Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Лобач — пра найлепшыя кнігі аб Полацку


Карэнны палачанін, гісторык, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Лобач свой кніжны рэйтынг склаў ня толькі прачытаўшы ўсё напісанае пра родны горад, але і спраўдзіўшы кніжную мудрасьць ў кожным яго закуточку.

Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях. Менск, «Мастацкая літаратура», 2005.


Калі хочаш ня толькі адзначыцца ў Полацку цікаўным турыстам, але шчыра палюбіць Першы Горад, адчуць магічную аўру ягоных вуліцаў, замчышчаў і храмаў, то абавязкова прачытай перад сваім падарожжам апавяданьні Яна Баршчэўскага. Міталягічнасьць, велічнасьць і сталічнасьць Полацку вымяраецца ня толькі датаю ў летапісе і храмам сьвятой Сафіі на Замкавай гары. І Ян Баршчэўскі, як ніхто, ведаў пра гэта. Таму і вядзе ён свайго чытача да крыўскай сталіцы нясьпешна, праз лясныя гушчары, дзе пануе справядлівы Лясун і цурчаць цудадзейныя крыніцы, па берагах прыгожых азёраў, найменьні якіх — Нешчарда, Расона, Рабло, Няведра...- гучаць як песьня. Людзі, характары, радасьці і страхі — дарога ня будзе простай, але яе канчатковая мэта таго вартая. Ян Баршэўскі, як сапраўдны, але добры, чараўнік, разгортвае штолка за штолкай кужэльны сьвяточны ручнік, каб паказаць ва ўсёй красе велікоднае залатое яечка — вечны, як гэты сьвет, Полацак.

Вацлаў Ластоўскі. Лябірынты. Вацлаў Ластоўскі. Выбраныя творы. Менск, «Беларускі кнігазбор», 1997.


Аповесьць апошняга вялікага крывіча, на жаль, ня выйшла ў сьвет асобнай, багата ілюстраванай кнігай, але значэньне яе для нацыянальнага самаўсьведамленьня застаецца калясальным. Прароцкі дар Вацлава Ластоўскага дазволіў яму ўгледзець за шэрымі будынкамі і гразкімі вулкамі правінцыйнага гарадка зіхоткі бляск крыўскай цывілізацыі. Лябірынты, дзе схаваная мудрасьць усіх папярэдніх пакаленьняў, — складаны шлях самаспасьціжэньня, які вядзе праз Мінуўшчыну ў Будучыню толькі тых, хто рупліва працуе Тут і Цяпер. Увесну 2007-га ў адным з полацкіх прадмесьцяў мне пашчасьціла запісаць легенду пра падзем’е на Верхнім замку, дзе схаваныя даўнія кнігі. Полацкія лябірынты чакаюць вартых...

Уладзімер Арлоў. Таямніцы полацкай гісторыі. Менск, «Беларусь», 1994.


Унікальная рыса — зьяўляцца ў свой час і на сваім месцы — характарызуе ня толькі сам Полацак, але і руплівы плён палачанаў. Плённасьць і своечасовасьць — гэтыя якасьці ў поўнай ступені датычацца і кнігі Уладзімера Арлова, які ў займальнай, інтрыгуючай форме агучыў тое, пра што ведалі (ці здагадваліся?) ўсе ад Берасьця да Віцебску, але чамусьці маўчалі. «Таямніцы» — не акадэмічная манаграфія, таму цяперашнія папрокі ў бок аўтара выглядаюць гэтак жа несур’ёзна, як і абвяржэньні ісьціны, што «ад Полацку пачаўся сьвет...». Уладзімер Арлоў — таленавіты ключнік полацкіх таямніцаў, ён толькі прачыніў дзьверы...

Лера Сом. Каралева прыйдзе ноччу. Вершы пра каханьне. Менск, «І.П. Логвінаў», 2007.


Войнаў, бітваў, герояў, крыві, папялішчаў было ў гісторыі Полацку столькі, што, блукаючы па яго старасьвецкіх вулках, выразна разумееш — без жанчын і іхняе шчырае любові горад ваяроў і купцоў згінуў бы незваротна яшчэ колькі стагодзьдзяў таму. Прыгожыя, годныя і шчырыя ў пачуцьцях палачанкі ведаюць, што значыць быць зямлячкамі Рагнеды. Хочаш зразумець Полацак? Паспрабуй зразумець палачанак.
«Самая лепшая ў сьвеце кава — у Каралевы.
Самая лепшая ў сьвеце кава —
для Каралевы.
Быць прынятым на гэтай
маленькай кухні —
найвышэйшы гонар і асалода...»

Полацк. Фотаальбом. Аўтар-складальнік Іван Каліноўскі, фатограф Эрнст Цецярэўскі. Менск, " Беларусь", 2004.


Прынцыпова не хацелася згадваць фотаальбомы, турыстычныя праспэкты і абежнікі — дапаможнікі для лянівых. Бо Полацак варты таго, каб глядзець на яго ўласнымі вачыма, тарнуючы свой непаўторны маршрут па яго вулках. Але раптам, калі вы забыліся на фотаапарат, гэты фотаальбом (выдадзены, на жаль, па-расейску) стане для вас прыемнай згадкай пра незабыўнае падарожжа.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG