Пакістанскія ўлады паведамілі, што амэрыканскі бесьпілётны самалёт забіў сёньня прынамсі трох меркаваных ваяўнікоў на паўночным захадзе Пакістану. Паведамляецца, што бесьпілётнік нанёс удар па машыне, якая была побач з горадам Міранашахам ў Паўночным Вазірыстане. Гэтая мясцовасьць лічыцца апірышчам Талібану, які часта атакуе міжнародныя войскі ў суседнім Афганістане. Апошнімі тыднямі пачасьціліся ўдары амэрыканскіх бесьпілётнікаў па падазраваных у прыналежнасьці да талібану аб'ектах на паўночным захадзе Пакістану.