Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы ўспамінаюць як зьнішчалі палякаў


У Кіеве сёньня адкрылася фотавыстава прысьвечаная ахвярам масавага вынішчэньня палякаў ды габрэяў украінскімі нацыяналістамі ў часе Другой сусьветнай вайны.

Выстава, названая "Валынская разьня: польскія і габрэйскія ахвяры АЎН-УПА" (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў - Украінская паўстанцкая армія), была арганізаваная дэпутатамі кіроўнай у краіне Партыі рэгіёнаў і польскім "Таварыствам ахвяраў украінскіх нацыяналістаў".

Былая прэм'ер-міністарка Ўкраіны Юлія Цімашэнка выказала сваё абурэньне мерапрыемствам, дадаўшы, што "новыя ўлады ненавідзяць усё ўкраінскае." Каля дзесятка чальцоў апазыцыйнай Партыі Свабоды, якія спрабавалі перашкодзіць правядзеньню выставы, былі затрыманыя міліцыяй.

Пад час нямецкай акупацыі Валыні там былі вынішчаныя дзясяткі тысяч польскіх цывільных жыхароў. Гісторыкі вядуць дыскусіі адносна ступені адказнасьці ўкраінскіх нацыяналістаў за гэтыя забойствы.

Аташэ ў справах культуры і навукі польскай амбасады ў Кіеве Ольга Гнацюк назвала выставу маніпуляцыяй. "Гэта робіцца для таго, каб выклікаць вострыя эмоцыі, і я рэзка выказваюся супраць такіх злоўжываньняў." -- заявіла аташэ.
XS
SM
MD
LG