Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архівы вядомых беларускіх родаў перавядуць на кампакт-дыскі

абноўлена

Рэканструкцыю архіўных матэрыялаў дакумэнтальнай спадчыны роду Сапегаў пачынае Нацыянальная камісія Беларусі ў справах UNESCO разам зь Беларускім навукова-дасьледчым цэнтрам электроннай дакумэнтацыі. Пра гэта сёньня паведамілі журналістам кіраўнікі гэтых арганізацыяў Уладзімер Шчасны і Вячаслаў Насевіч.

Архіў і бібліятэка роду Сапегаў будуць пераўвасобленыя ў выглядзе электроннай копіі. На пытаньне, чаму выбар паў менавіта на Сапегаў, Уладзімер Шчасны адказаў так:

«Чаму Сапегі? Таму, што гэта, мабыць, другі па значнасьці пасьля Радзівілаў род у Беларусі. І іх архіўныя зборы — бібліятэчныя і дакумэнтальныя — супастаўляльныя. Так атрымалася, што бальшыня зь іх, калі нават не асноўная частка, апынулася ў Санкт-Пецярбургу, Таму будзем весьці перамовы з архівамі і бібліятэкамі гэтага гораду».

На этап падрыхтоўкі UNESCO ўжо выдаткавала 15 тысяч даляраў. Канчатковая сума будзе вызначана пасьля наведваньня архіваў у Санкт-Пецярбургу. Які аб’ём працы ўдасца ажыцьцявіць на гэтым этапе, высьветляць спэцыялісты, — сказаў Уладзімер Шчасны. Удзел UNESCO ў такіх праектах надае ім асаблівую значнасьць, а ўладальнікі культурных каштоўнасьцяў у такіх выпадках лягчэй ідуць на кантакт, — дадаў ён.

Вячаслаў Насевіч адзначыў: пры садзейнічаньні UNESCO ўжо рэалізуецца праект «Архіў Радзівілаў». Ён стаў першым дакумэнтальным комплексам, які прадстаўляе Беларусь у рэестры UNESCO «Памяць сьвету».

Гісторык Алег Дзярновіч наступным чынам ацэньвае гэтыя ініцыятывы:

«Для спэцыяліста, вузкага прафэсіянала гэта, вядома, не паратунак. Гэта, хутчэй, такая маленечкая дапамога. Але для папулярызацыі, пашырэньня зьвестак сярод шырэйшай публікі, я думаю, гэта карысная рэч.

Спэцыялісту, канечне, трэба працаваць з арыгіналамі. Таму і архівы патрэбныя. А калі будзе на кампакт-дыску? Гэта нават стане падказкай, дзе захоўваюцца тыя ці іншыя мэмуары, рукапісы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG