Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень зь ВІЧ: "Мы нічога ня чулі пра аанаўскую праграму"


Паводле афіцыйных дадзеных, у беларускіх турмах на канец 2010 году налічвалася 1098 ВІЧ-інфікаваных зьняволеных. Гэта 15% ад колькасьці ўсіх носьбітаў ВІЧ, зарэгістраваных у краіне. Штогод у месцы пазбаўленьня волі ў Беларусі трапляюць прыблізна 100 ВІЧ-інфікаваных, большасьць зь іх наркаманы. "Нягледзячы на пагрозу распаўсюджваньня гэтай хваробы непасрэдна ў месцах пазбаўленьня волі, апошнім часам тут не было выяўлена аніводнага выпадку заражэньня СНІДам", — заявіў на адной з прэсавых канфэрэнцый намесьнік начальніка мэдычнай службы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) МУС Беларусі Васіль Завадзкі.

Як адчуваюць сябе ва ўмовах няволі гэтыя хворыя?

"ВІЧ-інфікаваныя вязьні трапілі ў штрафны ізалятар за адмову чысьціць бульбу"


Падставай для выбару сёньняшняй тэмы стаў ліст на "Свабоду" ад маці аднаго зь беларускіх асуджаных.

Мой сын паведаміў, што трох яго сяброў з атраду, якія маюць ВІЧ, прымусілі працаваць на кухні і чысьціць бульбу
"Мой сын паведаміў, што трох яго сяброў з атраду, якія маюць ВІЧ, прымусілі працаваць на кухні і чысьціць бульбу, піша маці зьняволенага Міколы. Такога раней ніколі не было. Хлопцы адмовіліся на той падставе, што давалі падпіску аб незаражэньні іншых людзей. За гэта рэжымнік пачаў абражаць іх, а потым кінуў у штрафны ізалятар, дзе сыра, холадна і ўсе ўмовы для разьвіцьця хваробы. Потым аднаго з хлопцаў адвезьлі ў турэмную бальніцу на Кальварыйскую, што бывае толькі ў самых выключных выпадках. Проста так на бальнічку не адвозяць. Вось так пры фінансавай дапамозе ААН, Глябальнага фонду ў нас "падтрымліваюць" зьняволеных са СНІДам".

Паводле палажэньняў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя (УААЗ), распаўсюд зьвестак пра тое, што чалавек хварэе на ВІЧ-СНІД, — гэта парушэньне мэдычнай этыкі. Зь іншага боку, паводле законаў сваёй субкультуры ВІЧ-інфікаваныя самі мусяць паведаміць пра свой статус і да таго ж несьці адказнасьць за незаражэньне сваёй хваробай іншых.

"Падхапіць ВІЧ у турме і там жа памерці ад СНІДу цалкам рэальна"

30-гадовы ВІЧ-інфікаваны Слава, які ўтрымліваецца ў адной з калёній на поўдні Беларусі, свой статус ні ад кога не хавае. У яго атрадзе такія ж, як ён, ВІЧ-інфікаваныя жывуць побач з тымі, хто гэтай хваробы ня мае. Агульны тэрмін Славінага пакараньня — 3 гады. Сядзець засталося 2. Заразіўся ён гадоў пяць таму праз іголку.

Слава лічыць, што на зоне, і асабліва ў СІЗА, дзе чалавек яшчэ не прызнаны вінаватым, ёсьць усе ўмовы, каб падхапіць ВІЧ, а потым і прычакаць павольнай і пакутлівай сьмерці ад СНІДу"

Па-першае, гэта магчыма праз сродкі асабістай гігіены. Шмат каму не дазваляюць мець у камэры ўласную брытву ці манікюрныя прыналежнасьці. А таму даводзіцца карыстацца агульнымі.

Па-другое, ВІЧ можна падхапіць і праз іголку. Ва ўмовах карумпаванай пэнітэнцыярнай сыстэмы набыць дозу ў зоне цалкам магчыма.

Ці чуў Слава што-небудзь пра праект ПРААН "Прафіляктыка і лячэньне ВІЧ/СНІД у Рэспубліцы Беларусь"? У апошнія гады ў гэтых мэтах было асвоена 470 тысяч даляраў. Асноўная частка сродкаў пайшла на антырэтравірусныя прэпараты, якія дарагія нават для людзей на волі, таксама на стварэньне мэдычных лябараторыяў, набыцьцё 350 000 прэзэрватываў, на навучаньне лекараў турэмных шпіталяў і супрацоўнікаў турмаў, як ладзіць працу з такімі вязьнямі, як Слава, і дапамагаць ім жыць са сваёй хваробай у няволі.

"У турэмнікаў і зьняволеных рознае стаўленьне да хворых"

Слава: "Нічога пра гэтыя прэпараты мы ня ведаем, як і пра гэтую праграму. Па-другое, нас імкнуцца неяк адсунуць ад усяго гэтага, каб мы ня ведалі. У лепшым выпадку даюць звычайныя вітаміны. Калі тэмпэратура падымаецца, а мы да гэтага больш схільныя, атрымліваем мэдыкамэнты ў выпадку, калі яна больш за 40 градусаў. І то не таму, што мы са СНІД, а таму, што гэта агульны падыход да ўсіх, хто мае такую высокую тэмпэратуру".

36-гадовы Андрэй сядзіць у іншай калёніі. Ён ВІЧ ня мае, хоць трымаюць яго з хлопцамі, у якіх тыя ж праблемы, што і ў Славы. Паводле Андрэя, на іхняй зоне прыкладна 200 чалавек з ВІЧ.

"Пры мне знаёмыя асуджаныя зь ВІЧ паміралі, але не ў калёніі.Калі бачаць, што чалавеку зусім кепска, то яго вязуць у рэспубліканскі шпіталь у Менск. І потым мы даведваемся, што ён памёр".
Андрэй: "Вось учора размаўляў я з такім чалавекам. Яго якраз зь Менску з рэспубліканскага шпіталя прывезьлі, у яго такая колькасьць клетак СD4+, якая патрабуе ў любым выпадку тэрапіі. Аднак цягам пяці месяцаў ён так і ня мог дабіцца ні прэпаратаў, ні лячэньня. Пры мне знаёмыя асуджаныя зь ВІЧ паміралі. Але не ў калёніі, тут імкнуцца не псаваць статыстыку. Калі бачаць, што чалавеку кепска, то яго вязуць у рэспубліканскі шпіталь у Менск. І потым мы даведваемся, што ён памёр".

Што да стаўленьня людзей з атраду да ВІЧ-інфікаваных, то, паводле Андрэя, яно зусім нармальнае. Усе ядуць за адным сталом, мыюцца ў адной лазьні. Іншая справа — стаўленьне турэмнікаў. Раней хлопцаў з гепатытам ды ВІЧ ніколі не прыцягвалі да працы на кухні (на волі ўвогуле на кухні могуць працаваць выключна людзі з санітарнымі кніжкамі), а цяпер такое бывае. Хлопцаў, калі яны адмаўляюцца, каб не заразіць іншых, сапраўды могуць пакараць штрафным ізалятарам.

Андрэй: "Але ж гэтыя хлопцы — вельмі адказныя людзі. І ніколі не дапусьцяць, каб заразіць іншых. І ўсе давяраюць ім, прызвычаіліся да гэтага. Нават калі татуіроўкі тут робяць, дык асобныя ёсьць машынкі".

Лекар: "Заразіцца магчыма з-за адсутнасьці стэрыльнасьці"

Камэнтуючы сытуацыю, пра якую піша на "Свабоду" маці аднаго са зьняволеных — калі ВІЧ-інфікаваныя адмовіліся працаваць на кухні, а іх за гэта пакаралі карцэрам, колішні палітзьняволены і праваабаронца Цімох Дранчук адзначае:

Дранчук: "Я думаю, што праблема можа быць у тым, што ў некаторых заканадаўчых актах гэты момант не агавораны. Аднак дзеяньні гэтых людзей, паводле паняцьцяў ня толькі блатных, але і чалавечых, маюць рацыю. Гэтыя людзі ня толькі могуць, але і мусяць адмовіцца".

Якія пагрозы можа тоіць у сабе праца ВІЧ-інфікаваных на турэмнай кухні, ці могуць яны каго-небудзь заразіць, абіраючы бульбу? — пытаюся я ў менскага лекара-інфэкцыяніста Аляксандра.

Аляксандар: "Праз бульбу, у тым сэнсе, што яе абіраеш і раптам парэзаўся, то ты нікога не заразіш, не інфікуеш. Але вось верагоднасьць заражэньня праз нож ёсьць. Калі тваім нестэрылізаваным нажом парэзаўся яшчэ хтосьці. Тут мала нейкага мыцьця нажа і праціраньня яго сьпіртам. Да прыкладу, вядомыя самыя розныя выпадкі заражэньня ВІЧ на курортах былога савецкага Поўдня — на Каўказе, у Крыме, у іншых паўднёвых рэгіёнах Расеі ды Ўкраіны. Там ёсьць раёны, дзе інфікаваных ня меней, чым у Паўднёвай Афрыцы. І вось гэтыя наркаманы, яны колюць сабе, а потым іголкі спэцыяльна выкідаюць на пляж. Чалавек ідзе босы па пляжы, наступае на іголку, і ўсё.

Калі нажом ад бульбы парэзаўся ВІЧ-інфікаваны, каб гэтая інфэкцыя не распаўсюджвалася далей, нож трэба грунтоўна прастэрылізаваць, адпаведным спосабам стэрылізацыі. А гэта наўрад ці існуе ў тых установах".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG