Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Алкаеў: З уладай трэба размаўляць з пазыцыі сілы


Алег Алкаеў (фота Радыё Рацыя)
Былы начальнік менскага сьледчага ізалятару Алег Алкаеў выбраў уласны спосаб барацьбы за вызваленьне палітвязьняў. Паколькі дзяржаўныя СМІ апублікавалі расшыфроўкі тэлефонных размоваў апазыцыянэраў, то і Алег Алкаеў вырашыў выкарыстаць гэты прыём. У сваім блогу ў Жывым Журнале ён пачаў друкаваць кампрамат на высокапастаўленых чыноўнікаў у атачэньні Лукашэнкі, з раздрукоўкай іх тэлефонных гутарак. Першая порцыя кампрамату тычыцца былога дзяржсакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана. Учора блог Алега Алкаева быў узламаны. Невядомыя выдалілі пост з дакладной запіскай Навумава Лукашэнку, а таксама камэнтары да яго. Палітэмігрант Алег Алкаеў, які жыве цяпер у Нямеччыне, у жывым эфіры адказаў на пытаньні Свабоды.



Свабода: На якую рэакцыю ўладаў вы разьлічвалі, пачынаючы друкаваць кампрамат на Шэймана?

Алкаеў: Я трохі ведаю ўстройства нашай улады знутры, таму я атрымаў тую рэакцыю, на якую разьлічваў. Калі паглядзець на першы вынік, то "СБ" спыніла друкаваць розны кампрамат на апазыцыю і на тых, хто знаходзіцца сёньня ў турме. Напэўна, усё ж дайшло да іх, што на кожную сілу ёсьць процідзеяньне.

Свабода: Вы задаволены розгаласам, які ваша акцыя атрымала ў грамадзтве?

Алкаеў: Так, народ вельмі жыва адгукнуўся. Толькі за два дні, пакуль я адсутнічаў, атрымана 349 лістоў. А ўсяго атрымана больш як 500 лістоў, а колькі прачыталі – я ўліку не вяду.
Напэўна, усё ж дайшло да іх, што на кожную сілу ёсьць процідзеяньне

Свабода: Ці можа барацьба адзіночкі прынесьці плён? Можа, варта было разгарнуць шырокую кампанію разам са СМІ, у хаўрусе з палітычнымі сіламі?

Алкаеў: Тыя СМІ, у якія я зьвяртаўся, мякка кажучы, устрымаліся ад публікацыі. Зь якіх прычынаў – трэба спытацца ў іх. Зь дзьвюх газэт я сам адклікаў матэрыялы пасьля таго, як я паабяцаў, што публікаваць ня буду: я зрабіў агаворку, што як толькі ўлады прымуць меры і спыняць публікацыю, таксама спыню гэта рабіць. І ў нашых СМІ гэта апублікавана не было, а ЖЖ – мой асабісты, таму я ім распараджаюся як хачу.

Свабода:
У "СБ" спыненая публікацыя гэтых артыкулаў – такім чынам, і вы спыніце публікаваць кампрамат, які маецца ў вашым распараджэньні?

Алкаеў: Слова трэба трымаць, і паколькі я прытрымліваюся такіх правіл, то публікаваць частку кампрамату яшчэ завяршу датычна канкрэтна Шэймана, бо гэта вышэйшая службовая асоба, вінаватая ў спараджэньні карупцыі на ўсёй тэрыторыі Беларусі, і ягоныя ўчынкі праецыруюцца на кіраўнікоў усіх узроўняў.

Свабода: Пагаворым на іншую тэму. Неўзабаве пасьля падзеяў на Кастрычніцкай плошчы вы зьвярнуліся зь лістом да праваабаронцаў і сваякоў кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Вы раілі ім пераходзіць у наступ і патрабаваць у генэральнага пракурора прыцягненьня вінаватых, а не прасіць літасьці. З вашага пункту погляду, сваякі арыштаваных і самі падазраваныя, якія выпушчаныя хто пад падпіску, хто пад хатні арышт – абралі няслушную тактыку паводзінаў? Многія зь іх замкнулся для прэсы.

Алкаеў: Мне цяжка адказваць за людзей, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі – зразумела, яны запалоханыя, яны баяцца горшых наступстваў для сябе і сваіх блізкіх. Але, як правіла ўсе звароты – яны "ў нікуды". Чытаеш радкі: "Мы патрабуем!.." Як вы патрабуеце, якім чынам? Патрабаваць трэба заўсёды з пазыцыі сілы – гэта чым я займаюся – ці, прынамсі, на роўных. Вока за вока. Але калі проста патрабаваць – гэта ня дасьць плёну.

Свабода: А як жа сваякі палітвязьняў могуць гутарыць з уладай з пазыцыі сілы?
У бліжэйшы час палітвязьняў асудзяць, а потым добры прэзыдэнт іх памілуе

Алкаеў: Прыкладна так, як я гэта раблю...

Свабода: Не ва ўсіх у распараджэньні ёсьць кампрамат супраць высокапастаўленых чыноўнікаў.

Алкаеў: Ён ляжыць на паверхні, літаральна на вуліцы – ня трэба далёка хадзіць. Калі ты маеш намер паступаць жорстка, трэба перадусім падрыхтавацца да гэтага. Справа яшчэ і ў форме патрабаваньняў. Звароты павінны быць прыкладна такія: "Спадар прэзыдэнт, ці спадар пракурор! Калі вы ня зробіце тое і тое, то заўтра будзе так і так." Ну, грубы прыклад: я, дапусьцім, заўтра спалю сябе на плошчы... І няхай думаюць.

Свабода:
Але гэта такія абяцаньні, якія потым трэба выконваць.

Алкаеў: Слушна. Я, вядома, сказаў, крайнюю меру. Я ўчора быў у Празе, і мне паказалі там помнік, дзе ў 69 годзе на знак пратэсту супраць акупацыі Чэхіі адзін чалавек спаліў сябе на плошчы, сёньня яму стаіць там помнік. Гэта, канешне, крайняя мера...

Свабода: Калі мы ўзгадаем эфэкт ад ягонага учынку, то войскі Варшаўскай дамовы ў той час ня выйшлі з Чэхіі, нягледзячы на ягоны пратэст... Але ня будзем адхіляцца. Ваш прагноз адносна справы палітвязьняў: якога разьвіцьця падзеяў можна чакаць у бліжэйшы час?

Алкаеў: У бліжэйшы час іх асудзяць, а потым добры прэзыдэнт іх памілуе. Іншага спосабу вызваліць іх наогул няма. Калі цяпер спыніць крымінальную справу – гэта паказаць сваю слабасьць, а дыктатура ніколі слабасьць не паказвае. Чаму вельмі хутка хочуць правесьці суды? Справы па масавых беспарадках ідуць па году – я ведаю гэта па справах аб беспарадках у калёніях, я-та бачыў, што такое сапраўдныя бунты. А тут – за два месяцы правесьці крымінальныя справы, асудзіць – гэта вельмі хуткі працэс, і ўсё паказвае на тое, што потым прэзыдэнт будзе выбарачна ўжываць памілаваньне. Такі мой прагноз.
  • 16x9 Image

    Алена Радкевіч

    Журналістка. Працавала вядучай радыёстанцыі «Беларуская Маладзёжная», карэспандэнткай Бі-Бі-Сі, расейскай незалежнай прэсы, удзельнічала ў самвыдаце. З Радыё Свабода ад 1991.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG