Удзельнікі: былы міністар працы Аляксандар Сасноў і аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Кастусь Скуратовіч.
Умовы вядзеньня бізнэсу ў Беларусі
Валер Карбалевіч: «Каб даказаць вялікія дасягненьні Беларусі, Лукашэнка ў сваім дакладзе на Ўсебеларускім народным сходзе шмат апавядае пра тое, якое высокае месца ў сьвеце займае Беларусь паводле розных міжнародных індэксаў. Зразумела, ён бярэ толькі тыя паказьнікі, якія выгадныя, і апускае тыя рэйтынгі, у якіх краіна выглядае дрэнна.
Але возьмем такі паказьнік: паводле рэйтынгу Ўсясьветнага банку Беларусь па ўмовах вядзеньня бізнэсу займае 68-е месца, гэта лепш, чым у Расеі і Ўкраіне. А па тэмпах правядзеньня рынкавых рэформ Беларусь увайшла ў пяцёрку лепшых краін у сьвеце. Як можна гэта пракамэнтаваць?»
Аляксандр Сасноў: «Трэба мець на ўвазе, што толькі апошнія два гады кіраўніцтва Беларусі праводзіць палітыку лібэралізацыі, а дасюль усе гады бізнэс душылі. Цяпер сытуацыя памянялася, расейскія датацыя заканчваюцца. І дзеля ўтрыманьня ўлады даводзіцца мяняць эканамічную палітыку.
Усясьветны банк працуе з дадзенымі афіцыйнай беларускай статыстыкі. А яны даверу ня маюць.
68-е месца — гэта не такі высокі паказьнік. Да таго ж, такія індэксы даволі адносна адлюстроўваюць рэальную сытуацыю. Таму і ўзьнікае такая сытуацыя, што, паводле дадзеных Усясьветнага банку, умовы для бізнэсу ў Расеі і Ўкраіне горшыя, чым у Беларусі, аднак беларускія бізнэсоўцы чамусьці масава туды бягуць з нашай краіны».
Кастусь Скуратовіч: «68-е месца ў сьвеце — гэта адначасова апошняе месца ў Эўропе. А кіраўніцтва Беларусі ўвесь час кажа, што Беларусь — цэнтар Эўропы. Другі момант. Усясьветны банк працуе з дадзенымі афіцыйнай беларускай статыстыкі. А яны даверу ня маюць».
Карбалевіч: «Хачу заўважыць, што апошнім годам Беларусь у гэтым рэйтынгу апусьцілася ўніз. І потым, калі такі добры ў краіне бізнэс-клімат, то чаму не ідуць сюды інвэстыцыі? Да таго ж, адна справа — заканадаўчыя акты. І іншая справа — праваўжывальная практыка».
Узровень беспрацоўя ў Беларусі
Карбалевіч: «Вось яшчэ адзін паказчык: узровень беспрацоўя ў Беларусі — ніжэй 1%. Гэта адзін з самых нізкіх паказчыкаў у параўнаньні зь іншымі краінамі».
Сасноў: «Гэтая лічба адлюстроўвае толькі тую колькасьць беспрацоўных, якія зарэгістраваліся ў службе занятасьці. А паводле сусьветнай практыкі, гэты паказьнік атрымоўваецца на падставе дасьледаваньня хатніх гаспадарак. Калі б такой мэтад прымянілі ў Беларусі, то ўзровень беспрацоўя павялічыўся ў 3-4 разы, а можа і больш.
Сьмешна тое, што нядаўна міністар эканомікі Снапкоў казаў, што ў Беларусі трэба стварыць мільён працоўных месцаў. Дык калі беспрацоўя няма, то навошта ставіць такую задачу?»
Скуратовіч: «З наступнага году Белстат пераходзіць на міжнародную мэтодыку падліку беспрацоўных паводле дасьледаваньня хатніх гаспадарак. І калі чалавек тыдзень знаходзіцца бяз працы, то ён лічыцца беспрацоўным.
Калі чалавек тыдзень знаходзіцца бяз працы, то ён лічыцца беспрацоўным.
У 2007 годзе Міністэрства ўнутраных спраў інфармавала, што каля 1 мільёну працаздольных грамадзян афіцыйна не занятыя ў эканоміцы. Большасьць іх працуе за мяжой.
Памер дапамогі па беспрацоўі складае 15-20 даляраў у месяц. І хто з-за такіх грошай пойдзе рэгістравацца ў службу занятасьці? У савецкія часы ў службу занятасьці ішлі людзі толькі пасьля ЛТП. Нешта падобнае адбываецца і цяпер».
Узровень мэдычнай дапамогі
Карбалевіч: «Хваліўся Лукашэнка і ўзроўнем беларускай мэдыцыны. Сёньня колькасьць дактароў на 1 тысячу насельніцтва ў Беларусі больш, чым у Францыі, Нямеччыне, Аўстрыі. А па ўзроўні дзіцячай сьмяротнасьці Беларусь знаходзіцца на ўзроўні самых разьвітых краін сьвету».
Сасноў: «Апошнімі гадамі Беларусь страціла значную частку свайго насельніцтва. Дрэнная сыстэма аховы здароўя зьяўляецца адным з чыньнікаў гэтай дэмаграфічнай праблемы.
Сам Лукашэнка і ягоныя памочнікі даўно не былі ў звычайнай паліклініцы ці шпіталі. Таму і ня ведаюць, якія там чэргі, канфлікты паміж хворымі і мэдыцынскім пэрсаналам. Тое, што ў нас дактароў больш, чым у Францыі, а тым ня менш іх не хапае, кажа пра дрэнную якасьць нашых дактароў».
Скуратовіч: «Паказьнік дзіцячай сьмяротнасьці яшчэ ў савецкія часы быў вельмі важным, нават ідэалягічным для мэдыцыны. Таму яшчэ тады былі дасягнуты значныя посьпехі ў гэтай сфэры.
За апошнія гады нараджальнасьць у Беларусі значна скарацілася. У нас у дзень у краіне нараджаецца каля 300 дзяцей. Калі раскінуць гэта па радзільных дамах, то атрымаецца 1-2 дзіця на радзільны дом у суткі. Таму тут можна забясьпечыць добры догляд.
Цяпер у раённых паліклініках амаль няма маладых спэцыялістаў, засталіся пэнсіянэры. Там няма дактароў па вузкіх спэцыялізацыях».