Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці перавысіць афіцыйны курс даляра адзнаку ў 4000 рублеў на працягу месяца?


Прагноз экспэртаў



Пётар Марцаў, выдавец інтэрнэт-газэты БДГ:

— Я мяркую, што так. Я мяркую, што ён будзе 4100 у рэшце рэшт. Мы ўсе разумеем, што гэта палітычнае рашэньне. Фактычна дэвальвацыя ўжо даўно адбылася. Гэта трэба было рабіць раней, але мы так чакалі расейскага крэдыту. Я мяркую, што мы яго дачакаемся на працягу месяца.

Канстанцін Скуратовіч, аглядальнік газэты «Беларусы і рынак»:


— Павінна быць так, інакш у краіне ўсё спыніцца. Ужо зьнікаюць неабходныя імпартныя тавары, нават імпартныя лекі зьнікаюць, а бяз гэтага немагчыма жыць. Падобная сытуацыя была ў 1998 годзе, калі абменьнікі толькі прымалі валюту, а валюту грамадзянам не было дзе купіць, акрамя як у валютчыкаў. Калі я не памыляюся, тады неафіцыйны курс адрозьніваўся ад афіцыйнага ў паўтара разу. Цяпер людзі, якім трэба валюта, плацяць 5000-6000 за даляр.


Міхась Залескі, незалежны эканаміст:

Мой прагноз, што празь месяц афіцыйны курс будзе 8 тысяч рублёў за даляр. Гэта ж гульня, я так стаўлю. Тут жа ня можа быць ніякіх абгрунтаваньняў. Скажа ён 8 тысяч — будзе 8 тысяч, скажа 1 тысяча — будзе 1 тысяча, скажа 58 тысяч — будзе 58 тысяч. Мы маем справу з паранармальнай зьявай. І калі мы маем справу з ірацыянальнай зьявай, то можна толькі ірацыянальнымі дзеяньнямі яе сустракаць.

Прагноз Камароўкі


Спадарыня: «Ён не да чатырох, ён да шасьці падымецца. Бо я лічу, што ў нас эканомікі няма ніякай, а эканоміка — гэта навука, яе нельга указамі кіраваць і інфляцыю спыніць таксама нельга».

Юнак: «Я лічу, што да чатырох тысяч не падымецца. Дзесьці каля чатырох будзе, але крыху ніжэй — 3900, прыкладна так».

Спадарыня: «Канечне падвысіцца, на такім жа ўзроўні ён ня будзе трымацца. Бо ўсё ж набываць трэба, а бэнзын даражэе, прадукты даражэюць — ня будзе ж на гэтым узроўні».

Спадар: «Я лічу, што падвысіцца, бо курс беларускага рубля ў Прыбалтыцы адзін — у Літве, Латвіі, а ў Украіне — другі. Значыць сярэдні нейкі будзе».

Юначка: «Я думаю, што так — куды больш цягнуць. І акрамя шкадаваньня больш нічога не магу сказаць».

Спадар: «Зьменіцца і больш, чым на чатыры. У траўні месяцы. Я ведаю, бо працую ў такой галіне, якая дазваляе ведаць».

Юначка: «Я лічу, што не. Мне падаецца, што тры васемсот — гэта рэальная вартасьць даляра».

Юнак: «Афіцыйны? Так — у сярэдзіне месяца, пасьля таго, як будзе ўзятая пазыка. Бо гэтая незразумелая сытуацыя шкодзіць эканоміцы. Не хапае валюты для закупкі, і некаторыя прыватнікі нават спынілі працу».

Юначка: «Так, я думаю, што ён падымецца, але не да чатырох тысяч. Гэта будзе прыкладна адсоткаў 7-10. Бо, калі прасачыць ягоны рост і падзеньне цягам мінулых двух тыдняў, то можна спакойна меркаваць, што далей ён будзе рухацца паводле пракладзенага шляху».

Юнак: Я лічу, што ў нас ня можа падняцца такі высокі курс, бо тады нашай эканоміцы… Наступіць ёй… Ну, будзе вельмі цяжка".

Прагноз экспэртаў

Так — 3
Не — 0

Прагноз Камароўкі:

Так — 6
Не — 4
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG