Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы сьмяротны вырак вынесены ў Магілёве


Магілёўскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд Ігару Мяліку, удзельніку злачыннай групоўкі, якая займалася разбоем на аўтамагістралі Гомель — Магілёў. Ягонаму хаўрусьніку Аляксандру Сычову прысудзілі пажыцьцёвае зьняволеньне.

Абодва асуджаныя — жыхары Гомельшчыны. Першае выкрытае сьледзтвам іхнае злачынства было зьдзейсьнена 25 чэрвеня 2009 году. За тры месяцы разбою яны забілі чатырох чалавек: двух грамадзянаў Расеі і двух — Малдовы. Арыштавалі злачынцаў 12 верасьня. Сьледзтва доўжылася больш за дзесяць месяцаў, матэрыялы справы склалі 13 тамоў.

Барыс Бухель
Сычова і Мяліка прызналі вінаватымі ў забойстве некалькіх асобаў, бандытызьме, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

"Рабавалі яны людзей, якія ехалі на машынах транзытам праз Магілёўшчыну зь небеларускімі нумарамі й спыняліся адпачыць, – паведаміў праваабаронца Барыс Бухель, які прысутнічаў на судзе. – Віну сваю яны прызналі. Прасілі літасьці. Выбачаліся перад роднымі пацярпелых. Адвакаты асуджаных будуць падаваць касацыйныя скаргі. У склад групоўкі ўваходзілі тры чалавекі. Верхаводзіў у ёй старшыня грамадзкага аб'яднаньня джыў-джытсу і самаабароны Аляксандар Козыраў. Ён раптоўна памёр у турме. Мялік і Сычоў былі трэнэрамі ў аб’яднаньні. Абодва служылі ў дэсантных войсках".

Судовы працэс са сьмяротным выракам не застаўся без увагі беларускіх праваабаронцаў, якія патрабуюць увесьці мараторый на выкананьне сьмяротных пакараньняў.
Валянцін Стэфановіч

"Сама Беларусь ня брала на сябе такіх абавязкаў. Яна не ўваходзіць у Раду Эўропы. Яна не ратыфікавала эўрапейскую канвэнцыю па правах чалавека. Аднак, варта ўзгадаць, што для ўзнаўленьня статусу спэцыяльна запрошанага ў Раду Эўропы Беларусь мусіць увесьці мараторый, таму ўлады павінны думаць пра гэта. Мы распаўсюдзім інфармацыю пра тое, што вынесены чарговы сьмяротны прысуд у Беларусі. Абавязкова паведамім "Міжнароднай амністыі", зь якой мы працуем у межах кампаніі "Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня", – заяўляе юрыст праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч.

Беларусь засталася адзінай краінай у Эўропе, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне. 29 красавіка 2010 году Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы прыпыніла кантакты зь Беларусьсю ў сувязі зь "недастатковым прагрэсам" краіны ў галіне адпаведнасьці стандартам Рады Эўропы. Прычынай такога рашэньня стала выкананьне двух сьмяротных прысудаў у дачыненьні да 25-гадовага Андрэя Жука і 30-гадовага Васіля Юзапчука. Іх расстралялі ў сакавіку 2010 году, нягледзячы на тое, што іх скаргі знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Паводле праваабаронцаў, ад часу абвяшчэньня краінай незалежнасьці ў 1991 годзе такіх прысудаў было вынесена больш за 400.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG