Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку чакаюць на хакейным чэмпіянаце сьвету


Прэзыдэнт Нямецкага хакейнага саюзу Увэ Харнас не выключае асабістай прысутнасьці на чэмпіянаце сьвету ў хакеі Аляксандра Лукашэнкі: "Я сыходжу з таго, што ён прыедзе на спаборніцтвы. Прынамсі размовы на гэтую тэму вядуцца", - сказаў ён y інтэрвію "Deutsche Welle".


У прэзыдэнцкай прэс-службе такую інфармацыю пакуль не пацьвярджаюць і не камэнтуюць. Аднак ні для каго не сакрэт, што Лукашэнка ёсьць самым актыўным прапагандыстам хакею ў Беларусі.

Нагадаем, што хакейны чэмпіянат сьвету будзе праходзіць у Нямеччыне з 7 да 23 траўня. Каманда Беларусі трапіла ў групу "А", дзе на папярэднім этапе сустрэнецца са зборнымі Расеі, Славаччыны і Казахстана.

У 2014 годзе ўсясьветнае першынства пройдзе ў Беларусі. Летась Нямецкі хакейны саюз падтрымаў заяўку Менска. Па словах Увэ Харнаса, ён падтрымлівае шчыльныя стасункі зь беларускімі калегамі, якія курыруюць падрыхтоўку да чэмпіянату сьвету-2014. І лічыць, што беларускія спэцыялісты скарыстаюцца напрацаваным досьведам немцаў у справе арганізацыі хатніх чэмпіянатаў.

На нядаўніх Алімпійскіх гульнях у Ванкувэры беларуская зборная выступіла надзвычай няўдала, заняўшы ў выніку 9 месца. У актыве беларусаў толькі адна перамога – над камандай Нямеччыны. Перад ад'ездам у Канаду спартовыя чыноўнікі патрабавалі ад каманды месца, ня горшага за Алімпіяду ў Солт-Лэйк Сыці, дзе Беларусь фінішавала чацьвёртай. Невыразная гульня каштавала пасады галоўнаму трэнэру зборнай Міхаілу Захараву.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG