Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцягваньне Беларусі


Дэйвід Марплз
Дэйвід Марплз
Чытаючы Лукаса

Днямі на нашым сайце быў апублікаваны пераклад артыкулу
«У чым Захад памыляецца наконт Беларусі?» міжнароднага рэдактара Economist Эдварда Лукаса. Гэты тэкст спарадзіў зацікаўленую дыскусію на нашым сайце.

Мы запрапанавалі экспэртам з розных краін сьвету паўдзельнічаць у гэтай дыскусіі, выказаць свае меркаваньні як наконт артыкулу сп. Лукаса, гэтак і наконт праблемы, якую ён фармулюе.


Дэйвід Марплз, канадзкі гісторык і палітоляг, прафэсар Унівэрсытэту Альбэрты ў Эдмантане

Артыкул Эдварда Лукаса пра Беларусь уяўляе сабою добра напісаны і забаўны палемічны тэкст, але яго прадпасылкі і высновы крыху зьбіваюць з панталыку. Па-першае, аўтар у ніводным месцы ня піша, што ён разумее пад тэрмінамі «Захад» і «замежная грамадзкая думка». Ці трэба думаць, што існуе такі пункт погляду, які спалучае ў адно бачаньне ўсіх заходніх краінаў, і што гэтыя краіны дасягнулі кансэнсусу па Беларусі? Няма дастатковых доказаў, што так сталася. Нават у Эўразьвязе існуюць супрацьлеглыя погляды наконт таго, ці трэба ўцягваць Беларусь. Злучаныя Штаты і Эўразьвяз рэдка спрачаюцца на публіцы, але таксама рэдка іхныя погляды на замежную палітыку дакладна супадаюць.

Адзін чыньнік, які напэўна дамінуе ў палітыцы некаторых заходніх урадаў – так было і ў Канадзе, пакуль прэм’ер-міністрам ня стаў Стывэн Гарпэр – гэта адсутнасьць зацікаўленасьці Беларусьсю. У Канады былі добра наладжаныя сувязі з Украінай дзякуючы вялікай украінскай дыяспары, і яна таксама выяўляла пэўны інтарэс да Расеі з увагі на зацікаўленасьць абедзьвюх краінаў здабываньнем нафты і газу.
Заклапочанасьць Беларусьсю ня мае доўгай гісторыі.
Канада ня мела ніякіх сувязяў зь Беларусьсю і зьвяртала няшмат увагі на тое, што там адбывалася. Заклапочанасьць Беларусьсю ў Эўропе таксама ня мае доўгай гісторыі. Верагодна, спадар Лукас гаворыць аб Эўразьвязе і Злучаных Штатах, асабліва калі мець на ўвазе ягоныя высновы і спасылкі на адміністрацыю Джорджа Буша-малодшага. Давайце прымем такое дапушчэньне дзеля далейшага абмеркаваньня.

Калі сказаць папросту, дык, на думку Лукаса, Злучаныя Штаты і Эўразьвяз, шакаваныя рэпрэсіямі і махінацыямі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі, засяродзіліся на апазыцыі і зрабілі памылку, паставіўшы знак роўнасьці паміж беларускай нацыянальнай сьвядомасьцю і апазыцыяй супраць «аўтакратыі». Беларусь занадта саветызаваная краіна, каб зьвяртаць большую ўвагу на «стракатую мешаніну» лідэраў апазыцыі – хоць аўтар лічыць карысным вызваленьне Андрэя Саньнікава з турмы – і патрабуе «праніклівага вока». Ёсьць доля праўды ў гэтых сьцьвярджэньнях, і ў пачатку 1990-х палітыкі кшталту Зянона Пазьняка балюча пераканаліся, што беларусы не гатовыя прыняць нейкую форму этнічнага нацыяналізму.

Магчыма, найбольш павярхоўнай часткай палемікі Лукаса зьяўляецца ягоная крытыка заходніх аналітыкаў за іх няздольнасьць раскрыць віноўнікаў бомбавай атакі ў менскім мэтро 11 красавіка. Зь якога часу аналітыкі сталі сьледчымі? І чаму трэба чакаць ад іх, як тых у Вашынгтоне, так і тых у Парыжы, разгадкі таямніцы, якая, як выглядае, зьбівае з тропу і беларускае КДБ? Як звычайна раскрываюць віноўнікаў тэрарыстычных актаў? А так, што яны самі прызнаюцца. Тут ніхто гэтага не зрабіў. Было б значна горш, калі б аналітыкі пачалі рабіць розныя здагадкі, ня маючы дзеля гэтага ніякіх доказаў.

Каштоўным у палемічным артыкуле Лукаса зьяўляецца ягоны разгляд Усходняга партнэрства як нечага, што складаецца зь вельмі розных суб’ектаў. Аднак ня трэба забываць, чаму гэтае партнэрства было створанае і якая яго сувязь з расейска-грузінскай вайной. Шмат якія краіны былі занепакоеныя магчымасьцю далейшых расейскіх захопаў, а партнэрства прапанавала негвалтоўны варыянт разьвіцьця адносін. Аднак у даўжэйшай пэрспэктыве Ўсходняе партнэрства, хутчэй за ўсё, зьвяне.

Я не знаходжу нічога няправільнага ў высновах Лукаса адносна гандлю зь Беларусьсю і пакараньня няўступчывых кіраўнікоў гэтай краіны. Але што ў гэтым новага? Абодва захады якраз цяпер і выкарыстоўваюцца.
Як і чаму Лукашэнку ўдавалася застацца пры ўладзе 17 гадоў?
Насамрэч, аліўкавая галінка, якую прынесьлі ў Беларусь міністры замежных спраў Польшчы і Нямеччыны (пазыка ЭЗ у абмен на дэмакратычныя выбары) і іх гнеў потым, пасьля падзеяў на плошчы Незалежнасьці 19-20 сьнежня, якія прывялі да ўзнаўленьня і пашырэньня візавых санкцый супраць беларускіх кіраўнікоў, зьяўляюцца прыкладамі як аднаго, так і другога.

Іншая справа, як і чаму Лукашэнку ўдавалася застацца пры ўладзе на працягу амаль 17 гадоў. Шмат было напісана аб тым, што прэзыдэнт зьяўляецца выказьнікам настрояў значнай часткі электарату, што Беларусь знайшла свой уласны шлях эканамічнага разьвіцьця ды што кіраваная дзяржавай эканоміка і нацыянальная напорыстасьць у адносінах з Расеяй дазволілі беларусам дасягнуць уражальнага эканамічнага росту і высокага ўзроўню жыцьця, пазьбягаючы пры гэтым тэрарызму, грамадзянскіх і зьнешніх войнаў.

Але рэальнасьць такая, што кароткатэрміновы дабрабыт быў дасягнуты пры дапамозе ўжо мёртвай палітыкі, заснаванай выключна на выкарыстаньні танных энэргарэсурсаў з Расеі, якія больш ужо не даступныя. Прэзыдэнт у цяперашні час нагадвае жабрака, які бегае з адной сталіцы ў іншую выпрошваць крэдыты – у Маскве зрабілі нават мультфільм, які паказвае яго ў гэтай ролі. Валютныя рэзэрвы краіны небясьпечна зьнізіліся, курс беларускага рубля надзвычай завышаны, а цэны ў 2011 годзе расьлі хутчэй, чым у любой іншай эўрапейскай краіне. Міт пра Лукашэнку як свайго роду эканамічнага чараўніка падышоў да няслаўнага канца.

Але што гэта нам паказвае? Беларусь – якая далёка не такі ўжо таямнічы аб'ект, якога немагчыма растлумачыць невукам з Захаду – стаіць перад сур'ёзнымі праблемамі. Кіраўніцтва Расіі, якое часта малявалі як няздольнае абыграць хітрага былога старшыню саўгасу ў Менску, проста чакала свайго часу. Наступная пазыка, з Крамля і з надзвычайнага фонду Эўразійскай эканамічнай супольнасьці (3 мільярды даляраў), будзе выдзеленая пад умовай, што Беларусь правядзе рэформы, гэта значыць, прыватызуе асноўныя галіны прамысловасьці.

А расейскія кампаніі толькі і чакаюць, каб ухапіць найбольш прыбытковыя прадпрыемствы ў гэтай прыватызацыі. Расея ўжо мае 50% "Белтрансгазу" і МАЗу (у выніку зьліцьця ў гэтым апошнім выпадку).
Лукашэнка - майстар як карыстацца гангстэрскім слэнгам, так і ставаць у позу.
Нашумелая беларуская АЭС каля літоўскай мяжы будзе будавацца за расейскія грошы і працаваць на расейскім паліве і тэхналёгіях, і яна ўжо фінансуецца з расейскага крэдыту. Вось гэтак выглядае плян беларускага кіраўніцтва пазьбегчы залежнасьці ад расейскай нафты і газу!

Гэта прыводзіць да памылковага меркаваньня, што скіданьне Лукашэнкі азначае канец незалежнасьці Беларусі, што толькі ён у змозе супрацьстаяць жорсткаму Пуціну і драпежным расейскім алігархам. Гэта праўда, што ён майстар як карыстацца гангстэрскім слэнгам, так і ставаць у позу. Але і без Лукашэнкі пры ўладзе ягоная спадчына застанецца, і гэта будзе ня толькі спадчына рэпрэсій і парушэньняў правоў чалавека. Гэта будзе спадчына таго, што прывяло ягоную краіну амаль да банкруцтва і празьмернай залежнасьці ад Масквы. Цяпер ужо запозна тлуміць сабе галаву пытаньнем, хто будзе другім прэзыдэнтам Беларусі.

Ці "Захад" заклапочаны гэтым? Калі так, і калі Захад азначае ў першую чаргу Эўразьвяз, дык яму было б лепш расчыніць свае дзьверы для Беларусі і Ўкраіны, незалежна ад таго, хто кіруе гэтымі краінамі, чым накладаць сьмяхотныя санкцыі і павялічваць аб'ёмы замежнага гандлю. Калі ЭЗ быў гатовы прапанаваць Лукашэнку 3,8 мільярда даляраў за правядзеньне адносна свабодных выбараў – і мала хто сумняваецца, што Лукашэнка гэтыя грошы атрымаў бы, калі б працяг гэтых выбараў ня быў такі гвалтоўны – дык якая лёгіка трымаць Беларусь па-за «суседзтвам»?

Карацей, ня выключана, што спадар Лукас уздымае некаторыя істотныя пытаньні, але ягоныя адказы вельмі туманныя. Заходнія аналітыкі па Беларусі – а я думаю, што ведаю іх усіх – рэдка калі дасягаюць кансэнсусу.
Чаму б не прапанаваць Беларусі поўнае сяброўства ў Эўразьвязе?
Беларусь, магчыма, унікальная тым, што яна не выклікае вялікіх дэбатаў, але гэта не абавязкова кепска. Зараз існуе значна больш цікавасьці да Беларусі ў Заходняй Эўропе і Паўночнай Амэрыцы, чым у 1991 ці нават 2006 годзе.

Па-другое, рашэньні, якія прапануе Лукас, ужо апрабоўваюцца на практыцы, але на сёньняшні дзень яны, як здаецца, ня маюць вялікіх шанцаў на посьпех. Лукашэнка прывёў Беларусь назад у абдымкі Расеі, магчыма, што і брыкаючыся па дарозе, але пры тым няўмольна і небясьпечна аслабляючы сваю краіну.

Адабраньне Беларусі ад Расеі можа быць магчымае, але толькі пры дапамозе самага радыкальнага захаду. Пакараньне не спрацавала. Узаемадзеяньне з апазыцыяй не спрацавала. Апазыцыя аслабленая ўнутранымі спрэчкамі, адсутнасьцю адзінства і адкрытымі рэпрэсіямі. Дык чаму б не прапанаваць Беларусі поўнае сяброўства ў Эўразьвязе, ведаючы, што на кон пастаўлена яе выжываньне?

Аднак малаверагодна, што ў Эўразьвязе знойдзецца дастаткова падтрымкі для сяброўства Беларусі бяз жорсткіх і непасільных для краіны патрабаваньняў. Эўразьвяз змагаецца з эканамічным крызысам у шэрагу краінаў, і час для такога рашэньня наўрад ці можа быць горшы. Але з другога боку – ці Эўразьвяз можа дазволіць сабе на чаканьне, калі ён сапраўды цэніць сваё суседзтва?

Аўтар акцэнтуе ўвагу на правале палітыкі Захаду ў адносінах да Беларусі. Але ключавым пытаньнем тут зьяўляецца правал Беларусі як новай дзяржавы і нацыі пад прэзыдэнцтвам Аляксандра Лукашэнкі. Лекаваньня Лукаса – абматаць пацыента бінтамі (ці, дакладней, дадаць больш бінтоў) – ужо недастаткова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG