Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі – канікулы, у Беларусі – прастоі


Прадпрыемствы Беларусі, арыентаваныя пераважна на расейскі рынак, вымушаныя зьмяншаць альбо спыняць вытворчасьць. Паводле прагнозу Міністэрства эканомікі, з-за таго, што расейскія спажыўцы спыняюцца на шматдзённыя калядныя канікулы, аб’ёмы пастаўкі беларускай прадукцыі не дацягнуць нават да 80 працэнтаў ад леташняга паказчыка.


Пра тое, як у гэтых умовах спрабуюць выжыць прадпрыемствы ў рэгіёнах, даведваліся карэспандэнты “Свабоды”.


ВІЦЕБШЧЫНА


Пастаўкі прадукцыі ў Расею скараціліся сёлета на 29 працэнтаў


Паводле афіцыйных зьвестак, Віцебшчына сёлета — лідэр па экспарце сярод іншых рэгіёнаў Беларусі. Праўда, гэты сумежны з Расеяй рэгіён не дабірае да леташніх аб’ёмаў гандлю з суседкай 29 працэнтаў.

Камітэт эканомікі Віцебскага аблвыканкаму канстатуе, што зьніжэньне продажу прадукцыі за мяжу значнае нават на такіх прадпрыемствах, якія звычайна лічыліся перадавымі: гэта “Полацк-Шкловалакно”, “Аршанскі льнокамбінат”, аршанскі станкабудаўнічы завод “Чырвоны барацьбіт”, абутковыя прадпрыемствы “Белвест”, “Марко” і гэтак далей. Прычым самым істотным чынам — амаль на 29% —скараціліся пастаўкі прадукцыі ў Расейскую Фэдэрацыю. Там усё часьцей адмаўляюцца ад беларускай прадукцыі, і даводзіцца шукаць іншых партнэраў.


Раней арыентаваліся на Расею, а цяпер гандлююць з Польшчай і Літвой


Прадстаўнік адміністрацыі Полацкага йльнозаводу распавёў, што іхную прадукцыю — асабліва брыкеты з ільнокастры — ахвотна бяруць заходнія суседзі зь Літвы ды Польшчы:

“Энэргетыкі польскія дужа зацікавіліся, хочуць купляць, бяруць патроху. А мы прадаваць хочам! Калі яны гатовыя браць па нашых коштах, дык няхай! А ў Літву мы йльнокастру прадаем, грузім у мяхі і так, мяхамі, адпраўляем у Літву”.

Раней усе йльнозаводы вобласьці працавалі найперш на забесьпячэньне сыравінай Аршанскага йльнокамбінату, але цяпер гэта нявыгадна, бо склады на камбінаце поўныя, а збыту няма.

Поўныя склады і на Обальскім керамічным заводзе. Тут, у Шумілінскім раёне, вырабляюць цэглу, якую раней ахвотна куплялі ў Расеі. Цяпер сытуацыя зьмянілася, кажа намесьніца дырэктара Ганна Бабахіна:

“Раней мы на Расею цэглу адпраўлялі, а зараз там ужо менш будуюць. Вось Татарстан гатовы браць нашу прадукцыю, і мы дужа рады! Бо перепрафіляваць прадпрыемства немагчыма: па-першае, у нашай мясцовасьці дужа шмат сыравіны — гліны, а па-другое, на нейкае новае абсталяваньне патрэбны грошы. А іх пакуль няма”.

Падобныя праблемы маюць усе прадпрыемствы: і невялікія, як Обальскі керамічны завод, і значна большыя — як аршанскі станкабудаўнічы завод “Чырвоны барацьбіт”. Вось што распавялі ў тамтэйшым аддзеле маркетынгу і збыту:

“Наша прадпрыемства заўжды арыентавалася на экспарт — больш як 50% прадукцыі на экспарт выпускалі. Хацелася б, канечне, захаваць тыя паказьнікі, што былі ў нас летась, у 2008 годзе. Ну, але цяпер праз гэты крызіс, што і з Захаду ідзе, і з Расеі, цяпер нават расейскія прадпрыемствы зьнізілі аб’ём закупаў. Усё гэта відавочна”.

На прадпрыемствах скардзяцца на адсутнасьць збыту і абаротных сродкаў. А старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец заявіў: бяда прамысловых прадпрыемстваў вобласьці ў тым, што яны выпускаюць прадукцыю “ўчорашняга дня”. Але дзе ўзяць грошы на мадэрнізацыю, калі прадаць вырабленае немагчыма?

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Вытворчасьць — плянавая, збыт — рынкавы


Сёлета ў Гомелі паболела прадпрыемстваў, якія завяршаюць працоўны год са стратамі.

Перастала існаваць з прычыны фінансавых цяжкасьцяў Гомельская люстэркавая фабрыка — яе далучылі да акцыянэрнага таварыства “Гомельшкло”.

Гаворыць былая рабочая зьліквідаванага прадпрыемства:
хто звольніўся, каго на прахадную паставілі. Толькі электрыкі й засталіся ...

“Нам горш стала. Фабрыкі наагул няма, рабочых няма — хто звольніўся, каго на прахадную паставілі. Толькі электрыкі й засталіся. У нас было недзе каля сарака чалавек”.

Гомель прадасьць і свой падшыпнікавы завод

На аўкцыён будзе выстаўлены збанкрутаваны падшыпнікавы завод. Паводле інфармацыі начальніцы ўправы эканомікі гарвыканкаму Натальлі Геўрасёвай, яго мяркуецца прадаць як маёмасны комплекс — нават без захаваньня профілю. Завод тры гады быў на санацыі й працаваў у каапэрацыі зь Менскім падшыпнікавым заводам. Але пасьля продажу апошняга замежнікам патрэба ў гомельскіх падшыпніках скарацілася.

Цяпер у абласным цэнтры звыш трох дзясяткаў стратных прадпрыемстваў. Гэта найперш прадпрыемствы машынабудаваньня й мэталаапрацоўкі, цэлюлёзна-папяровай, лёгкай і харчовай прамысловасьці.

На складах запас шпалераў ажно на 15 000 000 000 рублёў


У цяжкое фінансавае становішча патрапіла сёлета акцыянэрнае таварыства “Гомельшпалеры”, якое нядаўна далучылі да менскага прадпрыемства “Белшпалеры”. На складах тут ляжыць нерэалізаванага тавару на 15 мільярдаў рублёў. І гэта пры тым, што ад пачатку году гомельскія вытворцы змаглі прадаць сваёй прадукцыі толькі на 3 мільярды.

Адзін са спэцыялістаў прадпрыемства так патлумачыў сытуацыю:

“Пляны даводзілі па аб'ёме вытворчасьцi, ня ўлічваючы таго, што рынку столькі шпалераў ня трэба. Збыт у нас знаходзіцца ў рынку, а вытворчасьць — у плянавай эканоміцы”.

У гарвыканкаме падлічылі, што экспарт гомельскіх прадпрыемстваў сёлета складзе толькі 85 адсоткаў ад леташняга. Балянс зьнешняга гандлю будзе адмоўны, бо імпарт перавысіць экспарт прыкладна на 94 мільёны даляраў.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Справы — як ніколі дрэнна…”


Напярэдадні навагодніх сьвятаў многія прадпрыемствы на Гарадзеншчыне цярпяць ад крызісу. Працоўныя баяцца, што навагоднія вакацыі могуць зацягнуцца надоўга.

Прадпрыемства “Мастоўдрэў” надалей застаецца праблемным. На чатырохдзёнцы працягваюць працаваць спэцыялісты ў канторы прадпрыемства.

Апошнім часам узьнікла праблема з выкананьнем пляну з-за таго, што на прадпрыемства не маглі завезьці драўніну. Цэхі прастойвалі. Людзі імкнуцца шукаць новую працу, але ў раённым гарадку гэта праблематычна.

“З заробку застаецца толькі 200 тысяч. Як сям’ю пракарміць?”


Вось што распавядае нашаму радыё рабочы прадпрыемства:

Спадар: “400 тысяч у сярэднім атрымлівае рабочы, дый у канторы за чатырохдзёнку прыблізна тое самае: ад 400 да 600 тысяч. А што за гэтыя грошы купіш? За кватэру цэтлік прыйшоў — 105 тысяч. І з 400 што застанецца? А яшчэ ж трэба заплаціць за сьвятло, газ, тэлефон, дамафон і іншыя паслугі — застаецца 200 зь нечым тысяч — як сям’ю пракарміць? Так што жалю вартае ў нас становішча”.

Ня мае аптымізму і рабочы шклозавода “Нёман”. У іх таксама перад сьвятамі робіцца болей выходных, чым працоўных дзён, а заробкі ад гэтага падаюць.

Адказу ад міністра няма больш як месяц


Спадар: “Раней у нас працавалі чатыры зьмены: тры працуюць, адна на выходным. А зараз зрабілі пяць зьменаў, і калі раней было 2 выходных, то зараз 4 у графіку. Раней было на месяц 22—23 зьмены, а зараз 16—17”.

Рабочыя пісалі міністру, каб ён асабіста зьвярнуў увагу на іх прадпрыемства, аднак адказу пакуль не атрымалі, нягледзячы на тое, што месячны тэрмін ужо мінуў.

Але найбольш, са слоў спадара, людзей зараз палохаюць навагоднія вакацыі, якія могуць зацягнуцца надоўга, і тады заробку ў наступным месяцы зусім ня будзе.

За мэблю не разьлічваюцца ні расейцы, ні беларусы


На прыватным мэблевым прадпрыемстве ў Горадні намесьнік дырэктара, спадар Васіль, распавядае, што справы зараз як ніколі дрэнныя. Зь яго слоў, ужо звольнілася некалькі чалавек. Мэблю яны рабілі пераважна для расейскага рынку.

Спадар: “Заказы падаюць. Нават у мінулым годзе крызісу заказаў у сьнежні было шмат, а зараз — практычна нуль…”

Адна з прычын, з-за якой узьніклі праблемы, са слоў спадара, — тая, што і расейскія, і беларускія пакупнікі не разьлічваюцца за пастаўленую прадукцыю.

Спадар: “Некаторыя пакупнікі вінныя нам ужо па 190 тысяч расейскіх 2—3 месяцы. Ды што казаць пра расейцаў, калі вось у Бераставіцы прадалі нашу мэблю, а ўжо каля трох месяцаў грошай не пералічваюць”.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Расеі не даюць крэдыты спажыўцам бабруйскай тэхнікі


На Магілёўшчыне аб’ём запасаў незапатрабаванай прадукцыі складае 558 мільярдаў рублёў. Вялікая яе частка прызначалася для расейскіх спажыўцоў. Цяпер яны ня надта ахвочыя браць беларускае.

Гандлёвы дом у расейскай Ялабузе дапамагае бабруйскаму заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў прадаваць яго прадукцыю. Расейцы не хаваюць цяжкасьцяў зь яе збытам:

“Адной з прычынай зьяўляецца тое, што Расея не дае крэдытаў на беларускую тэхніку. Толькі на расейскую. Таму й продажу няма гэтых трактароў”, — зазначае прадстаўнік адміністрацыі гандлёвага дому.

На бабруйскім заводзе таксама адзначаюць цяжкасьці ў стасунках з расейскімі спажыўцамі, аднак камэнтуюць іх стрымана:

“Мы стараемся іх вырашаць. Калі наш пакупнік добра працуе на расейскім рынку, іншым разам мы ідзём на саступкі. Падаўжаем тэрміны аплаты. Канечне, гэта наносіць шкоду прадпрыемству, бо мы ў час не атрымліваем грашовыя сродкі. З другога боку, ён наш пакупнік не на адзін дзень, мы працуем на доўгатэрміновую пэрспэктыву, даводзіцца ісьці на саступкі”, — зазначае прадстаўнік адміністрацыі бабруйскага прадпрыемства.

52 прамысловыя арганізацыі вобласьці працуюць са стратамі. Гэтыя страты ацэньваюцца ў 100 мільярдаў рублёў. Летась іх ацэньвалі ў 25 мільярдаў.

У рэгіёне 28 тысяч чалавек за 9 месяцаў былі занятыя на вытворчасьці няпоўны працоўны тыдзень. Звольнена з розных прычын 75 тысяч чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG