Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчу з саляркай і цыгарэтамі


На беларуска-польскім памежным пераходзе «Брузгі-Кузьніца», што недалёка ад Горадні, чарга з машынаў на выезд расьцягнулася больш як на 2 кілямэтры. Людзі кажуць, што гэта вельмі клапотная справа — вазіць салярку і цыгарэты на продаж, але іншага заробку знайсьці немагчыма.


У чарзе да мяжы пераважна «фольксваген-пасаты», бо ў іх бак уваходзіць 110 літраў бэнзіну. Людзі відавочна стомленыя, бо прыпякае сонейка. Нехта сьпіць у кабіне, а нехта абедае. Дарэчы, за рулём шмат жанчын і яшчэ зусім маладых дзяўчат.

Падыходжу, пытаюся — ці доўга стаіце ў чарзе?

Спадарыня: «З восьмай гадзіны раніцы».

Карэспандэнт: «І ў колькі думаеце патрапіць у Польшчу?»

Спадарыня: «Адкуль я ведаю? Мару, каб хоць у гэтую зьмену пераехаць мяжу…»

Нашай размовай зацікавіліся спадары і скардзяцца, што тут творыцца невядома што, многія пралазяць без чаргі.

Спадар: «Бачыце, тры чаргі стаяць…»

Карэспандэнт: «А міліцыянты што, ніяк не рэагуюць?»

Спадар: «От, яны нешта спрабуюць, але воз і дагэтуль там…»

Другі спадар: «Тут такія чэргі — жах. Міліцыя нічога ня робіць, мытнікі таксама бязьдзейнічаюць. А ўначы наагул восем чэргаў. Усе лезуць і ніхто нікуды не глядзіць».

Мае суразмоўцы кажуць, што падвышэньне цэнаў на бэнзін трохі закранула іхні бізнэс, але ўсё роўна гэта застаецца вельмі важнай крыніцай дадатковага заробку, бо на тыя грошы, што плацяць на беларускіх прадпрыемствах, пражыць немагчыма.

Спадар: «Ну, вось у мяне заробак 450 тысяч. Ну скажыце, можна пражыць на 150 даляраў у нас?»

Спадарыня: «А ў мяне 400 тысяч і дзьве дачкі на выданьні. Там падпрацоўваю, яшчэ недзе, гаспадарку трымаем. Во, дзяўчат перавяла на завочнае, каб дапамагалі, бо заплаціць за іх навуку няма чым».

Як зазвычай, у Польшчу вязуць салярку і цыгарэты, а адтуль — што толькі давядзецца, бо, са слоў людзей, там усё таньнейшае: і харчы, і вопратка, і тэхніка.
Калі б кожны мог у нас спакойна зарабіць, апрануць, абуць, накарміць сваіх дзяцей — тут бы чэргаў не было.


Спадарыня: «Калі б кожны мог у нас спакойна зарабіць, апрануць, абуць, накарміць сваіх дзяцей — тут бы чэргаў не было».

Карэспандэнт: «Але ж, напэўна, за адны такія паездкі сям’ю не пракорміш?»

Спадарыня: «Тут хто імкнецца зарабіць, хто купіць таньней нейкія рэчы. У кожнага як атрымліваецца».

Карэспандэнт: «Але вялікіх грошай не заробіш?»

Спадарыня: «А дзе тут вялікія грошы? Тут пакладзеш толькі здароўе, а потым пойдзеш купляць лекі, вось і ўсё…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG