Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пры такіх адносінах дзяржавы фэрмэрству – труба”


Сёньня ў Менску ў гатэлі “Беларусь” пройдзе рэспубліканскі сход фэрмэраў. Сустрэча прымеркаваная да 20-годзьдзя фэрмэрскага руху ў краіне.

Да гэтай падзеі Іна Студзінская пагутарыла з 78-гадовым фэрмэрам Алегам Райчонкам зь вёскі Германавічы Шаркоўшчынскага раёна Віцебскай вобласьці. Ён ўзяў зямлю яшчэ на пачатку 1990-х. Тады на Шаркоўшчыне фэрмэрствам пачалі займацца каля 40 чалавек. Зараз засталіся лічаныя адзінкі. У тым ліку Алег Райчонак.

“Я як пайшоў на пэнсію ў 1992 годзе, спачатку ўзяў 18 гектараў. А потым сын кажа: бацька, давай возьмем больш зямлі. 40 гектараў я выбіваў каля году. Напісаў скаргу ў аблвыканкам, і толькі тады мне далі гэтыя 40 гектараў.

Карэспандэнтка: “Дзяржава на пачатку дапамагла? Дзе вы ўзялі тэхніку?”

“Я купіў трактар Т-40 зь вядучым перадком яшчэ ў 1990-м. МТЗ купіў у 1993-м. Што да прычапной тэхнікі, плугі я зрабіў сам, культыватар сам зрабіў, карацей, што мог – рабіў сам, штосьці купіў на старане. Толькі ў 2007 годзе мне далі крэдыт на пакупку новай сеялкі вытворчасьці “Лідсельмашу”.
У асноўным займаюся зерневымі. Спачатку бульбу садзілі па 10 гектараў, а потым ўсё менш і менш. Капусту саджалі, буракі вырошчвалі, а ў апошнія гады зьменшылі да мінімуму. Нягледзячы на тое, што маем капалку, сажалку – няма каму рабіць... Раней працаваць ішлі пэнсіянэркі, мы іх наймалі, плацілі. А цяпер яны пастарэлі, хварэюць, хтосьці памёр... А маладыя – некалькі жанчын ёсьць – расьпіліся...”

Карэспандэнтка: “З працоўнай сілай на сяле цяжка?”

“Няма каму працаваць. Талковыя мэханізатары ў калгасе робяць, а астатнія – п’яніцы. Яны ідуць на працу, глядзяць толькі, дзе што можна ўкрасьці, прадаць, потым прапіць – вось так і жывуць.

Бульбы толькі 1 гектар садзім, капусты – таксама 1 гектар, а раней па 5, па 10. У асноўным, займаемся зернем. Ураджай збожжавых у мяне – па 30-35 цэнтнераў з гектара. Летась заключаў дамову на 50 тон, здавалі дзяржаве на Глыбоцкі млынкамбінат. А што здалі звыш дамовы, паклалі на захаваньне. За захаваньне трэба плаціць. А потым кажуць: бяры камбікормам. А за адну тону камбікорму трэба здаць 3 тоны пшаніцы альбо ячменя. Мне столькі камбікорму не патрэбна для ўласнай гаспадаркі, а насельніцтву прадаваць – камбікорм дарагі, ніхто ня хоча браць, праблема збыць, нявыгадна, 700 тысяч тона камбікорму каштуе”.

Карэспандэнтка: “А ваша меркаваньне: дзяржава зацікаўленая ў разьвіцьці фэрмэрскіх гаспадарак?”

“Не, не, не. У вярхах гавораць, што быццам бы зацікаўленыя, а насамрэч у нізах – усё віламі па вадзе пісана. Начальства ў раёнах не зацікаўлена. У каго і была зямля, у апошнія гады адмаўляюцца. Ужо ніхто не бярэ зямлю. Падаткі вялікія. З зарплаты трэба 31% пералічыць у фонд сацыяльнай абароны, у пэнсійны фонд. Трэба было фэрмэрскія гаспадаркі разьвіваць на пачатку 1990-х, калі разваліўся Савецкі саюз. А цяпер ніхто гэтым займацца ня хоча”.

Карэспандэнтка: “А на вашу думку, пэрспэктывы ў фэрмэраў нейкія ёсьць?”

“Не, нічога няма. Пры такіх адносінах дзяржавы да сельскай гаспадаркі – гэта труба. Усё. Вёска састарэла, моладзь стараецца зьехаць у горад, у вёсцы застаюцца толькі нікому не патрэбныя...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG