі бясьпекі. Тым ня менш, у тым, што тычыцца Беларусі, мы зробім выключэньне, - цытуе Інтэрфакс словы Дж.Н.Азкая на прэс-канфэрэнцыі ў Менску. - Мы верым у тое, што неабходна разьвіваць супрацоўніцтва і дыялёг".

Дж.Н.Азкая дадаў, што ў ЭЗ ведаюць аб гэтай пазыцыі Турцыі ў адносінах да Беларусі.

Радыё Свабода зьвязалася з Маяй Кацыянчыч, прэсавым сакратаром вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Кэтрын Эштан, і папрасіла яе пракамэнтаваць гэтае выказваньне турэцкага амбасадара. Мая Кацыянчыч сказала, што ўсё краіны-сябры абавязаныя выконваць пастановы ў сфэры супольнай замежнай палітыкі, якія прымаюцца вярхоўнымі органамі Эўразьвязу, і што з гэтага правіла няма выключэньня.

Перамовы паміж Турцыяй і Эўразьвязам аб уступленьні ў ЭЗ доўжацца ад 2005 году. Кіраўніцтва Эўразьвязу сьцьвярджае, што запатрабуецца яшчэ як найменей дзясятак гадоў, каб праверыць адпаведнасьць Турцыі ўсім 36 крытэрам уступленьня ў ЭЗ. Пакуль што абмяркоўваюцца толькі 13 крытэраў, і толькі па адным зь іх прынятае рашэньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG