Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці рэальныя драматычныя сцэнары расейскіх мэдыяў?


Апошнімі днямі расейскія СМІ гавораць пра ўсё больш радыкальныя пляны Масквы адносна палітычнага лёсу Аляксандра Лукашэнкі. Ці магчымая эканамічная блякада Беларусі? Наколькі верагодны сцэнар «Пераемнік»? Якія насамрэч мэты інфармацыйнай атакі Масквы на беларускага лідэра?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі Белапан Аляксандр Класкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Валеры Карбалевіч
Аляксандар Класкоўскі
Кірыл Коктыш

Ці магчымая эканамічная блякада Беларусі?


Валер Карбалевіч: “Ужо пасьля саміту АДКБ у расейскіх мэдыях зьявіліся радыкальныя, нават апакаліптычныя сцэнары, якія, нібыта, будзе ажыцьцяўляць Масква супраць Лукашэнкі. Вось, напрыклад, адзін зь іх прадугледжвае эканамічную блякаду, рост цэнаў на энэргарэсурсы і іншыя дзеяньні. Як можна пракамэнтаваць такую вэрсію? Наколькі верагодная эканамічная блякада, асабліва ва ўмовах, калі абедзьве краіны ўваходзяць у Мытны саюз і рыхтуюцца стварыць Адзіную эканамічную прастору?"

Аляксандар Класкоўскі: “Відавочна, што Масква пасадзіла Беларусь на эканамічную дыету. І лёгка спрагназаваць, што гэтая дыета будзе ўсё больш жорсткай. З новага году ўзьнімуцца цэны на газ, магчыма будзе зьменшана квота на бязмытную нафту.

Але ня думаю, што ў Маскве сасьпеў пачварны плян задушыць Беларусь кашчавай рукой голаду. Тэарэтычна гэта можна зрабіць, калі закруціць усе краны, каб беларуская эканоміка абвалілася. Але тады на сваім парозе Расея атрымае ачаг некіраванага хаосу. Ці трэба гэта Расеі?

Зь іншага боку, пры такім сцэнары беларускі рэжым будзе агрызацца, даваць асымэтрычны адказ, кшталту перапыненьня транзыту. А гэта ўдар па іміджу Расеі як надзейнага пастаўшчыка энэргарэсурсаў у Эўропу.

І нарэшце цяжка паверыць, што Масква адкіне напалеонаўскія пляны рэінтэграцыі постсавецкай прасторы пад дахам Мытнага саюзу, Адзінай эканамічнай прасторы. Таму такія сцэнары варта разглядаць як элемэнт інфармацыйнай вайны, псыхалягічнага ціску на беларускае кіраўніцтва".

Кірыл Коктыш: “Расея ня будзе рабіць эканамічнай блякады. Гэты сцэнар выключаны і неверагодны. РФ проста пазбавіць Беларусь эканамічных датацый. А гэта розныя рэчы. Працэс пазбаўленьня датацый пакрыху адбываецца. Акрамя больш жорсткіх умоваў паставак нафты і газу, Расея можа пазбавіць Беларусь прэфэрэнцый пры пастаўках беларускіх тавараў на расейскі рынак.

Гэта будзе мець цяжкія наступствы для беларускай эканомікі. Праблема ў тым, што збыт беларускай прадукцыі на зьнешніх рынках у той ці іншай ступені абумоўлены палітычнымі чыньнікамі".

Карбалевіч
: "Беларускае кіраўніцтва разглядае адмену прэфэрэнцый як эканамічную вайну з боку Расеі"


Сцэнар "Пераемнік"?


Карбалевіч: “Іншая вэрсія — нібыта Расея настойліва падштурхоўвае Лукашэнку перадаць уладу пераемніку з свайго атачэньня. Магчыма такая вэрсія зьявілася пасьля таго, як Лукашэнка прыехаў у Ерэван на саміт ОДКБ з сынам Віктарам. Як можна гэта пракамэнтаваць?"

Класкоўскі: “Гэтая вэрсія не вытрымлівае ніякай крытыкі. Віктар Лукашэнка — памочнік прэзыдэнта па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі. А на саміце як раз абмяркоўвалася гэтае пытаньне. Таму ягонае знаходжаньне ў дэлегацыі прэзыдэнта лягічнае. І сьмешна разглядаць гэта як агледзіны пераемніка.

Акрамя таго, калі б былі нейкія пляны ўводзіць Віктара Лукашэнку ў прэзыдэнцкую кампанію, то яго б пачалі "раскручваць" раней. За 1-2 гады да выбараў далі б пасаду кіраўніка вобласьці ці яшчэ нешта.

У любым выпадку, калі б Лукашэнка згадзіўся на сцэнар "Пераемнік", то ён падабраў бы чалавека на гэтую ролю паводле крытэрыю асабістай адданасьці. Дзейны лідэр ня будзе ж прызначаць замест сябе марыянэтку Крамля. І навошта Маскве мяняць шыла на мыла?

І самае галоўнае: Лукашэнка ня лічыць, што яго загналі ў кут. Ён выпраменьвае ўпэўненасьць, дае зразумець, што зьбіраецца кіраваць яшчэ доўга. Фактычна ўся цяперашняя вайна з Расеяй — гэта вайна за ўладу. І зыход гэтай бітвы зусім не прадвызначаны. Дык чаго ён раней часу будзе выкідаць белы штандар?"

Коктыш: “Гэты варыянт цалкам выключаны. Магчыма, Лукашэнка хацеў бы, каб у такі сцэнар паверыла Расея, іншыя краіны. Але Масква ня будзе ўмешвацца ва ўнутраныя справы Беларусі.

І да таго ж, хто ведае Лукашэнку, не паверыць, што той прызначыць сапраўднага пераемніка, а не сваю марыянэтку. Неверагодна, каб ён насамрэч камусьці перадаў уладу".

Якія насамрэч мэты інфармацыйнай атакі Масквы?


Карбалевіч: “Як адзначылі мае суразмоўцы, гэтыя сцэнары малаверагодныя. Тады якія насамрэч мэты інфармацыйнай атакі Масквы на беларускага лідэра? Ці ніякай канкрэтнай задачы няма ўвогуле? Гэта проста ірацыянальная помста за нявыкананыя абяцаньні?"

Класкоўскі: “У мяне вялікія падазрэньні, што ніякай прадуманай стратэгіі ў расейскага кіраўніцтва няма. Бо вельмі шмат эмацыйнасьці, асабістыя стасункі паміж лідэрамі Беларусі і Расеі вельмі кепскія. Стыль гэтай інфармацыйнай вайны можна вызначыць словамі Пуціна "мачыць у сарціры" Вось тыя фільмы на “НТВ” — гэта чорны піяр, "мачылава" безь вялікіх мастацкіх вартасьцей.

Увогуле, калі чытаць матэрыялы расейскіх мэдыяў пра Беларусь, то складваецца ўражаньне, што беларускую ніву па камандзе зьверху ўзяліся распрацоўваць нэафіты. Таму што там сустракаюцца ляпы, няведаньне беларускай сытуацыі. Кіроўная эліта і экспэртная супольнасьць Расеі проста дрэнна ведаюць Беларусь. Шмат гадоў яны жылі мітамі пра хуткае аб'яднаньне, да якога, нібыта, імкнуцца ўсе беларусы. Калі гэтая схема разбурылася, яны апынуліся ў роспачы, ня могуць знайсьці тут сваю апору.

Калі казаць пра мэты інфармацыйнай вайны, то яны сытуацыйныя. Па-першае, трэба растлумачыць расейскаму грамадзтву, чаму ад братэрскага аб'яднаньня перайшлі да "мачылава". Па-другое, па магчымасьці пасеяць сумневы ў беларускай эліце і электараце. Па-трэцяе, гэта псыхалягічны ціск на Лукашэнку.

Але калі казаць пра эфэкт, то тут бабуля надвае варажыла. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што беларускія ўлады даволі ўдала скарыстоўваюць гэты канфлікт для ўзмацненьня незалежніцкай рыторыкі і падвышэньня рэйтынгу Лукашэнкі".

Коктыш: “Сапраўды, гэтая інфармацыйная вайна арыентаваная на расейскі электарат. Сэнс яе палягае ў тым, каб растлумачыць насельніцтву, чаму Расея не зьбіраецца інтэгравацца зь Беларусьсю, і чаму яе трэба здымаць з расейскіх датацыяў. Гэта нейкая легітымацыя шлюбаразводнага працэсу.

У расейскай эліты сфармавалася думка, што ў Мытным саюзе Маскве было б зручней з Казахстанам безь Беларусі. Расея рыхтуецца жыць далей безь Беларусі ў якасьці саюзьніка. І тут гаворка ідзе не пра гульні, эмоцыі ці піяр, а пра прадуманае рашэньне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG