Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэрбія перапрасіла за Срэбраніцу


Парлямэнт Сэрбіі прыняў рэзалюцыю з афіцыйнай просьбай прабачыць ёй за масавыя забойствы басьнійскіх мусульманаў у Срэбраніцы ў 1995 годзе, якія былі арганізаваныя басьнійскімі сэрбамі.


За рэзалюцыю, якая асуджае расстрэл больш як 8 тысяч басьнійскіх мусульман у Срэбраніцы, прагаласавалі 127 дэпутатаў – на два галасы болей, чым патрабавалася для прыняцьця станоўчага рашэньня.

У дакумэнце просяць прабачэньня ад блізкіх ахвяраў найбольш масавага злачынства ў Эўропе з часу II усясьветнай вайны. Таксама там гаворыцца пра важнасьць арышту генэрала Радкі Младзіча, які камандаваў сіламі басьнійскіх сэрбаў у Срэбраніцы.

Як ацэньваюць дэклярацыю ў сэрбскім грамадзтве? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да супрацоўніка паўднёваславянскай службы Радыё Свабода Драгана Штаўляніна.

Драган Штаўлянін
“Для Сэрбіі важнае гэтае прызнаньне страшнага злачынства ў Срэбраніцы, паколькі здымае калектыўную віну з сэрбскага народу за злачынствы, якія адбыліся ў 90-х гадах. Тым ня менш гэтая рэзалюцыя сэрбскага парлямэнту ўжо скрытыкаваная з двух бакоў. З аднаго боку выказваецца незадавальненьне, што ў дэклярацыі сэрбскага парлямэнту не гучыць тэрмін “генацыд”, чаго патрабавалі басьнійцы і прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці. З другога – прадстаўнікі нацыяналістычнай апазыцыі лічаць, што, прымаючы дэклярацыю, Сэрбія бярэ на сабе калектыўную адказнасьць за злачынства".

Прэзыдэнт Борыс Тадзіч у 2005 годзе прыняў удзел у цырымоніі памяці ахвяраў Срэбраніцы ў дзясятую гадавіну злачынства і папрасіў прабачэньня ў родных ахвяраў, але быў за гэта скрытыкаваны пэўнымі групоўкамі ў Бялградзе.

Тым ня менш аглядальнікі заўважаюць, што дэклярацыя зьяўляецца важным крокам Сэрбіі на шляху да ўваходжаньня ў Эўразьвяз і набыцьця статусу кандыдата, чаго дамагаецца прэзыдэнт Борыс Тадзіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG