Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З дыплёмам ЭГУ прапануюць ісьці ў будаўнікі


Напрыканцы ліпеня ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце адбыўся першы выпуск бакаляўраў. Дыплёмы атрымалі 113 студэнтаў. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту 86 выпускнікоў ЭГУ працягваюць сваю адукацыю на магістэрскіх праграмах, астатнія ўладкаваліся на працу ў Беларусі і за мяжой. Як былыя студэнты спрабуюць знайсьці працу ў Беларусі?

Выпускнік гістарычнага факультэту Яўген зараз навучаецца ў магістратуры ЭГУ. Ён распавёў “Свабодзе” пра тое, як спрабаваў уладкавацца на працу ў Беларусі:

“Дыплём ЭГУ ня надта падыходзіць для нашай краіны. У нас увогуле няма такога паняцьця, як бакаляўр, і ўладкавацца на працу амаль немагчыма. Я шукаў працу ў сваім горадзе. Калі я паказаў свой дыплём, мне ўсьміхнуліся і прапанавалі працу будаўніком”.

Тэму працягвае выпускніца праграмы “Культурная спадчына і турызм” Ганна:

“Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту я шукала працу, якая зьвязаная з маёй адукацыяй. Але нічога знайсьці не змагла, працую я там, куды атрымалася ўладкавацца. Я лічу, што маладыя спэцыялісты не патрэбныя нашай краіне, і справа тут не ў ЭГУ. Усе турыстычныя агенцтвы патрабуюць досьвед працы, а ў мяне яго няма”.
Маладыя спэцыялісты не патрэбныя нашай краіне, і справа тут не ў ЭГУ.

Пра сваю працу распавёў выпускнік праграмы “Мэдыі і камунікацыя” Мікіта:

“Я зараз займаюся сувязямі з грамадзкасьцю ў агенцтве “Культурная інфармацыя”. Працую выключна па спэцыяльнасьці. Масавыя камунікацыі — гэта тое, чаму я вучыўся ў ЭГУ. Мае чаканьні ад вучобы апраўдаліся больш чым. Тыя веды, што атрымаў, я зараз выкарыстоўваю на працы”.

Кіраўнік праграмы “Беларусістыка: гісторыя Беларусі і культурная антрапалёгія” прафэсар Алесь Смалянчук вельмі засмучаны тым, што студэнтам цяжка ўладкавацца на працу ў Беларусі зь літоўскім дыплёмам. Ён распавёў, як склаўся лёс студэнтаў ягонай праграмы пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту:
У Міністэрстве адукацыі Беларусі сказалі, што статус бакаляўра ў нашай краіне ня лічыцца вышэйшай адукацыяй

“У нас было 9 выпускнікоў, 9 першых бакаляўраў гісторыі. Іх лёс склаўся па-рознаму: трое зь іх паступілі ў магістратуру ЭГУ, пераважна на паліталягічныя кірункі, трое працягваюць навучаньне ў Канзасе (ЗША). Паўднёва-заходні каледж Канзаса стварае спэцыяльную праграму для нашых выпускнікоў гістарычнага факультэту. Адзін студэнт застаўся ў Літве і выкладае гісторыю. Сытуацыя з дыплёмамі ЭГУ выглядае складана. Адзін наш выпускнік зьвярнуўся афіцыйна ў Міністэрства адукацыі Беларусі з пытаньнем наконт свайго дыплёма. Яму адказалі, што статус бакаляўра ў нашай краіне ня лічыцца вышэйшай адукацыяй”.


ЭГУ створаны ў 1992 годзе ў Менску. У 2004 году ўніверсытэт быў вымушаны спыніць сваю дзейнасьць у Беларусі. Аднак, дзякуючы палітычнай, арганізацыйнай і фінансавай падтрымцы Літоўскага ўраду, Эўрапейскай Камісіі, урадаў, грамадзкіх арганізацый і фундацыяў ЗША і краінаў Эўрапейскага Зьвязу, ЭГУ змог аднавіць сваю дзейнасьць у Літве. У 2005-м пачалася праца паводле праграмаў бакаляўрскай і магістарскай падрыхтоўкі для студэнтаў зь Беларусі. У лютым 2006 году ўрад Літвы надаў ЭГУ статус літоўскага ўнівэрсытэту.
XS
SM
MD
LG