Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Вагнарус: За спробы Вільні дагадзіць Менску, той расплачваецца ядзернай мінай


Гядзімінас Вагнарус, фота: delfi.lt
Гядзімінас Вагнарус, фота: delfi.lt
Былы прэм'ер-міністар Літвы (1991-1992, 1996-1999), старшыня Хрысьціянскай партыі Гядзімінас Вагнарус заклікае цяперашнія ўлады Літвы задумацца аб наступствах палітыкі патураньня ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Прапануем пераклад камэнтару Г.Вагнаруса на партале delfi.lt

Пара літоўскім уладам хоць бы самім сабе прызнацца: калі за 50 км ад Вільні (у Астраўцы) Менск пабудуе АЭС расейскага тыпу і будзе эксплюатаваць яе са сваімі сумнеўнымі магчымасьцямі без рэальнага міжнароднага кантролю, жыць у літоўскай сталіцы стане небясьпечна. Вільня страціла б эканамічную і сацыяльную прывабнасьць, а яе жыхары – яшчэ і спакой.

У выпадку сур'ёзнай аварыі такой АЭС, якой на жаль не пазьбегла нават Японія, узьнікла б пагроза захаваньня літоўскай нацыі ў Літве. Апрача таго, было б наіўна спадзявацца, што Менск або Масква выдзелілі б сотні мільярдаў даляраў на ліквідацыю наступстваў такой аварыі ў іншай краіне.

Відавочна і тое, што пакорлівае маўчаньне літоўскага ўраду і далейшае сябраваньне зь непажаданымі ў Эўропе кіраўнікамі менскага рэжыму ня могуць быць ацэненыя як адэкватная рэакцыя на іх авантурыстычныя атамныя амбіцыі за кошт бясьпекі літоўскай нацыі.
Жыць у літоўскай сталіцы стане небясьпечна.

Замест таго, каб падчас візыту дзяржсакратара ЗША публічна папрасіць урады краінаў НАТО і Эўразьвязу ўжыць эканамічныя і дыпляматычныя захады для стрыманьня Менску, кіраўнік літоўскага ўраду толькі публічна паскардзіўся на недахопы з будоўляй Астравецкай АЭС, відавочна спадзеючыся, што гэтая, як і іншыя праблемы краіны, нібыта вырашыцца сама сабою. Дарэчы, міністэрства аховы асяродзьдзя і іншыя міністэрствы пасьпяшаліся больш сур'ёзна ўжыць міжнародныя сродкі толькі пасьля таго, як Хрысьціянская партыя ў сойме ў сакавіку сёлета афіцыйна зьвярнулася да прэм'ер-міністра ў сувязі з пасіўнай рэакцыяй на небясьпечныя ядзерныя пляны Менску.

Хоць Беларусь хранічна не пасьпявае плаціць за энэргарэсурсы Расеі, апошняя, як нядаўна было паведамлена журналістам, усё роўна зьбіраецца выдаць Беларусі крэдыт на пабудову расейскіх атамных рэактараў каля самай Вільні. Калі Расея мае намер патраціць мільярды даляраў на абсталяваньне стратнай АЭС не ў сваёй краіне, а ў Беларусі, якая дэманструе сваю няздольнасьць, гэта ўжо сьведчыць не пра камэрцыйны праект, а пра палітычную гульню, у якой нехта, відаць, плянуе рукамі менскага рэжыму, які не адчувае ніякай адказнасьці, накінуць наморднік Літве і Эўразьвязу.

Калі лідэры Эўразьвязу ўсяляк ціснуць на недэмакратычны рэжым у Менску, кіраўнікі Літвы ўжо пару гадоў дэманструюць у дачыненьні да яго выключную прыхільнасьць.
Гэта ўжо сьведчыць не пра камэрцыйны праект, а пра палітычную гульню.

Эўракамісія абвяшчае фінансавыя і візавыя санкцыі ў дачыненьні да высокіх беларускіх чыноўнікаў, а Літва абменьваецца зь імі візытамі, нават пасылае свайго прэм'ера паезьдзіць на ровары па беларускіх прасёлках. Свабодная Эўропа стараецца дапамагаць перасьледванай беларускай апазыцыі, а афіцыйная Вільня падчас выбараў ускосна падтрымлівае цяперашні рэжым. Вільня нават выступіла супраць эканамічных санкцыяў у дачыненьні да Менску, апраўдваючы гэта магчымай шкодай для звычайных беларускіх грамадзянаў, нібыта дэмакратычнай Эўропе да іх няма ніякай справы.

Можа палітычнаму кіраўніцтву Літвы пара нарэшце ўспомніць пра свой непасрэдны абавязак і пачаць рэальна бараніць жыцьцёвыя інтарэсы сваіх грамадзянаў, асабліва пасьля таго, як агрэсіўны сусед з нашай прыязнай палітыкі адкрыта насьмяяўся. Як і трэба было чакаць, за пакорлівую прыязнасьць Менск расплаціўся зь Вільняй адкрытай варожасьцю – аднабаковым рашэньнем збудаваць побач зь літоўскай сталіцай небясьпечную АЭС, своеасаблівую ядзерную міну.

Вядома, Літве неабходна захоўваць сяброўскія дачыненьні з усімі суседзямі. Аднак цяперашнія дачыненьні паміж Менскам і Вільняй ніяк нельга дацягнуць да стандартаў звычайнай прыязнасьці, бо ў іх адлюстроўваюцца патураньне аднаго боку (Вільні) варожай дзейнасьці другога (Менску). Такое аднабаковае патураньне толькі заахвочвае афіцыйны Менск, мякка кажучы, ігнараваць жыцьцёвыя інтарэсы Літвы, не зьвяртаць увагі на бесхрыбетную суседку.

Калі назіраеш за палітыкай літоўскага ўраду і адкрытай пазыцыяй у дачыненьні да беларускіх уладаў, складаецца ўражаньне, што міністар замежных справаў і
За пакорлівую прыязнасьць Менск расплаціўся зь Вільняй адкрытай варожасьцю.

кіраўнік кабінэту міністраў не наважваюцца крытыкаваць варожых дзеяньняў прэзыдэнта Беларусі, быццам бы апошняму быў нададзены статус палітычнай недатыкальнасьці. Такая патуральная пазыцыя асабліва зьдзіўляе пасьля таго, як кіраўнікам Літвы не хапіла належнай цярплівасьці ў дачыненьнях з прэзыдэнтам стратэгічнага партнэра – Злучаных Штатаў, ад якога ў вялікай ступені залежаць мільярднай вартасьці міжнародныя місіі паветранай паліцыі і іншыя неацэнныя праграмы шчыта бясьпекі НАТО для Літвы.

Магчыма, палітычныя памылкі ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам узьнікаюць з-за палітычных сымпатыяў кіраўнікоў краіны або асабістых амбіцыяў адыйсьці ад палітыкі папярэднікаў. Аднак і ў гэткім выпадку асабістыя сымпатыі і амбіцыі ня мусілі б засланіць жыцьцёвыя інтарэсы краіны і абавязкі ўладаў даць адпор небясьпечным намерам безадказнага суседа.

Даводзіцца шкадаваць, што цяперашнія лідэры кіроўнай партыі Саюз Айчыны - Хрысьціянскія дэмакраты Літвы адмаўляюцца ня толькі ад традыцыйных правых каштоўнасьцяў, але і ад заходняй геапалітычнай арыентацыі. Няўжо палітычнай сьмеласьці ім хапае толькі на шанаваньне дзяржаўных сымбаляў і гістарычных падзеяў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG