Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН рыхтуе рэзалюцыю ў справе дыфамацыі рэлігіі


На гэтым тыдні у ААН адбудзецца галасаваньне па рэзалюцыі “Аб барацьбе супраць дыфамацыі рэлігіі”. Праваабаронцы з Freedom House засьцерагаюць, што такі дакумэнт можа істотна абмежаваць свабоду выказваньня меркаваньняў.

Праект рэзалюцыі быў ініцыяваны Арганізацыяй ісламскай канфэрэнцыі, куды ўваходзяць 57 краінаў зь вялікай доляй мусульманскага насельніцтва. Рэзалюцыя заклікае краіны прыняць законы, якія б забаранялі “дыфамацыю рэлігіі” – ня вызначанае ў юрыспрудэнцыі паняцьце, якое можна вызначыць як абразу рэлігійных пачуцьцяў. Рэзалюцыя зьяўляецца часткай больш маштабнай кампаніі ў мэтах стварэньня заканадаўства ў справе барацьбы з тым, што некаторыя мусульманскія лідэры называюць “блюзьнерствам”.

Супрацоўніца Freedom House Паола Шрэйфэр у камэнтары для New York Times зьвяртае ўвагу, што падобныя кампаніі зьяўляюцца небясьпечнымі з пункту гледжаньня правоў чалавека. Такога кшталту законы могуць лёгка прымяняцца адвольна, у тым ліку і дзеля здушэньня рэлігійных свабодаў і палітычнай апазыцыі, лічыць прадстаўніца Freedom House. Асабліва могуць пацярпець рэлігійныя меншасьці.

Напрыклад, у Пакістане хрысьціяне і ахмадзіі (мусульмане, якія не прызнаюць Мухамада ў якасьці апошняга прарока) складаюць толькі 2 адсоткі насельніцтва, але супраць іх было больш за 900 судовых перасьледаў за блюзьнерства за апошнія два дзесяцігодзьдзі. Астатнія перасьледы былі ў адносінах да саміх мусульманаў, часта – як спосаб зьвядзеньня асабістых рахункаў, што ня мела ніякага дачыненьня да рэлігіі.

Ідэя падтрымкі законаў аб блюзьнерстве мае вялікую папулярнасьць у ісламскім сьвеце. Нават самыя апантаныя прыхільнікі правоў чалавека на Блізкім Усходзе, людзі, якія адкрыта крытыкуюць карумпаваныя рэжымы ў сваіх краінах, не разумеюць, што такія выпадкі, як публікацыя дацкіх карыкатураў альбо спальваньне Карану зьяўляюцца формай выяўленьня меркаваньняў, піша прадстаўніца Freedom House у New York Times
XS
SM
MD
LG