Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны саюз пачынае гандлёвыя войны


Мытны саюз Расеі, Беларусі і Казахстану закрыў доступ на свой рынак для 28 кампаніяў з Украіны, якія пастаўлялі прадукцыю жывёлагадоўлі, -- паведамілі ў сераду ўкраінскія СМІ са спасылкай на расейскую Фэдэральную службу вэтэрынарнага і фітасанітарнага нагляду.

Кіеўская прэса і апазыцыя ацэньваюць гэты крок як абвяшчэньне гандлёвай вайны.

Абмежаваньні Мытнага саюзу носяць часовы характар. Расейцы заявілі, што яны ўведзеныя пасьля нарады вэтэрынарных інспэкцыяў Расеі, Беларусі і Казахстану і кантролю ўкраінскіх прадпрыемстваў, якія -- як сказана -- не адпавядаюць санітарным нормам, якія дзейнічаюць у рамках Мытнага саюзу.

На прыстасаваньне да гэтых стандартаў украінскім кампаніям дадзены месяц. Права на пастаўкі мясной прадукцыі захавалі за сабой толькі тры кампаніі ва Ўкраіне.

"Расея пачала гандлёвую вайну супраць Украіны" – пад такім загалоўкам падала навіну пра абмежаваньні паставак незалежная інтэрнэт-газэта «Украінская праўда».

Расея пачала гандлёвую вайну з мэтай уцягнуць Украіну ў Мытны саюз і перакрыць ёй шлях у ЭЗ.
«Расея пачала гандлёвую вайну з мэтай уцягнуць Украіну ў Мытны саюз і перакрыць ёй шлях у ЭЗ», -- заявіў апазыцыйны парлямэнтар Юры Кастэнка.

На думку ўкраінскіх экспэртаў, ужываючы такія захады, Расея заклікае Кіеў далучыцца да Мытнага саюзу і выйсьці зь перамоўнага працэсу дзеля стварэньні зоны вольнага гандлю паміж Украінай і ЭЗ. Пагадненьне пра зону зьяўляецца часткай дамовы аб асацыяцыі паміж Украінай і ЭЗ, якая можа быць падпісаная да канца году.

У чэрвені ўкраінская прэса паведаміла, што ў адказ на адмову Кіева ад уступленьня ў Мытны саюз, Расея, Беларусь і Казахстан падрыхтавалі сьпіс «непажаданых» украінскіх тавараў.

У красавіку далучыцца да Мытнага саюзу ў Кіеве заклікаў прэм'ер-міністар Расеі Пуцін. У сакавіку Пуцін папярэдзіў, што стварэньне зоны вольнага гандлю Ўкраіны з ЭЗ прывядзе да закрыцьця ўкраінскай мяжы з Расеяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG