Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонім: спрэчка вакол старых муроў


У Слонімскім раёне на зямлі фэрмэра Генрыха Засімовіча дарожнікі вырашылі разбурыць сьцены былой панскай гаспадарчай пабудовы. Мэта — вырабіць друз для будаўніцтва дарог. Фэрмэр зямлю арандуе, старыя занядбаныя будынкі яму не належаць, але яму шкада іх. У спрыяльных умовах былую панскую сядзібу можна было б выкарыстаць дзеля агратурызму, кажа ён.


Каля вёскі Рудаўка Слонімскага раёну захаваліся сьцены былой сядзібы пана Міхайлоўскага. Беларускі вясковы краявід бедны архітэктурна: амаль не сустракаюцца старыя камяніцы, наўсьцяж — жывёлагадоўчыя фэрмы і сіласныя вежы. Наколькі часта дарожнікі выкарыстоўваюць старыя будынкі для сваіх мэтаў, як гэта вырашыў зрабіць начальнік Слонімскага ДРБУ-191 Іван Кулак? Намесьнік галоўнага інжынэра “Гроднааблдарбуду” Васіль Анегін:

“Не, каб у загадным парадку разьбіраць усё запар — не, канечне. А навошта фэрмэру, ён хоча штось пабудаваць там? Я ня думаю, што хтосьці мог паставіць Кулаку Івану Анатольевічу — разьбірай як хочаш, хоць ты Крэмль разьбяры маскоўскі, але каб забясьпечыў нарыхтоўку друзу…”

Сам Іван Кулак лічыць, што сьцены былога панскага хлява — лядашчыя, небясьпечныя для мясцовых жыхароў:

“Раствору практычна ніякага. Там каго-небудзь заваліць можа, туды і дзеці ходзяць, там былы панскі маёнтак. Сьцены толькі для таго, каб іх разабраць, больш ні для чога не прыдатныя. Мы хацелі б разьбіць камень са сьценаў для выпуску асфальтна-бэтоннай сумесі. Гэта ж не ідзе размова аб ста тонах, мне тры тысячы тонаў трэба гэтага друзу, каб зрабіць асфальт. У мяне на тэлефоне зьнята, гэта рэшткі нейкай прыбудовы, я адтуль родам, я ведаю. Засталіся толькі голыя сьцены, дый напалову разбураныя. Якая архітэктурная каштоўнасьць можа быць?”

Спадар Кулак сказаў, што каб усё было законна, ён папярэдзіў старшыню Слонімскага райвыканкаму Ёсіфа Паўлюкевіча. Да раённага начальніка мусіў зьвяртацца і сам фэрмэр Генрых Засімовіч:

“22 сакавіка была сустрэча фэрмэраў у райвыканкаме. Там гаварылася, што рыхтуецца пастанова ва ўрадзе, каб такія пустуючыя памяшканьні аддаваць фэрмэрам у карыстаньне. Атрымліваецца, што трэба гэта спачатку разбурыць, а потым новае пабудаваць, нейкую бутафорыю. А можна было б агратурызмам займацца. Пабудовам гэтым больш за сто гадоў. Старшыня райвыканкаму Паўлюкевіч мне сказаў, што мне выдзелены толькі зямельны ўчастак, а пабудовы — яны не мае. Шкада працы тых людзей, тых пакаленьняў, каторыя будавалі ўсё гэта. Тут гэтага каменя на палях — крушні цэлыя. Проста гэта абурае”.

Генрых Засімовіч напісаў заяву на імя кіраўніка раёну з просьбай не руйнаваць сьцены былой панскай гаспадарчай пабудовы.

Меркаваньне старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антона Астаповіча:

“Ёсьць дзясяты артыкул Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Там гаворыцца пра кампэтэнцыю мясцовых органаў улады ў галіне аховы гэтай спадчыны. Яны павінны сумесна з грамадзкасьцю падаваць прапановы па наданьні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасьці, павінны выяўляць і інвэнтарызаваць помнікі. Тут паказчык таго, што Слонімскі выканкам проста не працуе ў гэтай галіне. Ёсьць гістарычныя муры, і калі чалавек хоча іх захаваць, яго павінны падтрымаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG