Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чорнае золата” з Вэнэсуэлы — па цане жоўтага?


Да лета павінны быць адпрацаваныя лягістычныя шляхі пастаўкі вэнэсуэльскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Аляксандар Лукашэнка паставіў задачу перад урадам, каб быў задзейнічаны перадусім трубаправодны транспарт, а да перапрацоўкі далучаны ня толькі Мазырскі НПЗ, як плянавалася раней, але і Наваполацкі. Плянуецца, што ўжо сёлета з Вэнэсуэлы будзе дастаўлена 4 мільёны тон нафты, аднак у агляднай пэрспэктыве штогадовы аб’ём мае скласьці ня меней за 10 мільёнаў тон. Ці здолее заморскае “чорнае золата” стаць альтэрнатывай расейскаму? І ці ня будзе вэнэсуэльская нафта насамрэч па залатой цане?


Перад дзяржаўнымі экспэртамі акрэсьленая задача ацаніць усе магчымыя маршруты транспартаваньня вэнэсуэльскай нафты на тэрыторыю Беларусі. Схема ўзаемазалікаў праз рэалізацыю сыравіны на лацінаамэрыканскім рынку ў дадзеным выпадку не разглядаецца. Дэкляраваная мэта — загрузка нафтаперапрацоўчых заводаў менавіта сыравінай з Вэнэсуэлы. Дзеля гэтага трэба пралічыць эфэктыўнасьць транспартных калідораў: праз тэрміналы Літвы і Латвіі — з аднаго боку, і Ўкраіны — з другога.

Ці магчыма спадзявацца на дэмпінгавы кошт вэнэсуэльскай нафты з улікам асаблівых стасункаў прэзыдэнтаў Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі? Экспэрт у нафтагазавай галіне Аляксандар Мех лічыць, што нават самыя блізкія кантактаваньні ня могуць паўплываць на транспартныя выдаткі, якія зробяць “залатой” нават саму танную прадукцыю:

“Такая нафта ня можа быць таннай з улікам хоць бы таго, што яна будзе дастаўляцца танкерамі. Як можна меркаваць, гэта больш палітычны праект, чым эканамічны. Справа ў тым, што ў любым выпадку нафта пойдзе праз тэрыторыю некалькіх краінаў, а кожная краіна таксама будзе імкнуцца на гэтым зарабіць. А значыць, кошт чарговым разам павялічваецца. Мяркую, што схема распрацоўваецца з такім падтэкстам, каб улічыць інтарэсы непасрэдна Чавэса і Лукашэнкі. Нічые больш інтарэсы тут ня ўлічваюцца”.
Cхема распрацоўваецца, каб улічыць інтарэсы Чавэса і Лукашэнкі. Нічые больш інтарэсы тут ня ўлічваюцца.


Карэспандэнт: “Калі выбіраць з двух варыянтаў — прыбалтыйскага і ўкраінскага — які, на ваш погляд, усё ж больш прымальны?”

“Калі нейкая схема будзе ўсё ж выпрацоўвацца, то самы танны кірунак — праз Клайпеду. Значэньне напрамку “Адэса — Броды” я б не перабольшваў, таму што калі нафта ідзе праз трубаправод, то вельмі шмат энэргіі дадаткова патрабуецца, каб кампрэсары гэтую нафту перапампавалі. То бок — пры тым, што ніяк не выпадае адмаўляцца ад расейскай нафты — трэба шукаць шляхі дастаўкі нафты зь іншых краінаў. Але гэта павінна быць не вэнэсуэльская нафта. Перадусім з-за адлегласьці. Ёсьць шмат прадаўцоў нафты і на нашым кантынэнце. У першую чаргу гэта арабская нафта”.

Ужо ў траўні ў Беларусь плянуецца даставіць пробную партыю вэнэсуэльскай нафты аб’ёмам 80 тысяч тон. Мяркуецца, што танкерам нафту даставяць да Адэсы, а затым чыгункаю транспартуюць на Мазырскі НПЗ. Доўгатэрміновы сцэнар супрацоўніцтва на ўкраінскім кірунку будзе яшчэ ўзгадняцца — найперш у пытаньні магчымасьці эфэктыўнага выкарыстаньня нафтаправоду “Адэса — Броды”. Між тым адмысловец у энэргетычных пытаньнях Станіслаў Гусак лічыць, што гэты шлях найбольш верагодны:

“Пакуль складана казаць, як будзе падавацца нафта, якім транспартам, як увогуле будзе рэалізоўвацца задума наконт падачы сыравіны. Але калі бакі ўсё ж дамовяцца, то не выключаю, што першы час будзе задзейнічаная перадусім чыгунка ад Адэсы да Мазыра. Надалей можа быць і нафтаправод праз Броды. Але ў любым выпадку ўжо ёсьць некалькі варыянтаў падачы нафты, бо тэрмінал у Ільічоўску падрыхтаваны для таго, каб прыняць неабходную
Cядзець выключна на расейскай нафце небясьпечна.
колькасьць нафты для таго ж Мазыра. Аднак відавочна, што сядзець выключна на расейскай нафце небясьпечна. Таму што нафта ў Расеі заканчваецца, пра гэта трэба таксама памятаць. Думаю, празь які дзясятак гадоў пра расейскую нафту можна будзе толькі згадваць. Таму трэба шукаць новыя крыніцы і загадзя дамаўляцца пра тое, якім чынам яна паступала б”.

Паўночны варыянт нафтавых паставак прадугледжвае забесьпячэньне зваротнага перапампоўваньня нафты праз нафтаправод з вэнтсьпілскага порту. Дзеля гэтага запатрабуецца замена некалькіх кілямэтраў трубы, будаўніцтва станцыі перапампоўваньня і зьмена тэхналягічных схемаў.

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы ня мае вялікага аптымізму што да эфэктыўнасьці такога кшталту дывэрсыфікацыі нафтавых паставак. Ён трымаецца пазыцыі, што эканамічна нявыгадна вазіць нафту праз увесь сьвет, калі нафты “навалам” побач — і не абавязкова ў Расеі:

“Зараз жа Казахстан вельмі моцна зацікаўлены ў пашырэньні рынку збыту — як краіна зь лішкавай вытворчасьцю нафты. Ім дзесьці парадку 60 мільёнаў тон (калі нават ня больш) патрэбна экспартаваць, тым часам як беларускія патрэбы крыху перавышаюць 20 мільёнаў. І яны зараз у рамках Мытнага саюзу спрабуюць даціснуць Расею з тым, каб можа было выбудаваць маршрут паставак ці, зноў жа, выкарыстаць нейкую заліковую ці транспартную схему зь Беларусьсю. То бок геапалітыка вельмі цікавая, і патэнцыйна тут шмат цікавых рэчаў. Да таго ж (але гэта пакуль на ўзроўні вопытных распрацовак) зьявілася тэхналёгія атрыманьня вадкага паліва з вугалю. Яе ў свой час спрабавалі запусьціць нават яшчэ ў нацысцкай Нямеччыне, але тады яна падалася ня вельмі цікавай. Але якраз зараз пайшлі другасныя навацыі, дзякуючы якім, калі атрымаецца, увесь рэгіён можа адвязацца ад расейскай залежнасьці”.

Сёньня прадстаўнік Мінэканамразьвіцьця Расеі Аляксей Ліхачоў заявіў, што ў пытаньні паставак расейскай нафты ў Беларусь Масква будзе кіравацца дзейным пагадненьнем і не зьбіраецца карэктаваць бязмытныя аб’ёмы. Ліхачоў заявіў, што такая сытуацыя адпавядае нормам Мытнага саюзу, у якім асобныя тавары ўваходзяць у балянс спажываньня ўнутры мытнай тэрыторыі, у той час як тавары, якія не ўваходзяць у гэты балянс, абкладаюцца экспартным мытам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG