Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Ўсход — перадам, да Захаду — задам


Нацыянальны банк
Нацыянальны банк
Нямецкі «Deutsche Bank» і францускі «BNP Paribas» спыняюць супрацоўніцтва з урадам Беларусі ў справе разьмяшчэньня беларускіх дзяржаўных аблігацый. Цэнтральныя банкі Нямеччыны і Францыі сталі чарговымі буйнымі фінансавымі ўстановамі, якая згортваюць кантакты зь беларускім рэжымам з палітычных прычынаў — у жніўні мараторый на кантакты зь Менскам наклаў брытанскі «Royal Bank of Scotland». Між тым у самой Беларусі экспэрты не выключаюць чыстак у банкаўскай галіне. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прымусіць банкі «павярнуцца тварам да дзяржавы». І асабліва падкрэсьліў, што перадусім гэта тычыцца банкаў з замежным капіталам.

Пазыцыя «Deutsche Bank» сфармуляваная ў лісьце на імя кіраўніцтва брытанскай праваабарончай арганізацыі «Index on Censorship», якая супрацьстаіць парушэньню правоў чалавека ў дыктатарскіх краінах. Паведамляецца, што рашэньне спыніць прыцягненьне капіталу ад імя ўраду Беларусі прынятае пасьля сустрэчы вышэйшага кіраўніцтва Нямеччыны з прадстаўнікамі арганізацый «Index on Censorship» і «Free Belarus Now», якія выступаюць ад імя беларускіх палітзьняволеных і іх сем’яў.

Рашучасьці такому кроку дадала сустрэча ў Варшаве падчас нядаўняга саміту «Ўсходняга партнэрства» канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель і лідэра кампаніі «Free Belarus Now» Ірыны Багданавай, сястры зьняволенага экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Выслухаўшы суразмоўніцу, спадарыня Мэркель запэўніла, што яе краіна больш ня будзе інвэставаць у беларускі рэжым.

Францускі «BNP Paribas» праз сваю прэсавую службу таксама пацьвердзіў, што выключае ўсякае фінансавае супрацоўніцтва з афіцыйным Менскам. Пакуль што ніяк не адрэагаваў на заклікі праваабаронцаў расейскі «Сбербанк», які быў адным з чатырох чальцоў міжнароднага сындыкату ў справе продажу беларускіх дзяржаўных аблігацый на суму блізу 2 мільярдаў даляраў. Наадварот, «Сбербанк» пацьвердзіў рашэньне выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 1 мільярд даляраў пад заклад акцыяў заводу «Нафтан».

Фінансавы кансультант Сяргей Чалы лічыць крок буйных эўрапейскіх фінансавых інстытутаў збольшага прыпозьненым, бо грошы за эўрабонды Беларусь ужо атрымала. Але можна казаць пра адчувальны ўдар па іміджы Беларусі — у жніўні аналягічным чынам на крытыку за хаўрус з апошнім эўрапейскім дыктатарам адрэагаваў Каралеўскі банк Шатляндыі:
Які канкрэтна ўдар нанесены эканоміцы Беларусі? Ніякі.

«Калі гаворка пра тое, што яны адмовіліся выконваць функцыі маркетмэйкераў, бо насамрэч удзельнічалі ў кансорцыюме па разьмяшчэньні беларускіх аблігацый, то гэта можа азначаць зьмяншэньне ліквіднасьці гэтых эўрабондаў. Хоць, шчыра кажучы, яны і цяпер ня надта ліквідныя. Але справа ў тым, што далей іх лёс нас на самой справе ўжо і не цікавіць, бо грошы за іх разьмяшчэньне Беларусь ужо атрымала. Усё, што ад Беларусі цяпер патрабуецца, гэта штоквартальна выплачваць купон. То бок — які канкрэтна ўдар нанесены эканоміцы Беларусі? Ніякі. Раней трэба было адмаўляцца ад удзелу ў якасьці мэнэджэраў разьмяшчэньня. А так…»

Карэспандэнт: «Але калі Беларусь зноў захоча разьмяшчаць эўрабонды?»

«Тады сытуацыя іншая, але справа ў тым, што пры той даходнасьці, якая ёсьць цяпер, было б шаленствам разьмяшчаць нешта новае. То бок гэта давялося б плаціць 15–20% даходнасьці, а зразумела, што ніхто пад такія працэнты грошы браць ня будзе».

Тым часам Аляксандар Лукашэнка падчас учорашняй сустрэчы са старшынёй праўленьня расейскага ВТБ-банку Андрэем Косьціным заявіў, што беларускія ўлады самі вырашаць, якія фінансавыя структуры лічыць сяброўскімі, а каго давядзецца прымусіць, каб разьвярнуўся тварам да дзяржавы:

«Я ня буду хаваць: у сувязі зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі ў нас на валютным рынку, мы вельмі сур’ёзна зоймемся банкамі і рынкавым спосабам усё ж паспрабуем павярнуць банкі тварам да дзяржавы. ВТБ-банк ня мае пакуль праблемаў такіх, як некаторыя іншыя, якія спрабуюць дыстанцыявацца ад таго, што адбываецца ў нас тут у Беларусі. Карацей, цяперашняя сытуацыя — гэта лякмусавая паперка ва ўзаемаадносінах з банкамі, з банкамі і расейскімі, і замежнымі. Мы, канечне, будзем старацца, каб ваш банк меў пэўныя перавагі ў Беларусі ў параўнаньні з тымі, хто ня вельмі нас разумее».

Экспэрты не выключаюць, што сытуацыю фактычнай ізаляцыі Беларусі на міжнародным фінансавым рынку пасьпяшаюцца скарыстаць расейскія банкіры. Беларускія ўлады, разумеючы марнасьць чаканьняў заходніх інвэстыцыяў у банкаўскую сфэру, вымушаныя ісьці на саступкі Расеі. Як прызнаецца супрацоўнік аднаго зь беларуска-расейскіх банкаў, шмат якія ўстановы з расейскім капіталам маюць карт-блянш на дзейнасьць, мала падкантрольную нават Нацыянальнаму банку:
Ды, шчыра кажучы, шмат на якія ўказы ці заявы яны проста плююць.

«Ды, шчыра кажучы, шмат на якія ўказы ці заявы яны проста плююць. За імі, відаць, стаяць такія людзі, супраць якіх не асабліва і папрэш. Самі разумееце, тыя ж „Сбербанк“, ВТБ-банк, з далёкага замежжа, як выключэньне, — „Райфайзэнбанк“ — гэта рэальныя кіты, якія могуць сабе дазволіць, фігуральна кажучы, нагой адчыняць дзьверы Нацбанку. Пры гэтым яшчэ могуць наехаць: маўляў, што вы тут яшчэ ад нас хочаце? Відавочна, што на такія паводзіны яны атрымалі ўзгадненьне ад галаўных банкаў, ад сваіх непасрэдных уладальнікаў, і працягваць ажыцьцяўляць любыя неабходныя ім апэрацыі. Асабліва гэта адчувалася падчас усялякіх забаронаў і абмежаваньняў з боку Нацбанку пасьля абвалу на валютным рынку. Тым больш — афіцыйнай забароны няма, а нейкія вусныя рэкамэндацыі яны папросту ігнаруюць. І тады, і цяпер».

З амаль чатырох дзясяткаў беларускіх банкаў замежны капітал прысутнічае ў трыццаці. Амаль на 90% — гэта грошы з Расеі, якія тамтэйшыя алігархі гатовыя выкарыстоўваць у працэсе прыватызацыі асобных галін прамысловасьці — перадусім, нафтахіміі — і якімі мусяць крэдытаваць фінансаёмістыя дзяржаўныя праграмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG