Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Плошчы — у турму, з турмы — у КДБ


Мясцовыя аддзелы КДБ у рэгіёнах працягваюць выклікаць на допыты грамадзкіх актывістаў, якія раней удзельнічалі ў акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі. Таксама спэцслужбы перасьледуюць тых, хто браў удзел у мінулай выбарчай кампаніі на баку апазыцыі, ды незалежных назіральнікаў.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Маладафронтавец цьвердзіць, што яму помсьціць КДБ

Валянцін Лабачоў
У Магілёўскую абласную ўправу КДБ выклікалі актывіста партыі БНФ і сябра зарэгістраванай у Празе арганізацыі «Малады фронт» Валянціна Лабачова. Позву яму ўручылі напярэдадні ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Пад арыштам актывіст знаходзіўся сем сутак за акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі.

У гутарцы з карэспандэнтам «Свабоды» Валянцін Лабачоў падзяліўся сваім меркаваньнем, чаму ім зацікавілася беларуская спэцслужба:

«Яны вынесуць мне папярэджаньне за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Будуць патрабаваць, каб я спыніў сваю грамадзка-палітычную дзейнасьць. Яны не даруюць мне акцыі салідарнасьці ў Магілёве. Не даруюць яны мне й майго ранейшага патрабаваньня да КДБ, і таго, што я на сайце „Маладога фронту“ зьмясьціў артыкул з папярэджаньнем КДБ».

25 студзеня Валянцін Лабачоў з уласнай ініцыятывы хадзіў у абласную ўправу КДБ, каб дамагчыся ад камітэтчыкаў спыненьня перасьледу сваіх паплечнікаў. У гэтыя хвіліны допыт актывіста яшчэ ня скончыўся.

Пасьля скаргаў КДБ пачынае вяртаць актывістам забраную на ператрусах маёмасьць

Тым часам на Магілёўшчыне некаторым актывістам пачалі вяртаць рэчы, забраныя падчас студзеньскіх ператрусаў. Апазыцыянэры настойліва патрабавалі гэтага ад Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

Сыстэмны блёк кампутара вяртаюць былому сябру ініцыятыўнай групы Някляева Мікалаю Мяцеліцу з райцэнтру Бялынічы. Камітэтчыкі забралі маёмасьць 15 студзеня. Сказалі, што на праверку. Ад таго часу спадар Мяцеліца даймаў КДБ рэгулярнымі тэлефанаваньнямі. Урэшце свайго дамогся. Як кажа актывіст, тэхніку ён мусіць забраць з Магілёва асабіста:

«Сказалі, што я мушу сам прысутнічаць. Праверыць — ці ўсё ў парадку з сыстэмным блёкам. Таксама ўдакладнілі, што я мушу падпісаць нейкую паперу, што я ўсё забраў і прэтэнзіяў ня маю».

Падчас ператрусу, сьцьвярджае актывіст, камітэтчыкі шукалі грошы. Іх не знайшлі. Навошта забіралі тэхніку, зразумець ня можа:

«Калі так паразважаць: ну што ў мяне можа быць? Ну што? Нічога там крамольнага не было й няма, акрамя маіх фатаздымкаў асабістых і відэа. Ім проста далі каманду „фас“ — правесьці вобшук і забраць сыстэмнік».

Мікалай Мяцеліца падчас перадвыбарчай кампаніі арганізоўваў і праводзіў у Бялынічах агітацыйныя мерапрыемствы кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, зьбіраў подпісы ў ягоную падтрымку.

«Мой запіс — № 1 у Кнізе скаргаў і прапаноў УКДБ»

Вярнулі частку маёмасьці й бабруйскай актывістцы ініцыятыўнай групы Някляева Алене Мядзьведзевай. Яна напісала скаргу на КДБ:

«Яны дужа доўга шукалі кнігу скаргаў, якая павінна была ў іх знаходзіцца. Ледзь знайшлі яе. Мая скарга была пад першым нумарам. Я яшчэ пасьмяялася зь іх, што, маўляў, на вас скаргі ніхто ня піша. Я напісала, што ў мяне мадэм гэты ўзяты ў крэдыт і я за яго плачу грошы. У выпадку, калі мне яго ня вернуць, яны будуць плаціць абанэнцкую плату і сам крэдыт. А я на іх падам у суд. Па скарзе яны мяне выклікалі й аддалі мадэм», — кажа Алена Мядзьведзева.

У КДБ, кажа актывістка, засталася дужа каштоўная для яе кніга Валера Карбалевіча «Лукашэнка. Палітычны партрэт». Няма зьвестак у яе і пра лёс забраных летась у траўні двух кампутараў і пяцісот даляраў. Скаргі яна паслала месяц таму.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Галоўная рада апазыцыйнага Саюзу палякаў зьвярнулася да прэзыдэнта Польшчы

Андрэй Пачобут
З адзінаццатага лютага гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут адбывае пятнаццаць сутак арышту. Гэта пакараньне за знаходжаньне на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня ў Менску, дзе Андрэй Пачобут выконваў рэдакцыйнае заданьне «Gazety Wyborczej», на якую працуе. Судзілі яго ў Кастрычніцкім раённым судзе Менску. Спачатку журналіста пакаралі штрафам. Гэта не задаволіла пракуратуру, таму справа была накіраваная ў той жа суд на новы разгляд.

Андрэй Пачобут узначальвае Галоўную раду апазыцыйнага Саюзу палякаў.

Рада прыняла зварот да прэзыдэнта Польшчы Браніслава Камароўскага. Яго просяць паспрыяць таму, каб сытуацыя вакол Саюзу палякаў не пагаршалася, каб па магчымасьці выпусьцілі А.Пачобута, каб спыніліся рэпрэсіі адносна іншых сябраў і супраць самой арганізацыі.

Актывіст Саюзу палякаў Ігар Банцар удакладняе:

«Учора прэзыдэнт Польшчы атрымаў ліст, так што чакаем, што сёньня яны павінны нейкую пазыцыю выпрацаваную агучыць».

«Мы ведаем: кансультацыі трохбаковыя адбываюцца паміж прэзыдэнтам, прэм’ерам і міністрам замежных спраў Польшчы. Чакаем, якая будзе іхная рэакцыя».

Я пацікавіўся ў жонкі Андрэя Пачобута Аксаны, ці ведае яна пра тую падтрымку, якую выказваюць яе мужу замежныя палітыкі?

Аксана Пачобут: «Не, я сёньня нічога ня ведаю, дзеці кампутар зламалі. Я нікуды не выходжу, я адна з малым дома, а дачка ў школе. Таму ніякай інфармацыі ня маю. Вядома, мне прыемна, што нехта, акрамя мяне, пра яго думае».

Бацька быў арыштаваны, калі сын нарадзіўся. За кратамі ён і ў першы дзень нараджэньня сына

Аксана Пачобут дадае, што Андрэй разумеў: яго арыштуюць на пятнаццаць сутак. Праз гэта ён ня мог адзначыць зь сям’ёю першы дзень нараджэньня свайго малога сына Яраслава, кажа яна:

«Адзінаццатага ў яго быў суд, а дванаццатага малому быў год,— Яраславу. У тым годзе Андрэй таксама ў гэты час сядзеў. Якраз калі мы з радзільнага дому выпісваліся, ён ня мог нас забраць, таму што пасадзілі яго тады на пяць сутак, калі падзеі ў Івянцы былі. І цяпер таксама ён яшчэ за пару дзён мне сказаў, мы так падумалі, што яны назнарок так зрабілі, адцягнулі, таму што дома мы размаўлялі пастаянна — вось дзень нараджэньня будзе першы. Ну, і Андрэй зрабіў выснову, што, напэўна, вырашылі так яшчэ раз удар зрабіць па нашай сям’і — якраз на дзень нараджэньня малога ў бацькі першыя суткі пайшлі».

ВІЦЕБШЧЫНА


Ператрус у «Эўрапейскім клюбе»: забралі кампутары й друкаваныя выданьні

Хрыстафор Жаляпаў
На допыт у КДБ 16-га лютага выклікалі Хрыстафора Жаляпава — віцебскага каардынатара руху «За свабоду», які ў час выбарчай кампаніі быў даверанай асобай Аляксея Міхалевіча. Але выклік быў толькі падставай, каб правесьці ператрус у «Эўрапейскім клюбе»: спадар Жаляпаў — уласьнік прыватнай хаты па вуліцы 1-й Сеньненскай у Віцебску, дзе актывісты зьбіраюцца на сэмінары ды ладзяць сустрэчы.

Хрыстафор Жаляпаў змог паведаміць наступнае:

«Допыту не было. Яны мяне запрасілі, каб паказаць пастанову. Потым разам у машыну — і паехалі! Ужо кампутары забралі і некаторыя друкаваныя выданьні, якія, яны лічаць, тычацца падзеяў 19-га сьнежня».

Хрыстафор Жаляпаў — адзін з тых віцебскіх актывістаў, якія зноў накіравалі заяўку, каб правесьці ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў мітынг салідарнасьці са зьняволенымі СІЗА КДБ.

Гэта ўжо другая спроба правесьці акцыю, падкрэсьлівае іншы заяўнік, Аляксей Гаўруцікаў. Актывісты меркавалі зладзіць мітынг 13-га лютага, аднак з Чыгуначнага райвыканкаму адказалі, што ў той самы дзень і час у парку заплянаваныя спаборніцтвы «Беларуская лыжня-2011». Цяпер заяўка пададзеная на 27-га лютага, кажа спадар Гаўруцікаў:

«Мы ў межах заканадаўства спрабуем скарыстаць сваё канстытуцыйнае права на правядзеньне масавага мерапрыемства. Спрабуем адну канкрэтную адміністрацыю ў канкрэтным горадзе змусіць выконваць нормы заканадаўства!»

Аднак зусім ня факт, што гэтым разам мерапрыемства дазволяць, працягвае Аляксей Гаўруцікаў:

«Падаючы заяўку, мы спрабавалі высьветліць у намесьніцы старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі спадарыні Ляпёшкінай, ці не заплянавана нейкае мерапрыемства на 27 лютага. І яна сказала, што пакуль не, але ў плянах ёсьць мерапрыемства „Зімовыя забавы“, яно бяз даты — пазначана, што будзе ў лютым-сакавіку. Калі яго праводзіць, яшчэ ў іх ня вырашана! Усё гэта — зьдзек у чыстым выглядзе!»

Віцебскія актывісты напісалі заяву ў Раду Эўразьвязу з просьбай пашырыць сьпіс неўязных чыноўнікаў — прапанавалі ўключыць прозьвішчы кіраўнікоў Чыгуначнай адміністрацыі, якія даюць адмовы з надуманых прычын.

У Воршы на знак салідарнасьці зь вязьнямі СІЗА КДБ былі разьвешаны плякаты. Распавядае кіраўнік суполкі партыі БНФ Алесь Шутаў:

«У Воршы на рэклямных тумбах, якіх у горадзе каля паўтара дзясятка, зьявіліся плякаты з заклікам вызваліць палітвязьняў. На плякатах — партрэты кандыдатаў у прэзыдэнты Уладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава. Пэўны час плякаты правіселі, але ў некаторых месцах — ужо зьнятыя».

Плякаты ў Воршы

Віцебскі абласны суд адхіліў скаргу наваполацкіх актывістаў

16 лютага Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргу наваполацкіх актывістаў Віктара Калесьніка і Аляксандра Калінцава, на якіх былі накладзены штрафы за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі салідарнасьці 19 студзеня. Гаворыць праваабаронца Павал Левінаў, які прысутнічаў на судовым пасяджэньні:

«На працягу трох хвілін Ірына Смалякова, судзьдзя абласнога суду, разгледзела скаргу. І сказала, што ў нашай краіне такія дзеяньні — гэта правапарушэньне, і пакінула пастанову Наваполацкага гарадзкога суду бязь зьменаў».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Чым небясьпечны прадпрымальнік-шынамантажнік?

У Гомелі супрацоўнікі УКДБ правяраюць індывідуальнага прадпрымальніка Станіслава Яленскага. Палітыкай ён не займаўся й не займаецца — выконвае звычайныя шынамантажныя працы.

19 сьнежня Станіслаў і блізка ня быў на плошчы Незалежнасьці ў Менску — езьдзіў у Чарнігаў купляць дачцэ вопратку. Нават прагаласаваць за Саньнікава не пасьпеў, бо аўтобус доўга трымалі на мытні. І калі ён вярнуўся ў Гомель, выбарчыя ўчасткі ўжо зачыніліся.

Як лічыць спадар Яленскі, цікавасьць спэцслужбаў да ягонай асобы выклікана, хутчэй за ўсё, тым, што ён служыў у міліцэйскай спэцбрыгадзе, а напярэдадні выбараў тэлефанаваў прафсаюзнаму актывісту Віктару Казлову, які арганізоўваў у Гомелі выбарчую кампанію Андрэя Саньнікава.

Яленскі: «Проста яны, відаць, самі баяцца, што мяне, чалавека, які й блізка не стаіць да палітыкі, абвінавачваюць, што я без малога нейкі інструктар тэрарыстаў. Морда здаровая, служыў у спэцназе, паляк, брат у Польшчы. І пагутарыў зь Віктарам Казловым — значыць, у іх выбудаваўся лягічны ланцужок».

У студзені ў кватэры, дзе жыве сям’я Яленскага, быў праведзены ператрус. Станіслаў кажа, што чэкісты перагледзелі ўсё вельмі пільна:

«Кожная рэч з шафы была абмацана, кожная кішэня, кожны шоўчык — і ўсё гэта скідалася на сярэдзіну пакою. Дзякуй, што хоць матрац артапэдычны не разрэзалі. Перавярнулі ўсё. Разабралі нават унітаз — разабралі, агледзелі бачок і сабралі».

Станіслаў Яленскі (зьлева) і Віктар Казлоў.

Двойчы выклікалі Станіслава ў абласную ўправу КДБ. Апошнім разам афіцыйна папярэдзілі пра недапушчальнасьць удзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

А на днях спэцслужбоўцы пачалі выклікаць на допыты знаёмых спадара Яленскага, зь якімі ён кантактаваў праз мабільную сувязь 18–20 сьнежня мінулага году:

«10 лютага сталі тузаць тых людзей. якія мне тэлефанавалі 18, 19, 20 сьнежня. 18 сьнежня адзін мне тэлефанаваў, і я сапраўды памяняў яму ў легкавіку лысую гуму. Ён — дзяржаўны службовец, і, падаецца, задаволены чаркай і скваркай. Другі знаёмы тэлефанаваў мне 19 сьнежня, калі я з Гомелю ўжо зьехаў у Чарнігаў. Дык іх 10 лютага выклікалі ў КДБ й дапытвалі: я тэрарыст ці не?»

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Гаспадар на парог — кадэбіст у хату

Супрацоўнікі КДБ працягваюць допыты ўдзельнікаў Плошчы і давераных асобаў апазыцыйных палітыкаў. У Баранавічах супрацоўнікі спэцслужбаў выклікалі на допыт нават прадстаўнікоў БРСМ Баранавіцкага ўнівэрсытэту, якія выступілі ў абарону Аляксандры Суславай.

Яраслава Грышчэню з Баранавічаў дапыталі супрацоўнікі мясцовага КДБ. Актывіст ініцыятыўных групаў экс-кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса даў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы допыту:

«На днях літаральна мне патэлефанавалі супрацоўнікі Баранавіцкага КДБ і запыталі, ці змагу я прыйсьці на допыт. Я адказаў, што не, бо цяпер знаходжуся ў Менску. Тады ў мяне спыталіся, калі буду ў Баранавічах. Я адказаў, што, магчыма, вечарам прыеду, але практычна адразу ж і вяртаюся. Калі ж прыехаў у Баранавічы, літаральна праз 10 хвілін пасьля таго, як увайшоў у кватэру, да мяне завітаў супрацоўнік КДБ і ўручыў позву. Падчас допыту ў асноўным задавалі пытаньні наконт працы ў ініцыятыўнай групе Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Вуса. Спыталі таксама, ці быў я на Плошчы. Я не хаваў гэтай інфармацыі і сказаў, што сапраўды быў там. Спыталіся, ці выкрыкваў антыдзяржаўныя заклікі. Вядома, адказаў, што такога не было. А на пытаньне, што я там рабіў, адказаў, што суправаджаў людзей».

У сябраў БРСМ таксама праблемы

Яраслаў Грышчэня кажа, што ўзьніклі праблемы ў сябраў БРСМ Баранавіцкага ўнівэрсытэту. Актывісты гэтай дзяржаўнай арганізацыі выступілі ў абарону Аляксандры Суславай, якая брала ўдзел у Плошчы і якой пагражалі выключэньнем з ВНУ:

«Хлопца, які паручыўся за яе і пісаў хадайніцтва ў абарону Аляксандры, таксама выклікалі ў КДБ. Я тэлефанаваў яму нядаўна, і ён паведаміў, што ў яго праблемы зь міліцыяй і адміністрацыяй».

Грамадзяніна Расеі «зламаў» беларускі КДБ?

У Івацэвічах удзельніка Плошчы грамадзяніна Расеі Ўладзіслава Мікалайчыка супрацоўнікі сілавых органаў проста зламалі, кажа Станіслаў Халадовіч — сябра ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева. Ён лічыць, што на спадара Мікалайчыка быў зроблены надзвычай моцны ціск з боку міліцыі і КДБ. Кожны раз яму пагражалі дэпартацыяй, бо ён мае расейскае грамадзянства.

«Ён зразумеў, што яму і яго сям’і пагражае сапраўды небясьпека, могуць паставіць сур’ёзна пытаньне пра дэпартацыю. Ён зараз жыве ў доме сваіх бацькоў з сваёй сям’ёй. Увогуле ён апынуўся ў складанай сытуацыі. Але няма за што яго асуджаць. Бо афіцыйнае папярэджаньне было вынесена ў міліцыі і такое ж — у КДБ».

Некаторыя ўдзельнікі Плошчы зьехалі за мяжу, дзе мусяць знаходзіцца да заканчэньня тэрміну даўнасьці адміністрацыйнага правапарушэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG