Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, вуліца Фабрычная, 20


20 ліпеня 1999 году, паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году, завяршаўся тэрмін прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Лукашэнка ж на падставе вынікаў незаконна праведзенага рэфэрэндуму працягнуў тэрмін свайго кіраваньня краінай. Апазыцыя дамагалася выкананьня закону і правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Шыльда свабоды
Менск, вуліца Фабрычная, 20.
Побач з гэтым будынкам 16 верасьня 1999 году былі выкрадзеныя апазыцыйны палітык Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі. Лёс іх невядомы. Беларуская і міжнародная супольнасьць падазраюць у датычнасьці да злачынства прадстаўнікоў кіраўніцтва Беларусі.
У цэнтры падзеяў, якія віравалі вакол гэтага пытаньня, быў яркі апазыцыйны палітык, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар. Ён ініцыяваў і пры падтрымцы Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ў траўні правёў альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта краіны. А праз два месяцы абвясьціў пра сканчэньне тэрміну легітымнага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Улада распачала жорсткія рэпрэсіі. Ганчара арыштоўвалі, катавалі ў турме, але ён не спыняўся. 16 верасьня 1999 году яго зь бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім выкралі каля лазьні на вуліцы Фабрычнай, якую сябры і паплечнікі рэгулярна наведвалі. На месцы злачынства засталіся плямы крыві і пабітае шкло ад аўтамабіля Красоўскага.

У Беларусі і ў сьвеце шмат хто не сумняваецца ў датычнасьці да іх выкраданьня высокіх чыноўнікаў з атачэньня прэзыдэнта Беларусі. А Аляксандар Фядута, які ў часе першых прэзыдэнцкіх выбараў разам зь Віктарам Ганчаром быў найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі, кажа, што тут была ня толькі помста:

«Віктар Ганчар уяўляў пагрозу Лукашэнку не таму, што ён быў выдатным арганізатарам. Перш за ўсё тым, што яго аб’ядноўвала і з Лукашэнкам, і з Пазьняком: ён, калі размаўляў, дык зьвяртаўся да той часткі чалавечай падсьвядомасьці, дзе размова павінна была ісьці пра веру — верыш ты мне ці не? І Ганчара прымалі такім, які ён быў. І тыя, хто за ім ішоў, любілі яго, нягледзячы на тое, што ён быў занадта адукаваны, занадта культурны. Дый шмат чаго яшчэ было ў ім занадта. Занадта адукаваны, але наш. Наш беларускі хлопец, які атрымаў гэту адукацыю. Я памятаю, як слухалі яго падчас прамых трансьляцыяў пасяджэньняў Вярхоўнага Савету. Ён жа сапраўды быў лідэрам. І за ім хацелі ісьці нават тыя, хто спрачаўся зь ім».

Вялі паляваньне ўлады і на бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, якога абвінавачвалі ў фінансаваньні апазыцыі. У жніўні яго схапілі спэцслужбы і кінулі ў турму. Ня маючы падставаў (ці баючыся) абвінаваціць у падрыўной дзейнасьці, яму інкрымінавалі невяртаньне банкаўскага крэдыту. Калі справа развалілася, выпусьцілі. А затым ён зьнік разам з Ганчаром.

Няма чалавека, няма і справы, — з гэтай бальшавіцкай тэзай ня хочуць мірыцца сумленныя людзі. У Беларусі і па-за межамі краіны яны штомесяц 16 чысла, у дзень зьнікненьня палітыка і бізнэсоўца, ладзяць акцыі салідарнасьці зь сем’ямі ўсіх зьніклых — выходзяць на плошчы ці проста запальваюць сьвечкі ў вокнах.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG