Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 23 сьнежня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ВЕТРАНА...


...і сьнежна. Тэмпэратура: -6 – -2 С.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Каля судоў у Менску – магчыма, там будуць судзіць вашых знаёмых або сяброў, затрыманых 19 сьнежня.

У кнігарні "Галіяфы" (крама "Падземка", пр. Незалежнасьці, 43) адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі Юрыя Станкевіча "П’яўка". У імпрэзе бяруць удзел: Валянцін АКУДОВІЧ, Пятро ВАСЮЧЭНКА, Ірына ШАЎЛЯКОВА, Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ, Зміцер ВІШНЁЎ, Ірына ХАМРЭНКА, Агата РАКАВА. Музыка ад гурта "КНЯЗЬ МЫШКІН" Пачатак а 18.00.

"У чытаньні Калядаў" – вечарына ў кнігарніЎгалерэі (Мінск, пр. Незалежнасьці, 37А) у межах Літаратурных чытанняў з "ПрайдзіСветам". Свае пераклады будуць чытаць Васіль Сёмуха, Вальжына Морт, Марына Шода, Сяргей Сматрычэнка, Алена Пятровіч, Аксана Данільчык, Вера Бурлак, Алеся Башарымава, Сярж Мядзьведзеў, Віталь Рыжкоў, Марына Казлоўская, Анка Упала, Ігар Жалткоў, Паліна Масьлянкова і іншыя. Пачатак а 19.00.

ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:


У Стамбуле саміт краінаў Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва (Аўганістан, Азэрбайджан, Іран, Пакістан, Турцыя, краіны Сярэдняй Азіі).

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


У 1786 на Смаленшчыне нарадзіўся Вікенцій Равінскі, аўтар паэмы “Энэіда навыварат”, якая амаль стагодзьдзе лічылася ананімнай. Разгадаў загадку аўтарства літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў.

У 1990 88% славенцаў у рэфэрэндуме прагаласавалі за аддзяленьне ад Югаславіі.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


Сьвята Блукаса ў Літве.

МІНУС 365:


Памерла славутая ангельская перакладчыца Вера Рыч.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Спачатку вазьмі зямлю –
Як што на мапе даўно белых плямаў няма, дык шукай
Зьніклую, выедзеную, выпетраную, выдзеўбаную
Дашчэнту суседзямі; потым дадай сюды мову,
Ужываную хіба дзеля прымаўкі; дамяшай гісторыю,
Што выкладаецца як гісторыя іншых; ды народ,
Які доўга вучыўся гісторыі, нацыі, мовы ня помніць...
Вымесі гэта, і дай падысьці...

Тады вазьмі
Сьцяг простых колераў, колераў косткі
І крыві, хлеба і віна, вады і агню,
Колераў веры й любові; дадай яшчэ сымбаль,
Адрынуты й забаронены (і да таго ж карыстаны суседам);
Вылі туды поўную меру сьлёз, ачышчаных ад смутку,
Старога й новага, цень трох бярозаў, дзе б мусілі стаяць чатыры,
Жыцьці, зачатыя пад Зоркай Палын,
Косткі, гузікі й кулі ў кветках-курапатах;
Зьмяшай гэта ўсё, кроплю па кроплі,
У кубку часу...

Тады, ў прызначаны дзень
(Ты пазнаеш яго, дружа, ты пазнаеш), калі сьвет глядзіць
У іншы бок, вазьмі кубак і далікатна, вельмі далікатна,
Пералі сумесь у паднятае цеста,
І выпякай яго ў печы Кліё...

Хтосьці адразу пачне
Нагадваць пра асьцярожнасьць, пра тое, што блізка зіма,
Што цяпло і сьвятло набываюцца ад заможнага суседа,
Пра пустыя майстроўні, вырабы, якіх ніхто ня купіць,
І пра сьвет, якому зазвычай напляваць...

Не зважай на гэтыя перасьцярогі, дружа! Вымай свой бохан,
Загарні яго ў лён, спаві яго валошкамі,
Тады гукай сяброў (яны ўсе стануцца сябрамі ў той дзень,
Сямікроць сем і болей) і абвясьці, што йдзеш
Заняць сваё крэсла на іхнай бяседзе.

Вера Рыч, "Рэцэпт цуду" (пераклад з ангельскай Бэлы Перкінай-Аксельрод)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG