Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валюты ўсё адно няма: ні дарагой, ні таннай


Якім быў першы дзень працы банкаў ва ўмовах самастойнага вызначэньня валютных курсаў? Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах сьведчаць: істотных зьменаў не адбылося. Учора людзі не маглі купіць даляры па 3100 рублёў. Сёньня гэтак жа ня могуць купіць па 4000. Пра гэта — у рэгіянальным аглядзе "Свабоды".

ВІЦЕБШЧЫНА


"Амаль ніхто не сумняваецца, што зь цягам часу валюта яшчэ больш падаражэе, і ў мянялаў, і ў банках"

Да абеду 11 траўня толькі тры банкі ў Віцебску адмянілі абмежаваньні валютных курсаў. У адзін зь іх, Белгазпрамбанк, спадар Віталь прынёс здаваць расейскія рублі, адразу 17 тысяч. Курс — 145 беларускіх рублёў за адзін расейскі, самы высокі на сёньняшні дзень у Віцебску, кажа хлопец:

"Таньнее наш беларускі рубель! Затое чэргаў цяпер ня будзе. У прынцыпе, па чорным курсе так і раней было — 143—145 за расейскі рубель. Тут курс самы высокі ў Віцебску сёньня".

На расейскія рублі, якія толькі што памяняў спадар Віталь, за 15 хвілін пакупнікоў так і не знайшлося. Рост курсу шмат для каго быў нечаканы: наведнікі дзівіліся, што даляры можна здаць за 3950 рублёў, а набыць — па 4 тысячы рублёў.

Валюты ў РРБ-банку няма па-ранейшаму

У абменным пункце РРБ-банку даляр купляюць па 3980 рублёў, але не прадаюць.
У цэнтры Віцебску, у абменным пункце РРБ-банку, даляр яшчэ даражэйшы: яго гатовыя купіць па 3980 рублёў. Але валюты на продаж усё адно няма, кажа супрацоўніца:

"Не, валюты няма! Толькі вось, скажам, на валютны крэдыт прыйшлі 100 даляраў, вось яны ляжаць. Але я ня маю права іх прадаваць. Толькі хтось нешта здае — дык іншыя адразу купляюць".

Каля гэтага абменьніка чакаюць усяго два-тры чалавекі, якія хочуць набыць валюту па ўжо новым, высокім курсе.

У аддзяленьні Беларусбанку курс ранейшы, 3037 за даляр, але прадаваць няма чаго.

А вось у аддзяленьні Беларусбанку цераз дарогу — па-ранейшаму вялікія чэргі. Курс тут ранейшы: 3037 беларускіх рублёў за даляр дае банк, і па 3040 рублёў анансуе продаж. Але прадаваць няма чаго — ні эўра, ні даляраў, ні расейскіх рублёў у касе няма. А людзі па-ранейшаму чакаюць, уладкаваўшыся хто на прыступках, хто на падваконьні.

Пакідаць свае месцы ніхто не зьбіраецца, хоць пра падвышэньне курсаў у іншых банках чулі ўсе. Спадарыня сярэдняга веку кажа, што будуць чакаць тут, спадзеючыся, што Беларусбанк таксама падвысіць курс і валюта зьявіцца:

"Гэта яшчэ дзень-два, не хвалюйцеся, мы ўжо ўсё ведаем! І сюды людзі пойдуць, гэта ж ужо афіцыйна перадалі. Толькі, мусіць, яшчэ ня ўсе пра гэта чулі".

Тыя, хто дзяжурыць у чарзе, выдатна разумеюць: з 11 траўня здаваць валюту людзі пойдуць у тыя банкі, дзе яе купляюць даражэй. Але ўсе ж спадзяюцца, што грошы прыйдзе здаваць той, хто нічога ня чуў пра падвышэньне, і тады набыць валюту будзе выгадна…

Праўда, цяпер мала хто нясе свае даляры ці эўра ў банкі: нехта супрацоўнічае з валютчыкамі, якія купляюць іх па чорным курсе, а нехта прыхоўвае замежныя грошы да лепшых часоў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Наяўная валюта не зьявілася

Курс валюты ў гарадзенскіх банках падвысілі пераважна пасьля дванаццатай гадзіны дня. Даляр сталі купляць па 3900 рублёў, прадаваць — па 4000. Аднак наяўнай валюты не зьявілася. Каля абменьніка Нацбанку на вуліцы Карбышава чакалі тры чалавекі, малады спадар прызнаўся:

"Падняць — паднялі курс у абменьніках паўсюль, але ў продажы яе няма. Я схадзіў у БПС-банк, бо тут казалі, што валюта нібыта ёсьць у продажы, але там абверглі. Кажуць, нідзе ў Беларусі няма яе: курс паднялі, так, але яна не зьявілася. Ім далі выразныя ўказаньні, каб працавалі ў тым рэжыме, у якім банкі працавалі, то бок скуплялі валюту ў насельніцтва і прадавалі толькі тую, што купілі".

Карэспандэнт: "Як даўно вы тут чакаеце?".

Малады спадар: "Ад сёмай раніцы, здалі пакуль толькі дзесяць тысяч расейскіх рублёў. Па тавар маці трэба на рынак у Маскву, яна прадпрымальніца. А там адмаўляюцца нашы грошы мяняць".

Я наведаў БПС-банк на вуліцы Тэлеграфнай. Там, сапраўды, ля акенца не было ніводнага чалавека. Касірка пацьвердзіла, што валюты няма.

У філіі Беларусбанку на вуліцы Ажэшкі ў чарзе ў валютную касу стаяла чалавек сем.

Мы з учорашняга вечара стаім, на вуліцы ноччу чакалі, замерзьлі…
Спадарыня
: "Купіць тут чарга стаіць, мы з учорашняга вечару стаім, на вуліцы ноччу чакалі, замерзьлі".

Карэспандэнт: "Першыя сто даляраў здаюць зараз?".

Спадарыня: "Не, ня першыя, з раніцы ўжо адну сотку здалі".

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Усюды чэргі, усюды людзі абураюцца, выказваюць незадавальненьне палітыкай Лукашэнкі й ягонай сьвіты"

Да паўдня гомельскія банкі, за рэдкім выключэньнем, адрэагавалі на рашэньне Нацбанку адпусьціць курс беларускага рубля. Нязьменным ён заставаўся, бадай, толькі ў аддзяленьнях Беларусбанку, у прыватнасьці — на вуліцы Песіна, і ў разьлікова-касавым цэнтры Белаграпрамбанку на вуліцы Рагачоўскай.

Апэратар Беларусбанку патлумачыла, што курс эўра ў іх нават панізіўся ў параўнаньні з учорашнім. Тут прымалі эўра па 4480 беларускіх рублёў, даляр — па 3120 рублёў. На продаж валюты ні ў Беларусбанку, ні ў Белаграпрамбанку няма.

У іншых абменьніках даляр прымалі па 3990, эўра — па 5570 беларускіх рублёў. Прадавалі адпаведна па 4000 і 5790 рублёў. Аднак, нягледзячы на новы курс, на продаж валюты нідзе не было.

Апавядае маладая гамяльчанка, якая бавіла час ля бюро банкаўскіх паслуг Белпрамбудбанку на вуліцы Савецкай:

"Ён толькі што зьявіўся — новы курс. Толькі што. Пакуль стаю ў чарзе, чакаю. З раніцы стаю. Людзі, відаць, яшчэ ня ведаюць. Яшчэ пакуль гэты курс для ўсіх — сюрпрыз".

Насельніцтва ня кінулася здаваць ні даляры, ні эўра
Але й праз гадзіну ніякіх зрухаў у абменьніку Белпрамбудбанку не назіралася. Ніякай валюты ў свой абменьнік банк не прывёз, і насельніцтва таксама ня кінулася здаваць ні даляры, ні эўра.

У філіяле банку "Масква-Менск", які месьціцца насупраць, таксама выстаўлены новы курс беларускага рубля ў дачыненьні да даляра й эўра. І расейскі рубель тут прымалі па новым курсе: 145 беларускіх за расейскі рубель. Аднак купіць хоць нейкую валюту ў маскоўска-менскім банку таксама было немажліва.

Прадпрымальнік Няпомняшчых ходзіць з бэджыкам: "Куплю нестабільную валюту"

У гэтым пераканаўся й гомельскі прадпрымальнік Уладзімер Няпомняшчых, які кажа, што з раніцы ў пошуках хоць якой валюты аб’ехаў паўгораду:

"Я абышоў некалькі банкаў — Беларусбанк, але там стары курс. Зараз вось прыйшоў у банк "Масква-Менск". Курс падняўся да 4-х тысяч, але валюты як не было, так і няма. Мне тэрмінова трэба купіць даляры альбо "расею" — любую валюту, каб пазбавіцца ад "зайцоў", якія хутка скачуць. Учора адстаяў разам з жонкай ля абменьніка Беларусбанку, і мы за дзень змаглі купіць толькі 850 расейскіх рублёў і 30 даляраў. Усюды чэргі, усюды людзі абураюцца, выказваюць незадавальненьне палітыкай Лукашэнкі й ягонай сьвіты".

Прадпрымальнік скардзіцца, што няма валюты, каб купіць тавар
Прадпрымальнік кажа, што падаткі трэба плаціць рэгулярна, а тавар без валюты нельга купіць нават у Расеі:

"Няма валюты, каб купіць тавар. Думаем ужо скарачаць аб’ёмы працы альбо, хутчэй за ўсё, здаваць ліцэнзію і ехаць працаваць у Расею ці ва Ўкраіну — працаваць на тых людзей, якія даюць разьвівацца бізнэсу. Раз нашаму Лукашэнку нічога ня трэба, значыць, будзем працаваць не для свайго народу й сваёй дзяржавы, а на іншую дзяржаву".

Тэхнабанк: курс новы — чэргі старыя

У абменьніку Тэхнабанку, што месьціцца побач з галоўным уваходам унівэрмагу, даляр прымалі па самым высокім курсе — 3999 рублёў. Аднак і тут валюты ў продажы не было — людзі запісваліся ў чаргу, каб набыць што-кольвечы з валюты, якую, магчыма, да вечару нехта й здасьць у абменьнік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG