Юлія Цімашэнка праз гадзіну пасьля завяршэньня галасаваньня заклікала да перамоваў на аснове дэмакратычных і эўрапейскіх каштоўнасьцяў тых дэмакратычных кандыдатаў, якія пасьля 17 студзеня сышлі з выбарчай гонкі.
“Я як кандыдат у прэзыдэнты ніколі не дапушчу, каб краіна зьвярнула з таго шляху, на які яна ўпэўнена ступіла ў 2004 годзе. Гэта шлях барацьбы за адраджэньне справядлівасьці, нашага эўрапейскага напрамку разьвіцьця, шлях станаўленьня і адраджэньня дэмакратыі. Будзе зроблена тое, што іншым не ўдалося зрабіць за папярэднія гады”,-- сказала Цімашэнка.
Юлія Цімашэнка падзякавала сваім выбарцам і заклікала ўвесь дэмакратычны электарат да аб’яднаньня:
“Перамовы трэба весьці не вакол пасад, а вакол таго, як пабудаваць Украіну, і я гатовая усім кандыдатам ад дэмакратычных сіл прабачыць усе абразы і адкрыць новую старонку”.
Аднак Сяргей Цігіпка, які займае трэцяе месца, ужо заявіў, што ён заклікае сваіх выбаршчыкаў не галасаваць ні за каго з кандыдатаў якія выйшлі ў другі тур:
“Я веру, што мой выбаршчык – разумны чалавек і вызначыцца сам, за каго галасаваць”.
Віктар Януковіч сам пакуль першыя вынікі выбараў не камэнтаваў, а ягонае атачэньне выказвае перакананьне ў ягонай перамозе ў другім туры.
Паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, разрыў паміж Януковічам і Цімашэнка складае 4 працэнты. Вынікі сацапытаньня наступныя :
Януковіч – 31,5%
Цімашэнка – 27,2%
Цігіпка – 13,5%
Яцэнюк – 7,8%
Юшчанка – 6,0%
Першыя вынікі падліку галасоў будуць вядомыя раніцай.