Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: дом у стылі мадэрн не разбураць


Дом купца Крэйцэра сёньня.
Дом купца Крэйцэра сёньня.

Сёньня ў Менску Рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры вырашала лёс помніка архітэктуры ў Горадні. Дом купца Крэйцэра ў стылі мадэрн на вул. Сацыялістычнай, 44 (глядзі на здымку) павінен быць захаваны, паведаміў намесьнік кіраўніка рады Ігар Чарняўскі.

Гарадзенская камяніца належыць Беларускаму народнаму банку. Праектанты зь мясцовай фірмы «Зов-проект» прапанавалі разабраць будынак. Апроч іх і прадстаўніка банку, на радзе ў Менску была навуковы кіраўнік гэтага аб’екту Алена Пархута. Удзельнікі рады зазначылі, што неабходна распрацаваць праектную дакумэнтацыю з захаваньнем усіх адметных вартасьцяў гэтага будынка, а таксама прадугледзець інжынэрна-канструктарскія захады па яго ўмацаваньні. Ігар Чарняўскі ўдакладняе: як варыянт, прапанавана зьмясьціць усярэдзіну дома ўнутраны нясучы каркас, каб усе перакрыцьці абапіраліся на яго, а не на сьцены. Сьцены фактычна будуць несьці вобраз архітэктурны, а апора будзе на незалежны каркас. Цяпер праектанты павінны працаваць далей, патлумачыў ён.

Была зроблена заўвага генпраектнай арганізацыі, бо яе спэцыялісты выявіліся няздольныя працаваць на гістарычным аб’екце. Прапанове — разабраць камяніцу і потым аднавіць, было сказана катэгарычнае «не», зазначыў спадар Чарняўскі. З будынкам сапраўды ёсьць праблемы, але каб не было нейкіх праблемаў, такіх гістарычных будынкаў бадай няма, кажа ён:

«Усе гэтыя праблемы вырашальныя — што ў Менску, што ў Магілёве, што ў Горадні. Трэба працаваць, трэба прымяняць тыя досьвед, прыёмы, якія існуюць ва ўсім сьвеце. Калі не хапае вопыту ў гэтых праектантаў, то трэба зьвярнуцца да іншых. Ёсьць такія ў Горадні — той жа Шайко, Басаў, Пархута».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG