Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканомія на хворых дзецях


Гэтай шыльды хутка ня будзе.
Гэтай шыльды хутка ня будзе.

На Магілёўшчыне ў райцэнтры Клімавічы зачыняюць дапаможную школу-інтэрнат. У ёй вучацца дзеці з разумовымі адхіленьнямі. У аддзеле адукацыі райвыканкаму закрыцьцё спэцыяльнай навучальнай установы аргумэнтуюць тым, што на аднаго вучня дзяржава выдаткоўвае зашмат сродкаў. Наступны навучальны год дзеці з асаблівасьцямі псыхічнага разьвіцьця сустрэнуць у звычайных школах.


Пра закрыцьцё школы стала вядома дзякуючы пратэстам бацькоў. Іх абурэньне спрабавалі суняць на сходзе. Пра гэта паведаміў «Свабодзе» Міхаіл Лаковіч, дзед гадаванца гэтай школы:

«Прэсавалі на сходзе так людзей, асабліва мэтадыст. Зь ёй дужа схапіліся. Я гавару, спэцыялісты ж у школе працуюць. Там дзеці да канца школы паступаюць у Хоцімск у вучэльню. Яны ў сваёй школе як браты. А ў інтэграваных клясах яны па два гады праседзелі, ні „А“, ні „Б“ — нічога. Калі хто захоча, кажуць нам, навучыцца — яны навучацца».

Праблемы ў школе-інтэрнаце пачаліся два гады таму, калі яе ўтрыманьне пераклалі з абласнога бюджэту на раённы. У школе пакінулі толькі мясцовых дзетак. Нетутэйшых разьмеркавалі па іншых установах вобласьці. Тое, што школу сёлета зачыняюць, пацьвердзілі ў райвыканкаме.

Дужа вялікія выдаткі на адно дзіця. Сёлета гэта было каля пятнаццаці мільёнаў.
«Дужа вялікія выдаткі на адно дзіця. Сёлета гэта было каля пятнаццаці мільёнаў. Калі школа-інтэрнат была абласнога падначаленьня, у ёй займаліся сто дзевяноста дзетак з усяе вобласьці. Пасьля таго як школа стала раённага падначаленьня, то ў ёй цяпер займаюцца 38 дзетак. Розьніца занадта вялікая. Гэтыя дзеці могуць навучацца ў інтэграваных клясах агульнаадукацыйных школ», — паведаміла начальніца аддзелу адукацыі райвыканкаму Тацяна Марус.

Тым часам калектыў школы-інтэрнату ня мае пэўнасьці ні адносна свайго працаўладкаваньня, ні наконт будучыні сваіх гадаванцаў:

«У нас школа спэцыялізаваная з працоўным ухілам. Пасьля школы мы стараемся, каб нашыя дзеткі пайшлі далей вучыцца. Прасочваем, хадайнічаем, каб іх працаўладкаваць. Што будзе далей — гэта вялікае пытаньне, так скажам. Мы ўжо зьмірыліся. А што рабіць? Відаць, іншага шляху няма. Цяпер у нас дзетак 38. А на наступны год застаецца 25. Для 25 чалавек, канечне, ніхто школы трымаць ня будзе», — зазначыла ў тэлефоннай гутарцы супрацоўніца школы-інтэрнату.

Клімавіцкая школа-інтэрнат — ня першая, якую зачыняюць. Ва ўправе спэцыяльнай адукацыі Беларусі паведамілі, што за апошняе дзесяцігодзьдзе зачыніліся каля трыццаці працэнтаў навучальных устаноў для дзяцей з псыхічнымі адхіленьнямі. Іх закрыцьцё абумоўлена патрабаваньнямі часу, цьвердзіць спэцыялістка ўправы. А як жа ўспрымаюць такіх дзяцей у звычайных клясах?

«Напэўна, ёсьць выпадкі неўспрыняцьця, аднак гэта прыватныя выпадкі. Ствараючы самыя клапатлівыя ўмовы ў спэцыяльных школах-інтэрнатах, мы абмяжоўваем для іх вучняў сацыяльнае атачэньне. Яны ж потым пойдуць у сьвет. А як кантактаваць са здаровымі аднагодкамі?»

На Магілёўшчыне засталося толькі тры школы для дзяцей з разумовымі адхіленьнямі. У клімавіцкай жа раней вучыліся дзеці зь дзевяці раёнаў вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG