Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ня згодныя з эўрапейскай ацэнкай гераізацыі С.Бандэры


Заклік адмяніць указ аб прысваеньні Сьцяпану Бандэру званьня Героя Ўкраіны зьяўляецца «прыкрым элемэнтам» прынятай учора рэзалюцыі Эўрапарлямэнту. Пра гэта ў эфіры Радыё Свабода заявіў старшыня Камітэту ў пытаньнях эўрапейскай інтэграцыі Вярхоўнай Рады Ўкраіны Барыс Тарасюк.

«Ня справа Эўрапарлямэнту вызначаць, каго мае ўзнагароджваць прэзыдэнт Украіны ... Я лічу, што гэта неадэкватная пазыцыя Эўрапарлямэнту, якая матываваная пазыцыяй адной, хоць і прыязнай нам краіны, улічваючы нашу агульную мінулую гісторыю», - сказаў Тарасюк.

Сёньня ж Украінская народная партыя выказала занепакоенасьць гэтым пунктам рэзалюцыі Эўрапарлямэнту. Партыя назвала «неаб` ектыўнымі ацэнкі гістарычных асоб украінскага вызвольнага руху» з боку Эўрапарлямэнту, - асабліва сьцьверджаньні адносна “супрацоўніцтва ОУН з нацысцкай Нямеччынай”.

«Сам факт пэўнага супрацоўніцтва зь Нямеччынай часоў Гітлера не зьяўляецца прыкметай злачынных дзеяньняў, паколькі такое супрацоўніцтва ў даваенны пэрыяд адбывалася з боку многіх эўрапейскіх краін ... У прыватнасьці, наступствам эўрапейскай «палітыкі прымірэньня» стала фактычная перадача Гітлеру Чэхаславаччыны, украінскага Закарпацьця, краін Балтыі, а таксама падзел Эўропы на «сфэры ўплыву» паміж Гітлерам і Сталіным », - адзначаецца ў звароце УНП.

Акрамя таго, «у асобных краінах ЭЗ такіх, як Польшча, была прызнана гераічнай дзейнасьць польскай Арміі Краёвай нягледзячы на тое, што гэтая арганізацыя была датычная да жорсткіх рэпрэсіяў супраць украінскага народу, як і дзейнасьць заснавальніка польскай дзяржаўнасьці ў ХХ стагодзьдзі Юзэфа Пілсудзкага, які быў ініцыятарам рэпрэсій падчас апэрацыі «Пацыфікацыя» супраць украінцаў у Заходняй Украіне, асуджанай у 1931 годзе спэцыяльнай камісіяй Лігі нацый », - заяўляе УНП.

У сваёй учорашняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнт асудзіў рашэньне былога прэзыдэнта Віктара Юшчанкі надаць званьне Героя Украіны кіраўніку Арганізацыі Ўкраінскіх Нацыяналістаў (ОУН) Сьцяпану Бандэру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG