Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Класкоўская: У сына ёсьць сілы трымацца


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Cамы вялікі тэрмін зьняволеньня пракурор Кірыл Чубкавец папрасіў для Аляксандра Класкоўскага – восем з паловай гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Аляксандар - былы супрацоўнік міліцыі. Знаходзіцца пад вартай у турме КДБ. Ягоная маці Людміла Класкоўская ня верыць у справядлівы прысуд.





Вячаслаў Ракіцкі: Кажуць, што вера зьнікае апошняй. Вы спадзеяцеся на нейкі цуд у справе вашага сына: на апраўданьне ці хоць бы зьмякчэньне прысуду?

Людміла Класкоўская: Хутчэй не, чым так. Бо калі я назірала за пракурорам, калі слухала ягоныя беспадстаўныя абвінавачаньні, бачыла ягоныя вочы, якія бегалі, я зразумела, што ў пракурора ня стане прафэсійнай мужнасьці, каб вынесьці справядлівыя прысуды. Пра гэта, дарэчы, сказаў у судзе і мой сын Аляксандар. Застаецца крыху надзеі, што такі бесчалавечны прысуд судзьдзя можа і ня вынесьці, бо за што Сашу так караць? Што ён - бандыт, забойца, злачынца? Ну, выйшаў на плошчу праявіў сваю грамадзянскую пазыцыю, і калі суд лічыць, што ён вінаваты, дайце яму хаця б умоўны тэрмін. Няхай ён робіць добрыя справы, гадуе траіх сваіх дзяцей, будуе сабе жыльлё. Ведаеце самі, што турма яшчэ нікога не зрабіла чалавекам: там руйнуюцца людзкія лёсы.

Ракіцкі: Як трымаецца сын у няволі? Як ягонае здароўе, псыхалягічны стан?

Класкоўская: Я яго бачыла некалькі дзён на судзе - зьнешне мне ён не зусім падабаецца, бо вельмі сумныя вочы. І калі ён глядзіць на родных, суму там вельмі шмат, і ў мяне пачынаюць ліцца сьлёзы. Але ягоныя апошнія словы мяне, калі можна так сказаць, радуюць, і даюць нейкія сілы жыць з пэўнай надзеяй. Ён не зламаўся, ён сказаў, што не адчувае сябе вінаватым, зусім не прызнае віну. І я бачу, што ў ім яшчэ ёсьць сілы і мужнасьць трымацца. Адзінае, што ён піша ў лістах - што вельмі хвалюецца за лёс сваіх дзяцей.

Ракіцкі: Аляксандар – шматдзетны бацька. З кім, дзе зараз ягоная жонка, дзеці? Як яны пераносяць адсутнасьць бацькі, мужа? За што жывуць?

Класкоўская: Яны вымушаныя былі пераехаць зь дзецьмі ў Бялынічы. Аляксей, якому 11 гадоў, і Даша, якой 7 гадоў, ходзяць там у мясцовую школу, а маленькі сядзіць з маці і бабуляй. Жывуць яны ў бацькоўскай хаце Натальлі, маці на пэнсіі, бацька яшчэ гады 2 будзе працаваць. Дапамагаем мы, чым можам, сваякі, сябры і проста незнаёмыя людзі. Таму яны неяк трымаюцца, але з улікам таго, што такі тэрмін, зразумела, што на гэтыя ахвяраваньні цяжка будзе пражыць. Старэйшыя дзеці ведаюць, дзе бацька, малы ўсё чакае яго з Масквы, куды ён паехаў у рэйс, каб прывезьці яму падарункі. А старэйшы нядаўна зайшоў на сайт Хартыі, убачыў партрэт бацькі ў клетцы і закрычаў: "Мама, паглядзі: наш бацька такі худы і вельмі сумны!" Але чакаюць, хаця мы ім патлумачылі, што тата, напэўна, ня хутка вернецца.

Ракіцкі: Натуральна, Вы будзеце сёньня ў судзе на зачытваньні прысуду. Што скажаце сыну, калі будзе такая аказія?

Класкоўская: Як Саша заявіў у сваім апошнім слове, там быў не "бясчынны натоўп", як сьцьвярджае пракурор, а там была беларуская нацыя. І ён, мой сын, ганарыцца, што быў сярод такіх людзей. Я яму таксама скажу: "Сынок. трымайся! Мы з табой, з тваёй сям'ёй, мы ніколі цябе не пакінем. Не хвалюйся за дзетак, мы будзем цябе вельмі чакаць. Як у пасланьні Пушкіна да дзекабрыстаў: "Во глубине сибирских руд храните гордое терпенье!..." Што яшчэ яму застаецца? Цярпеньня і толькі цярпеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG