Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Бурчаць нават самыя адданыя прыхільнікі Лукашэнкі…"


Урад абяцае праіндэксаваць заробкі ў бюджэтнай сфэры й пэнсіі людзям старэйшага ўзросту. Некаторыя свае праіндэксаваныя зарплаты ўжо атрымалі; іншыя толькі чакаюць падвышаных заробкаў і пэнсіяў. Як рэагуюць людзі на тое, якім чынам урад спрабуе абараніць іх ва ўмовах крызісу?

ВІЦЕБШЧЫНА


Прыбаўкі да заробкаў і пэнсіі хопіць толькі на адзін раз схадзіць у краму

Настаўнік зь Бешанковіцкага раёну Георгій Станкевіч мяркуе атрымаць каля 60 тысяч рублёў так званай індэксацыі бюджэтнага заробку. Вялікай радасьці гэткая пэрспэктыва не выклікае:

"Гэта радасьць такая, адносная: раз схадзіў у краму, і індэксацыі няма! Кошты ж падняліся на колькі адсоткаў? Я разумею, што на розныя прадукты — па-рознаму, але ў сярэднім — у два разы, ня менш. Так што дабаўка гэтая — толькі схадзіць раз у краму, ды можа яшчэ й не хапіць! 60 тысяч — гэта зусім сьмешна. Гэта нешта такое: "Адчапіцеся, людзі! Мы нібыта пра вас падумалі, і нібыта вам нешта дабавілі…".

На 1% інфляцыі настаўнікам дадалі па адной тысячы рублёў…

Георгій Станкевіч жартуе, што на 1% інфляцыі бюджэтнікам дадалі па адной тысячы рублёў. Ягоных калегаў-настаўнікаў гэткая разавая кампэнсацыя доўгатэрміновага і стабільнага падвышэньня цэнаў амаль не хвалюе: яны непакояцца, ці заплоцяць ім адпускныя за два летнія месяцы, на якія яны мусяць жыць аж да наступнага навучальнага году:

"Настаўнікі ўсе гавораць: "Хоць бы аддалі нам адпускныя, хоць бы не затрымалі". А то ж могуць і часткамі аддаваць, некалькі месяцаў. Летась давалі цалкам, але было такое пазалетась, ці гады тры таму, што часткамі, — гэта ж вялікія сродкі, а сродкаў у дзяржавы не хапае… Калі ты трымаеш у руках усе грошы, то можаш нешта такое зрабіць — ці паедзеш некуды, ці нешта набудзеш. А не — дык і сыходзяць усе грошы, як той казаў, як вада ў пясок, дый усё!".

Віцебская пэнсіянэрка спадарыня Галіна яшчэ не атрымала тую пэнсію, якую ўрад абяцаў падвысіць прыкладна на 14%. Бо не чакае, што гэта неяк істотна палепшыць яе дабрабыт:

"Забралі шмат, а аддадуць дробязь"

"Не чакаю зусім! Бо памятаю арытмэтыку яшчэ са школы. Будзе тысяч на 60—70 болей, дык іх можна за адзін дзень спусьціць… Вось у мяне ў кашальку 75 тысяч зараз, а трэба да 10-га дажыць. Так што далі трошкі, а ўзялі шмат. Дык што мне тая дабаўка!".

Спадарыня Галіна кажа, што цэны растуць штодня, і невядома, што сёньня падаражэе ў краме ці на кірмашы. Таму яна не бярэцца казаць, што зможа сабе дазволіць за "дабаўленыя" грошы:

"Ну, можа, куплю пральны парашок… І то ён, кажуць, дужа дарагі цяпер стаў. Ай, цяпер нешта плянаваць ня мае сэнсу! А ёсьць жа некаторыя, што радуюцца: "Во, нам жа дабавілі…". Гэта ж колькі на сьвеце трэба пражыць, каб зразумець: тваё жыцьцё залежыць толькі ад цябе самога — ад твайго канкрэтнага выбару!".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"У людзей настрой даволі смутны"

Абяцаную ўладамі дапамогу ў сувязі зь фінансавым крызісам найменш сацыяльна абароненыя грамадзяне на Гарадзеншчыне пакуль не адчулі.

Настаўніца з Смаргонскага раёну, спадарыня Валянціна, распавядае, што пакуль надбаўкі да заробку яна і калегі не атрымалі, ходзяць толькі размовы пра гэта. І, дарэчы, зь яе слоў, у настаўніцкай гэтая тэма абмяркоўваецца найчасьцей.

А яшчэ настаўнікі даволі часта даюць адзін аднаму парады, як выжываць у гэтай сытуацыі.

Спадарыня: "Многія кінуліся ў гаспадарку, садзяць гароды, часьцей наведваюцца ў вёску, бо нават тыя, хто атрымліваў больш за мільён, скардзяцца, што грошай нестае. Такіх плянаў, што нехта паедзе на поўдзень, да мора — ужо блізка не чуваць".

Спадарыня Валянціна кажа яшчэ, што апошнім часам нават самыя адданыя прэзыдэнту Лукашэнку настаўнікі пачалі абурацца тым, што піша "Советская Белоруссия".

Спадарыня: "Нават яны цяпер крэкчуць: нехта асьцярожна ў прыватных размовах выказвае незадаволенасьць, нехта абураецца адкрыта, бо атрымліваюць "Советскую Белоруссию" і чытаюць там, што ў нас цэны не падвышаюцца, а наадварот".

Іван Шэга
Лекар са Слоніма, апазыцыйны актывіст Іван Шэга таксама распавядае, што лекары дагэтуль не атрымалі дабаўкі да заробку і што настрой у людзей даволі сумны. Зь яго слоў, апошнім часам шмат хто зь ягоных калегаў паглядзеў на жыцьцё па-іншаму.

"Праклёны гавораць людзі адкрыта, бо цяжка і надта цяжка кожнаму"

Шэга: "Пакуль яшчэ людзі будуць працаваць і за гэтыя заробкі, а там далей, то невядома, можа, што і пачнуць рабіць. Гэта ня толькі для ўлады пахмельны сындром, але і для нашага электарату. Цяпер ужо ўсе ведаюць, што да чаго, бо кожны на сабе адчувае".

Пэнсіянэрка, спадарыня Юзэфа з Зэльвы, нават не хацела гаварыць пра тое, якую пэнсію атрымлівае, а толькі выказала тое, што на душы:

Спадарыня: "Ой… праклёны гавораць людзі адкрыта, бо цяжка і надта цяжка, стогнуць людзі. Гэтыя цэны так ужо шуганулі, а ён апраўдваецца, што ня ён, што і людзі нібыта толькі 1% яго вінавацяць, але гэта няпраўда — гэта ўсё лганства".


ГОМЕЛЬШЧЫНА


Заява ў пракуратуру: "Дзе мае 13 працэнтаў?"

На Гомельшчыне абяцаную ўладамі з 1 чэрвеня індэксацыю пэнсіяў правялі выбарачна.

У мястэчку Парычы Сьветлагорскага раёну жыве сям’я інвалідаў — Павал Давыдзенка й ягоная жонка Ева. Спадарыні Еве дадалі ў чэрвені некалькі дзясяткаў тысяч, і зараз яна, інвалід 2 групы, атрымала 500 тысяч рублёў. Мужу Паўлу, інваліду Чарнобылю, пэнсію не падвышалі:

"Атрымаў у мінулую пятніцу. Мне плацяць працоўную пэнсію, значыць, мне павінна быць дабаўка тых 13 працэнтаў, што Лукашэнка абяцаў. Мне гэтай дабаўкі не зрабілі — ніякай абсалютна. Я зьдзіўляюся, што яшчэ ня вылічылі, Гэтым разам нічога ня ўрэзалі, усё засталося на месцы. Але дабаўкі — ніякай".

З прычыны адсутнасьці абяцанай індэксацыі пэнсіі Павал Давыдзенка зьвярнуўся да раённага пракурора:

Павал Давыдзенка
"Я патэлефанаваў пракурору. Кажу: калі ласка, разьбярыцеся, што за бюракратычная сыстэма ў краіне. Дзе мае 13 працэнтаў? Так наўпрост і сказаў пракурору: дзе яны?".

На прадпрыемствах і ў арганізацыях людзі таксама непакояцца за абяцаную індэксацыю заробкаў.

Адзін з працаўнікоў камунальнага прадпрыемства "Водаканал" засьведчыў, што ніхто з кіраўнікоў афіцыйна не абвяшчаў пра нейкае падвышэньне заробкаў:

"Ніякай афіцыйнай інфармацыі няма, але ходзяць чуткі, што 30 тысяч беларускіх рублёў нам дабавяць да заробку. Але гэта, паўтару, на ўзроўні чутак. Афіцыйна ніхто нічога ня кажа. Грошай катастрафічна не хапае. Мы ўжо грашовыя ўклады зьнялі, каб неяк працягнуць. Тым больш што жонка ў мяне ў дэкрэтным адпачынку".

Працаўнікі "Гомсельмаша" нават ня чулі , што магчымыя падвышэньні заробкаў.

Рабочыя й кіраўнікі сярэдняга зьвяна найбуйнейшага ў рэгіёне прадпрыемства "Гомсельмаш" таксама ня чулі, што ў іх будуць нейкія істотныя падвышэньні заробкаў.

Яшчэ да травеньскага абвалу рубля генэральны дырэктар аб’яднаньня Валер Жмайлік на сустрэчах з калектывамі абвяшчаў, што сёлета машынабудаўнікі могуць разьлічваць на 10—15-адсоткавае падвышэньне заробкаў — і ня больш за тое. Праўда, старшыня прафкаму "Гомсельмаша" Пётар Ахраменка днямі на паседжаньні абласной рады па працоўных і сацыяльных пытаньнях заяўляў, што ў чэрвені калектыву маюць падвысіць заробкі на 30 адсоткаў.

Аднак працоўным "Гомсельмашу", у тым ліку й кіраўнікам нізавога зьвяна, гэта засталося невядомым. Апавядае майстар аднаго з падразьдзяленьняў аб'яднаньня:

"Не, такога ня чулі. Сказалі, на 10—15 працэнтаў падвысяць заробак. Гэта нічога ня варта — кропля ў моры. Гэта Жмайлік зьбіраў на ЗЛІНе рабочых і расказваў пра пэрспэктывы і пра тое, што плянуецца падвышэньне заробкаў на 10—15 адсоткаў. Але тады яшчэ не было абвалу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG