Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Польшчы: Анджэй Лепэр зьдзейсьніў самагубства


Анджэй Лепэр
Анджэй Лепэр
Цела Анджэя Лепэра знайшлі ўчора ўвечары ў варшаўскім офісе партыі “Самаабарона”, якую ён стварыў 11 гадоў таму і якой увесь гэты час кіраваў. Паводле сьледчых, палітык павесіўся ў пятніцу паміж 8:30 і 12 гадзінай, прычым удзел трэціх асобаў прадстаўнікі пракуратуры выключылі.

Сёньня а 13-й гадзіне паводле менскага часу варшаўская пракуратура афіцыйна пацьвердзіла факт самагубства, адзначыўшы, што папярэдняя і пакуль адзіная вэрсія – гэта фінансавыя клопаты Лепэра. Сьледчыя паведамілі таксама, што памерлы не пакінуў перадсьмяротнага ліста.

Анджэй Лепэр зрабіўся вядомы на пачатку 90-х, калі разам са сваімі калегамі-фэрмэрамі пачаў блякаваць дарогі ды дзяржаўныя ўстановы на знак пратэсту супраць раптоўнага падаражаньня крэдытаў на сельгасмашыны ды ўвогуле палітыкі ўраду ў галіне сельскай гаспадаркі.

У 2000 годзе Лепэр заснаваў партыю “Самаабарона Рэчыпаспалітай”, якая ўжо ў наступным годзе увайшла ў парлямэнт. Анджэй Лепер на пачатку быў віцэ-сьпікерам Сэйму, а потым, пасьля падпісаньня “Самаабаронай” пагадненьня аб кааліцыі з партыямі “Права і справядлівасьць” ды “Ліга польскіх сем’яў” стаў віцэ-прэм’ерам і міністрам сельскай гаспадаркі.

Аднак ў 2007 годзе пасьля некалькіх сур’ёзных скандалаў з Лепэрам у галоўнай ролі, кааліцыя распалася і былі абвешчаныя датэрміновыя выбары, у выніку якіх “Самаабарона” не атрымала патрэбныях 5% галасоў, каб патрапіць у парлямэнт.

Меркаваньні наконт ролі Лепэра ў польскай палітыцы падзеленыя. Адныя лічылі яго трыбунам, змагаром за правы пакрыўджаных, іншыя і такіх значна болей, цьвердзяць, што ён пагоршыў стандарты польскага парлямэнтарызму, увёўшы вулічныя звычкі ды мову у залю паседжаньняў Сэйму.

Анджэй Лепэр апошнім часам быў па-за галоўнымі падзеямі палітычнага жыцьця Польшчы. Паведамляецца, што сёлета ўвесну ён заснаваў фірму, якая павінна была займацца увядзеньнем польскага бізнэсу на беларускі рынак. Як вядома, Анджэй Лепэр неаднаразова наведваў Беларусь, у тым ліку і ў часе выбараў, і хваліў палітычны лад, што пануе ў нашай краіне.

У жніўні 2000 году Лепэр заявіў нават, што папросіць палітычнага прытулку ў Беларусі, калі суд не спыніць справу супраць яго за блякады дарогаў. Праз некалькі гадоў, у інтэрвію нашаму радыё, палітык прызнаўся, што гэта быў жарт.

Анджэю Лепэру было 57 гадоў. У яго засталіся жонка, дзьве дачкі і хворы сын.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG