Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз мае намер выдаткаваць болей сродкаў на дапамогу грамадзянскай супольнасьці


Штэфан Фюле
Штэфан Фюле
Эўрапейскі Зьвяз павялічыць дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасьці і насельніцтву, заявіў сябра Эўракамісіі Штэфан Фюле.

"Сёньняшняя сустрэча дае важную магчымасьць яшчэ раз прадэманстраваць салідарнасьць з насельніцтвам і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Яна дапаможа зрабіць, каб міжнародная дапамога ў гэты цяжкі пэрыяд была мэтанакіраваная, адрасная, эфэктыўная", — гаворыцца ў камюніке, распаўсюджаным ад імя Штэфана Фюле.

Нефармальная донарская канфэрэнцыя праходзіць 21 сакавіка ў Брусэлі.

Мэта канфэрэнцыі, адзначаецца ў паведамленьні Эўракамісіі, — стымуляваць дыскусію паміж фундатарамі і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Гэтая сустрэча — працяг той, якая адбылася 2 лютага ў Варшаве.

Тады Фюле абвясьціў, што Эўракамісія павялічыць фінансаваньне грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі з ужо выдзеленых 4 мільёнаў эўра да 15,6 млн. эўра ў 2011—2013 гг. Акрамя таго, 1,7 мільёна эўра накіраваныя на аказаньне тэрміновай дапамогі ахвярам рэпрэсіяў — гэта павялічвае агульны аб'ём адраснай дапамогі ЭЗ насельніцтву Беларусі да 17,3 млн. эўра, перадае Інтэрфакс.
XS
SM
MD
LG