Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Г.Бураўкін: "Тое, што некаторыя стараюцца забыць пра гэту падзею, кашчунна"


Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін
20 год таму, 27 ліпеня 1990 году, Вярхоўны Савет тады яшчэ БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Яшчэ праз год, 25 жніўня 1991 году, дэпутаты надалі Дэклярацыі статус канстытуцыйнага закону, аформіўшы паўнавартасную дзяржаўную незалежнасьць сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. Як сёньня ў Менску адзначалі 20-годдзье дэклярацыі?

Да рэфэрэндуму 1996 году 27 ліпеня было галоўным дзяржаўным сьвятам — Днём Незалежнасьці. Сёньня афіцыйны Менск гэтую гістарычную дату ня ўзгадвае, ніводная дзяржаўная газэта не ўзгадала пра 20-годзьдзе Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. А 27 ліпеня 1994 году, праз тыдзень пасьля інаўгурацыі, Аляксандар Лукашэнка на ўрачыстым паседжаньні ў філярмоніі ў гонар 5-х угодкаў Дэклярацыі, выступіў з патрыятычнай прамовай на беларускай мове.

Чаму дзяржава і яе кіраўнік ігнаруюць дату прыняцьця Дэклярацыі незалежнасьці, разважае дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня Ўладзімер Сапронаў, які тады не належыў ні да фракцыі апазыцыі, ні да ўлады, а быў цэнтрыстам:
Лукашэнка хоча забыць пра ўсё, што было зьвязанае з Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня ...

"Спадар Лукашэнка хоча забыць пра ўсё, што было зьвязанае з Вярхоўным Саветам 12-га скліканьня. І ня толькі пра гэтую дату. І пра зьбіцьцё дэпутатаў. Пра ўсё. Ён жа абяцаў, што пакажа ўсяму беларускаму народу, што адбывалася ў парлямэнце, калі апазыцыя захапіла Авальную залю. Так і не паказаў. Усё, што было ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, яму так хочацца забыць..."

Паэт Генадзь Бураўкін пры канцы 1980-х — на пачатку 1990-х быў кіраўніком прадстаўніцтва Беларусі ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацыяў:

"Гэта гістарычная падзея, і тое, што некаторыя пра яе стараюцца забыць, гэта ня проста сьмешна, гэта кашчунна. Кожны народ хоча мець сваю нацыянальную дзяржаву, калі ён народ варты, калі народ цывілізаваны, калі народ культурны, калі народ магутны. І мы рады, што вось ужо 20-я ўгодкі гэтай падзеі".

Сёньня дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, прадстаўнікі палітычных партый і рухаў усклалі кветкі на магілы сваіх калег, якія заўчасна пайшлі з жыцьця — Генадзя Карпенкі, Ігара Герменчука, Дзьмітрыя Булахава, Георгія Таразевіча, Генадзя Бачарова ды іншых, а таксама наведалі магілы пісьменьнікаў Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча, гісторыка Міхася Ткачова, фатографа Ўладзімера Кармілкіна, які ствараў фоталетапіс тых часоў і падзеяў.

На магіле Васіля Быкава яго блізкі сябар паэт Генадзь Бураўкін прамовіў:

"Ён сапраўды адзін з тых, хто гэту дату набліжаў усёй сваёй сутнасьцю, і сваім магутным талентам, і сваёй беларускасьцю, і сваёй мудрасьцю. Рух за незалежнасьць Беларусі таксама ўздымаў Васіля Быкава".

Дэпутат Вярхоўнага Саветe 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі ўзгадвае пра намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 12-га і 13-га скліканьня Генадзя Карпенку:

"Генадзь Карпенка быў, безумоўна, чалавекам адметным, калярытным і харызматычным. Пры іншых абставінах ён бы мог пасьпяхова кіраваць дзяржавай. Узгадваю, калі 25 жніўня 1991 году Дэклярацыі аб сувэрэнітэце была нададзена сіла канстытуцыйнага закону, калі была абвешчана незалежнасьць Беларусі, прэм'ер-міністар Кебіч сказаў у кулюарах, што падае ў адстаўку, сярод намэнклятуры пачалася паніка. Я падышоў да Генадзя Дзьмітрыевіча і спытаў: "Вы гатовы ўзначаліць урад, калі Кебіч пойдзе ў адстаўку?" Ён сказаў: "Гатовы"...

Але ўсё пайшло па іншым сцэнары, Кебіч застаўся прэм'ерам да 1994 году. А Генадзь Карпенка заўчасна памёр у 1999 годзе...

Усклалі кветкі і да магілы Ігара Герменчука, які памёр ад цяжкай хваробы ў 41 год. Узгадвае дэпутат Лявон Дзейка:

"Многія з нас памятаюць тую надзвычай папулярную газэту "Свабода" пад рэдагаваньнем Ігара Герменчука. Гэта газэта пакінула вельмі яркі сьлед у грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. Потым ён рэдагаваў газэту "Навіны". І ўжо ў канцы жыцьця, будучы хворым, ён выдаваў часопіс "Кур'ер". Гэта быў чалавек вельмі аптымістычнага складу, дружалюбны, сяброўскі..."

Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі прыгадаў, што з таго парлямэнту, які прымаў 20 гадоў таму Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце, амаль траціны ўжо няма...

На магіле Ўладзімера Кармілкіна

На магіле Ігара Гермянчука

На магіле Васіля Быкава

На магіле Генадзя Карпенкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG