Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Беленькі


У сераду, 24 кастрычніка, а 13 гадзіне паводле менскага часу ў Інтэрнэце на вэб-сайце Свабоды адбудзецца онлайн-канфэрэнцыя з выканаўцам абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту Юрасём Беленькім.

Нарадзіўся 5 мая 1960 г. у Менску ў сямьі рабочых. Беларус. У 1982 г. закончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі па спэцыяльнасьці "фінансы і крэдыт". У 1982-84 гг. працаваў кантралёрам-рэвізорам кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня міністэрства фінансаў Беларусі. У 1984-86 гг. служыў у арміі. Афіцэр рэзэрва. У 1986-1995 гг. працаваў на прадпрыемствах канцэрна "Амкадор" у Менску: начальнікам фінансавага аддзела завода "Ударнік", намесьнікам генэральнага дырэктара ТАА "Амкадор-Траст". Па накіраваньню прадпрыемства прайшоў курсы навучаньня: ў 1990 г. у Англіі па банкаўскай справе і фінансах, у 1994 г. - у Нямеччыне па пытаньнях сыстэмных трансфармацыяў эканомікі. Сябра Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" з самага пачатку існаваньня Фронту ў 1988 г. У 1990 г. быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га скліканьня і дэпутатам Менскага гарадзкога савета. Працаваў у складзе апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Беларусі. Адзін з аўтараў "Канцэпцыі эканамічнай рэформы ў Беларусі", распрацаванай і прадстаўленай Беларускім Народным Фронтам. Уваходзіў у склад Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ, у красавіку 1995 г. браў удзел у галадоўцы дэпутатаў БНФ супраць ініцыянаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму. З 1995 г. па цяперашні час зьяўляецца намесьнікам cтаршыні Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ, выканаўцам абавязкаў у Беларусі cтаршыні Фронту і КХП-БНФ.

Паводле ініцыятывы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, у нядзелю 28 кастрычніка мае адбыцца шэцьце і мітынг у Курапатах.

«Курапаты – тое месца, якое дадае нам трываласьці і моцы духоўнай, -- сказаў Юры Беленькі ў інтэрвію Свабодзе. --. Тыя беларусы, якія ганарацца нашай гісторыяй, якія хочуць дабра свайму народу і вераць у ягоную сьветлую будучыню, мусяць прыйсьці на Дзяды і аддаць даніну павагу продкам».
XS
SM
MD
LG