Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Для нас гэта будзе другі Чарнобыль"


У Беларусі ва ўмовах надзвычайнай сьпёкі павялічваецца пагроза пажараў у лясах і на балотах на так званых чарнобыльскіх тэрыторыях.

Гэта небясьпека ўзрастае ў сувязі з тым, што ў суседніх зь Беларусьсю раёнах Бранскай вобласьці пажары на забруджаных землях ужо пылаюць. Тым часам працаўнікі лясной гаспадаркі скардзяцца на недахоп тэхнічных сродкаў, якія б маглі дапамагчы прадухіліць пажары.

ГОМЕЛЬШЧЫНА

"Ехалі ў Маскву — задыхаліся ад дыму"

У суседнім з Браншчынай Добрускім раёне Гомельшчыны мясцовыя жыхары пакуль асабліва не адчуваюць дыму ад лясных пажараў, якія апанавалі суседнія расейскія рэгіёны. Аднак спадарыня Вольга з пасёлку Майскі паспытала расейскага смогу.

"Вось мы ехалі — да Масквы яшчэ невядома колькі, а ў аўтобусе — ехалі аўтобусам са стрыечнай сястрой з Добруша — мы ўжо задыхаліся. Тут, у пасёлку, адчувалася крыху, але мы ня ведалі, адкуль гэта. Думалі, недзе ў нас гарыць. А ўнук мой кажа: "Бабуля, гэта з Масквы нам прэ".

Аднак ужо гарэла ў Добрускім раёне і мясцовае балота — ля пасёлка Пакроўскі, які таксама забруджаны радыяцыяй. Амаль 10 гадзін залівалі пажарныя агонь на тарфяніку.

"Зону" адмянілі, але ж дзеці хварэюць, шмат сярод іх інвалідаў"

C
упрацоўніца мясцовага сельсавету хвалюецца. Паведамляе, што чарнобыльскія ільготы адмянілі заўчасна:

"У нас ужо "зону" ў гэтых пасёлках адмянілі, ільготы ліквідавалі. Але ж тут застаецца ўзровень радыяцыі ад 1 да 15 кюры. Дзеці хварэюць. У нас тут непадалёк, у вёсцы Ігаўка, шмат дзяцей-інвалідаў, хваробы якіх зьвязаныя з Чарнобылем. Яно ж бачна! Няўзброеным вокам бачна, што дзеці не такія, як былі раней".

Сьпёка й суш прымушаюць людзей хвалявацца за ўраджай і непакоіцца наконт кожнага дымка, асабліва калі паселішча аточана лесам.

Самасёлаў заражанай радыяцыяй вёскі Дзям’янкі таго ж Добрускага раёну, які мяжуе з Бранскай вобласьцю Расеі, нядаўна моцна напалохаў дым. Аднак гэта ня быў дым ад пажараў з расейскага боку. Да яго спрычыніліся не суседзі, а мясцовая міліцыя.

"У нас тут наўкола травой пазарастала, усюды лес сухі стаіць. Калі загарыцца, то ўскіпіць усё тут"

Апавядае спадарыня Раіса зь вёскі Дзям’янкі — пасьля чарнобыльскай катастрофы яна з мужам адмовілася перасяляцца на чыстую тэрыторыю:

"У суседняй Кругоўцы міліцыя касіла каноплі ды запаліла іх. Там побач гной высахлы ляжаў — дык і гной загарэўся. Дымілася тая куча, у нас так дымам пахла. Тут побач Кругоўка й Бярозкі. Каноплі нібыта парасьлі, міліцыя іх касіла й паліла. Тут жа ў нас наўкола ўсё травой пазарастала, усюды стаіць лес. Тады тут ужо ўсё — пішы прапала, як загарыцца. Ускіпіць усё тут".


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

"Пажарную пагрозу ўтойвае пойма Прыпяці"

Навукоўцы Берасьцейшчыны папярэджваюць, што з кожным днём сьпёкі сытуацыя пагаршаецца, асабліва на сухіх і забруджаных тэрыторыях.

Супрацоўнікі Пінскага экалягічнага інстытуту НАН Беларусі адзначаюць, што найбольшую небясьпеку сёньня ўяўляе сабой пойма Прыпяці, каля якой багата дробных вёсак і хутароў:

"Рэальная пагроза пажару з наступствамі на ўзроўні ахвяраў на Палесьсі вельмі рэальная. Расьліннасьць можа загарэцца ад выпадковай запалкі, ад маланкі. Акрамя таго, балоты, асабліва зараз, маюць вельмі непрыемную асаблівасьць — самаўзгараньне торфу пры яго перагрэве ад сонца".

Такім чынам, паводле навукоўца, пажар можа ўзьнікнуць і без так званага чалавечага фактару. У Столінскім раёне існуюць балоты, дзе ўтрыманьне радыёнуклідаў складае каля пяці кюры. Большасьць жа балотных масіваў утрымліваюць каля аднаго кюры. Пажары ў гэтай зоне могуць стаць сапраўднай катастрофай, кажа навуковец:

"Калі балоты загарацца, гэта будзе хай і дымавы, але Чарнобыль"

"Уся радыяцыя ўтрымліваецца ў моху. Калі будзе сьпёка да канца жніўня, то рызыка ўзгараньня гэтага моху ўзрасьце шматкроць. Тым больш што якраз у гэты час людзі пойдуць зьбіраць журавіны. Калі гэтыя балоты загарацца, гэта будзе хай і дымавы, але другі Чарнобыль".

Кожны дзень палешукі чуюць пра пажары. З другога боку, у гарачыню і сьпёку вялікай патрэбы хадзіць у лес няма. Ягадны сэзон скончыўся, а грыбоў у лесе зараз не знайсьці, кажа жыхарка Лунінецкага раёну:

"Баімся вельмі пажараў. Але пакуль у нас абстаноўка спакойная. Суніцы скончыліся, грыбоў няма зусім, таму лес практычна ніхто не наведвае".

У Пінскім раёне сытуацыя падобная. Асаблівых пажараў няма, але кожны выпуск мясцовых газэт выходзіць з папярэджаньнем пра тое, што лес, балоты наведваць бязь пільнай патрэбы ня варта, кажа жыхарка Пінскага раёну:

"У райгазэце "Навіны Палесься" пастаянна друкуецца папярэджаньне пра магчымыя пажары. Людзі стараюцца не наведвацца ў лес, на возера, балота. Баімся вельмі пажараў, тым больш што ў навінах пра гэта шмат гаворыцца. Але пакуль у нас тут няма агню. Раней, некалькі гадоў таму, калі гарэлі балоты, то нават паветра пахла дымам. А цяпер спакойна".

У Столінскім раёне вёска Глінка — якраз на балоце. Шмат лясоў каля вёсак таксама стаяць на тарфяніках. Мясцовая жыхарка кажа, што зараз існуе забарона самастойна наведваць лес. Гэта можна зрабіць толькі зь лесьніком або супрацоўнікам лясгасу:

"Наша вёска стаіць на балоце. Але зараз пакуль, дзякуй Богу, спакойна. Пажараў няма. Празь мясцовую прэсу, на інфармацыйных слупах каля крамы вісіць цыдулка пра забарону наведваньня лесу і балота. Вяскоўцы нават ня могуць нарыхтаваць сабе дроў".


МАГІЛЁЎШЧЫНА

Пажары адбыліся ўжо ў кожным лясьніцтве

На пацярпелай ад Чарнобылю Магілёўшчыне сёлета няма лясьніцтва, дзе не здаралася б лякальных пажараў. Вось што паведаміў журналістам начальнік аддзелу Магілёўскага абласнога лесагаспадарчага аб'яднаньня Генадзь Францікаў:

"У гэтым сэзоне адбылося 108 пажараў. А ў апошнія дні жніўня — 20. Пацярпелі ўжо ўсе лясгасы — у кожным адбываліся пажары. А найбольшая колькасьць — у Асіповіцкім, Бабруйскім і Магілёўскім".

Паводле слоў лясьнічага Балонаўскага лясьніцтва Сяргея Цягліка, кантроль за небясьпечнай сытуацыяй дапамагае весьці відэакамэра. Яна ўсталявана на вышцы і перадае карцінку зь лесу ў дыспэтчарскую кругласутачнага дзяжурства.

"Практычна адна такая відэакамэра пакрывае ўсю тэрыторыю нашага лясьніцтва, ахоплівае 35 кілямэтраў. Камэра ў нас працуе ўжо трэці год. Збояў няма. Працуе нармальна".

Дзейных відэакамэраў толькі 60, а сытуацыя вымагае хаця б 600

У Міністэрстве лясной гаспадаркі ўдакладняюць: дзейных відэакамэраў толькі 60, пры патрэбе як мінімум 620. Ведамства ня можа набыць патрэбную апаратуру нават у крэдыт, бо каштуе адна камэра прыкладна 30 мільёнаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG