Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інвалід Канстанцін Каплін: «Я прыйшоў засьведчыць сваю грамадзянскую пазыцыю»


Гарадзенец Канстанцін Каплін быў затрыманы міліцыяй падчас «маўклівай» акцыі ў Горадні 3 ліпеня. Быў асуджаны судом Ленінскага раёна на 1 мільён 50 тысяч рублёў. Сьведка-міліцыянт паказаў у судзе, што ён разам зь іншымі ўдзельнікамі акцыі браў удзел у несанкцыянаваным шэсьці і пляскаў у далоні. Канстанцін Каплін — інвалід, у яго замест аднае рукі — пратэз.

Карэспандэнт: «Косьця, чаму ты прыйшоў на гэтую акцыю?»

Каплін: «Перш за ўсё, каб засьведчыцьць сваю грамадзянскую пазыцыю, бо калі 17 гадоў адзін чалавек пры ўладзе — гэта ўжо катастрофа для нашае краіны. Калі яшчэ некалькі гадоў я гэтага не разумеў, то цяпер гэта відавочна».

Карэспандэнт: «Ты ўпершыню на такой акцыі?».

Каплін: «Так».

Карэспандэнт: «І якія адчуваньні, уражаньні...»

Каплін: «Вельмі цікавыя адчуваньні. Шмат людзей, я нават не чакаў, а калі ўсе пачынаюць пляскаць у далоні... І нас было 100, 200, 300, а 22-га выйшла каля 3 тысяч — гэта незабыўныя ўражаньні».

Карэспандэнт: «Я так разумею, што ты і першы раз трапіў у суд?».

Каплін: «Суды я ведаю, паколькі сам юрыст, працаваў там да 1998 году, але наколькі разумею з тых часоў там нічога не зьмянілася. Гэта, як мясарубка — з аднаго боку цябе засунулі, а з другога выкінулі і забыліся».
Гэта, як мясарубка — з аднаго боку цябе засунулі, а з другога выкінулі.

Карэспандэнт: «А як бацькі паставіліся да твайго затрыманьня?»

Каплін: «Напачатку не паверылі, а калі ў панядзелак пайшлі ў суд, то там убачылі побач з будынкам каля сотні людзей, і тады бацька стаў разумець, што так адбылося. Ён зайшоў разам са мною да судзьдзі, сядзеў, слухаў, але калі сьведка-міліцыянт пачаў казаць, што я пляскаў у далоні, ён ня вытрымаў і па-мойму нагрубіў, судзьдзя яго спыніла...»

Карэспандэнт: «А як твае бацькі ставяцца да цяперашняй улады?»

Каплін: «У цэлым , я думаю, што яны лукашысты, хаця апошнім часам бачаць, што адбываецца нешта ня тое».

Карэспандэнт: «А якім было ўражаньне сьведкі-міліцыянта, калі ён зразумеў, што ты ня мог пляскаць у далоні?»

Каплін: «Ён напачатку разгубіўся, зразумеў, што нешта ня тое, але хутка ўзяў сябе ў рукі і ўжо даваў паказаньні, што я біў сябе ў грудзі. Яны, відаць, адчуваюць беcпакаранасьць».
Ён напачатку разгубіўся, зразумеў, што нешта ня тое, але хутка ўзяў сябе ў рукі і ўжо даваў паказаньні, што я біў сябе ў грудзі.

Карэспандэнт: «Косьця, а дзе ты працуеш?»

Каплін: «Цяпер нідзе не працую, пляную паступіць на курсы бухгальтараў-эканамістаў. Раней працаваў у выканкаме, але там не задавальняў ні заробак, ні атмасфэра, у якой даводзілася знаходзіцца».

Карэспандэнт: «А інваліднасьць у цябе даўно?»

Каплін: «Так, з шасьці гадоў, мяне ўдарыла токам...»

Карэспандэнт: «А якую пэнсію маеш?»

Каплін: «Цяпер з усімі пералікамі — 670 тысяч». Цікаўлюся кампутарамі, хачу стаць праграмістам, люблю фатаграфаваць, яшчэ зьбіраю маркі«.

Карэспандэнт: «Свой далейшы лёс ты зьвязваеш зь Беларусьсю, ці ўсё ж табе хацелася б жыць у іншым месцы?»

Каплін: «Пакуль я не пляную зьяжджаць, бо тут ёсьць магчымасьць павучыцца, яшчэ сытуацыя дазваляе, але калі такая палітыка будзе працягвацца надалей, то давядзецца над нечым задумацца».

Глядзець камэнтары (6)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG