Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: Гэта не прававыя, а мэдычныя абмежаваньні


Прэзыдэнт РФ Дзьмітрый Мядзьведзеў пракамэнтаваў пазыцыю партнэра па Мытным саюзе — Беларусі, якая ўвяла абмежаваньні на пастаўкі ў Расею грэчкі, ахарактарызаваўшы яе як «неправавую».

Як паведамляе агенцтва «Інтэрфакс», кіраўнік Асацыяцыі кампаній розьнічнага гандлю Леў Хасіс, апісваючы сытуацыю з рэзка падаражэлай у апошнія тыдні на фоне ўзьніклага дэфіцыту грэчкай, паскардзіўся на пазыцыю Менску.

«Нашы пастаўшчыкі зь Беларусі, у якіх ёсьць грэчка, адмаўляюцца пастаўляць з-за абмежаваньняў, устаноўленых урадам Беларусі.

Нам ня вельмі зразумела — якія могуць быць абмежаваньні пры Мытным саюзе? », — сказаў ён, выступаючы на выязным пасяджэньні прэзыдыюму Дзяржсавету ў Саратаве, прысьвечаным рэгуляваньню ўнутранага рынку харчаваньня РФ.

Прэзыдэнт РФ у адказ выказаў меркаваньне, што «гэта не прававыя, гэта мэдыцчныя абмежаваньні».

Л. Хасіс папрасіў аб дапамозе з боку дзяржавы, каб у рамках Мытнага саюзу зьняць абмежаваньні.

«Пагаварыць з калегамі, — сказаў Д. Мядзьведзеў, зьвяртаючыся да першага віцэ-прэм’ера Ігару Шувалава, які да курыруе Мытны саюз. — Я разумею, што справа гэтая цяжкая, часам патрабуе вялікіх душэўных сілаў. Але куды дзявацца, мы ў адным саюзе, мы брацкія дзяржавы».

У сваю чаргу, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня, дырэктар дэпартамэнту па хлебапрадуктах Васіль Седзін паведаміў, што ў Беларусі пакуль няма лішкаў грэцкіх крупаў. "Зьбярэм грэчку – палічым. Нам трэба, перш за ўсё, забясьпечыць свае патрэбы", – заўважыў намесьнік міністра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG