Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто выдасьць Збор твораў Уладзімера Караткевіча ў 25 тамах?


Анатоль Верабей
Анатоль Верабей

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 8 лістапада.

5 лістапада, падчас афіцыйнага візыту кіраўніка Беларусі ў Кіеў, ва ўкраінскай сталіцы быў урачыста закладзены камень на месцы будучага помніка Ўладзімеру Караткевічу – выпускніку Кіеўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Шаўчэнкі. А як ушанавана памяць клясыка ў самой Беларусі? Сёлета ініцыятыўная група распачала працу над падрыхтоўкай Збору твораў Караткевіча ў 25 тамах. Мы сустрэліся з каардынатарам гэтага маштабнага праекту, дацэнтам Белдзяржунівэрсытэту Анатолем Вераб’ём.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадар Уладзімер, вы даўно і плённа займаецеся вывучэньнем жыцьця і творчасьці Ўладзімера Караткевіча. Збор твораў у 25 тамах – таксама ваша ідэя. Але зрабіць такі аб’ём працы аднаму чалавеку немагчыма. Хто канкрэтна будзе займацца ажыцьцяўленьнем гэтага праекту?

Анатоль Верабей: “У Беларусі за апошнія дваццаць гадоў склалася моцнае караткевічазнаўства. Тут можна назваць такіх вядомых навукоўцаў, як Адам Мальдзіс, Аркадзь Русецкі, Вольга Шынкарэнка, Пятро Жаўняровіч, Алена Белая, Галіна Юркевіч, Валерыя Кустава. Я зь імі перамовіўся, і яны палічылі за гонар паўдзельнічаць у выданьні спадчыны клясыка. Выданьне мяркуецца ажыцьцявіць з 2010 па 2020 год”.

Скобла: “У свой час выходзіў Збор твораў Караткевіча ў 8 тамах (9 кнігах). 9 і 25 – пагадзіцеся, розьніца вялікая. Чым будуць занятыя яшчэ 15 тамоў?”

Верабей: “Пасьмяротны збор твораў Уладзімера Караткевіча выйшаў у 1987–1991 гадах. У 1993-м была выдадзена кніга паэтычных перакладаў Караткевіча “Галасы маіх сяброў”. У 1996-м выйшаў дадатковы том да Збору твораў, куды ўвайшлі неапублікаваныя пры жыцьці творы пісьменьніка. Шмат што было апублікавана ў пэрыёдыцы, у навуковых выданьнях, пабачылі сьвет дзёньнікі і лісты Ўладзімера Караткевіча да Якуба Коласа, Максіма Танка, Янкі Брыля... У 2006 годзе выйшла таксама ўнікальная кніжка малюнкаў пісьменьніка “Сьвет вачыма Ўладзімера Караткевіча”. Так што напрацоўкі ёсьць. Што будзе ўяўляць зь сябе меркаваны Збор твораў? Том 1 і 2 – паэтычныя творы, тамы 3–10 – празаічныя творы (апавяданьні, казкі, аповесьці, легенды, раманы), том 11 – драматычныя творы, тамы 12 і 13 – публіцыстыка, эсэ, крытыка, інтэрвію, том 14 – пераклады, тамы 15– 17 – сцэнары дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў, тамы 18–19 – лісты, том 20 – малюнкі, тамы 21 і 22 – дзёньнікі і запісныя кніжкі, том 23 – дарчыя надпісы, лібрэта, тамы 24 і 25 – дапаўненьні да папярэдніх тамоў, летапіс жыцьця і творчасьці, алфавітны даведнік, імянны паказальнік. Да Збору твораў мяркуецца дадаць кампакт-дыск зь вершамі і песьнямі ў выкананьні Караткевіча, выступы пісьменьніка на радыё, тэлебачаньні, у Саюзе пісьменьнікаў, кадры зь яго ўдзелам у фільме “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”.

Скобла: “А якія невядомыя творы Караткевіча выяўленыя вамі ў архівах?”

Верабей: “Напрыклад, раньняя аповесьць на расейскай мове “Предистория”, напісаная на пачатку 50-х гадоў. Можна згадаць і караткевічаўскі тэкст да палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага “Разьвітаньне з радзімай”, напісаны ў 1965 годзе”.

Скобла: “Вы расказваеце пра будучы 25-томавік, але ж у Караткевіча быў свой праект. Ён плянаваў напісаць ня 10, ня 25, а цэлых 80 тамоў…”

Верабей: “Уладзімер Караткевіч, у 50-я гады адчуваў небывалыя творчыя сілы і хацеў напісаць 100 (!) тамоў. У ягоным архіве захоўваецца плян на 78 тамоў, складзены самім пісьменьнікам. Скажам, цікавая задума была – напісаць 15 раманаў з сэрыі “Век”, якая б ахапіла жыцьцё беларускага народу зь сярэдзіны 60-х гадоў ХІХ стагодзьдзя на сто гадоў наперад. І ў тым пляне ёсьць пазнака рукой Караткевіча: “11 гадоў 75 дзён пры катаржнай нагрузцы”. І пра тое, што пісьменьнік сапраўды катаржна працаваў, сьведчыць напісанае ім, ён многае пасьпеў ажыцьцявіць”.

Скобла: “А хто будзе выдаваць будучы 25-томавік? Прыватныя выдавецтвы наўрад ці возьмуцца – патрэбныя вялікія сродкі”.

Верабей: “Мы спадзяемся на дзяржаву. Ня думаю, што выданьне будзе стратным. Папярэдні збор твораў меў наклад – 60 000 асобнікаў. І разышоўся. І будучы збор твораў прынясе матэрыяльны прыбытак дзяржаве. Таму, я думаю, дзяржаўныя структуры, ад каго гэта залежыць, павінны зрабіць усё, каб выдаць спадчыну Ўладзімера Караткевіча”.

Скобла: “На жаль, Міністэрства інфармацыі не падтрымала грамадзкую ініцыятыву ў справе выданьня Збору твораў Караткевіча. Адпаведнае рашэньне прынятае яшчэ 31 сакавіка 2009 году. У афіцыйным адказе за подпісам намесьніка міністра сп. І. Лапцёнка, між іншага, гаворыцца”:

“З мэтай ацэнкі актуальнасьці выдавецкага праекту і мэтазгоднасьці яго рэалізацыі ў прапануемым аб’ёме і ў азначаныя тэрміны дадзенае пытаньне намі прапрацавана з зацікаўленымі: ГА “Саюз пісьменьнікаў Беларусі”, Нацыянальнай акадэміяй навук, Міністэрствам культуры, Міністэрствам адукацыі, кнігагандлёвымі прадпрымствамі. Улічваючы мінімальны папярэдні заказ на выданьне (крыху больш за 600 экзэмпляраў) і сёньняшнюю нестабільную сытуацыю зь бюджэтным фінансаваньнем кнігавыданьня, плянаваць рэалізацыю доўгатэрміновых праектаў дастаткова складана і рызыкоўна”.

Скобла: “Міністэрства інфармацыі “ўстрымліваецца ад прыняцьця канчатковага рашэньня па ўзьнятым пытаньні” і раіць зьвяртацца ў Кабінет міністраў… Спадар Анатоль, апошнім часам кнігавыданьнем заняліся грамадзкія рухі. “Воля народу” Аляксандра Казуліна выдае Збор твораў Васіля Быкава ў 14 тамах (ужо выйшла 8). А пад патранатам Аляксандра Мілінкевіча і руху “За свабоду” выходзіць у сьвет “Гарадзенская бібліятэка”. Дык можа, і Ўладзімеру Караткевічу нехта зь іх дапаможа?”

Верабей: “Я ўсё ж хачу паўтарыць, што мы спадзяемся на падтрымку дзяржавы. Выданьне Збору твораў Уладзімера Караткевіча ў 25 тамах стане значнай культурнай падзеяй для ўсёй нашай краіны. Гэта будзе гонар ня толькі для тых, хто зьбіраецца рыхтаваць гэты збор твораў, але і для тых, хто будзе выдаваць”.

Скобла: “А можа, абвесьціць усенародны збор сродкаў? Караткевіч – самы папулярны зь беларускіх пісьменьнікаў”.

Верабей: “Ня выключаны і такі варыянт. Думаю, што многія беларусы адгукнуцца на гэты заклік”.

Скобла: “Спадар Анатоль, на мінулым тыдні, падчас афіцыйнага візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Кіеў, ва ўкраінскай сталіцы быў усталяваны мэмарыяльны камень на месцы будучага помніка Ўладзімеру Караткевічу. А як на сёньня ўшанавана памяць выдатнага пісьменьніка на радзіме? Ці дастаткова таго, што зроблена?”
мяркуецца вуліцу Чкалава ў Рагачове, на якой знаходзіцца дом, перайменаваць у вуліцу Уладзімера Караткевіча ...

Верабей:
“Помнікі Караткевічу ўсталяваныя ў Віцебску і Воршы. Абавязкова трэба паставіць помнік генію айчыннай літаратуры і ў Менску. Неабходна таксама стварыць у менскай кватэры Караткевіча (вул. Карла Маркса, 36) музэй пісьменьніка. Я сваіх студэнтаў туды часта важу, паказваю кабінэт. Там у пэрспэктыве павінен быць музэй. Мы таксама рабілі захады, каб захаваць дом на вуліцы Чкалава ў горадзе Рагачове. Ён быў пабудаваны яшчэ ў 1914 годзе дзедам Уладзімера Караткевіча – Васілём Іванавічам Грынкевічам. У гэты дом пісьменьнік часта прыяжджаў да свайго дзядзькі Ігара. Там ён пісаў раман “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, аповесьці “Чазенія” і “Ладзьдзя роспачы”. Рагачоў для Караткевіча зьяўляецца тым, чым была для Льва Талстога Ясная паляна, чым Ваймар быў для Гётэ, чым зьяўлялася Міхайлаўскае ці Болдзіна для Пушкіна, чым былі Акопы для Янкі Купалы. І гэтую дзедаўскую хату, якой амаль сто гадоў, трэба захаваць, зрабіць, магчыма, філіяй Музэю Уладзімера Караткевіча. Трэба сказаць, што з Рагачоўскага выканкаму мы атрымалі станоўчы адказ. Мясцовыя ўлады валодаюць сытуацыяй, хочуць выкупіць гэтую хату ў стрыечнага брата Караткевіча Сяргея Грынкевіч. Таксама мяркуецца вуліцу Чкалава ў Рагачове, на якой знаходзіцца дом, перайменаваць у вуліцу Уладзімера Караткевіча”.

Скобла: “Яшчэ нядаўна ў кнігарнях можна было пабачыць адзін з раманаў Караткевіча ў перакладзе на расейскую мову пад назвай “Христос приземлился в Гродно”. А расейскія кіношнікі заявілі пра намер экранізаваць “Чорны замак Альшанскі”. Баюся, што атрымаецца, як у нядаўна паказаным па БТ фільме “Тарас Бульба”, дзе кожны запароскі казак памірае “за русскую землю”. А хто сёньня валодае аўтарскімі правамі на творы Караткевіча?”

Верабей: “У рэдкалегію будучага Збору твораў уваходзіць яго пляменьніца Алена Іванаўна Сінькевіч, яна якраз і валодае аўтарскімі правамі. “Христос приземлился в Гродно” выдалі ў Пецярбурзе…”

Скобла: “Я так зразумеў, гэта было пірацкае выданьне?”
Але Караткевіча трэба экранізаваць не ў Маскве ці Галівудзе, а ў Беларусі. Толькі тады, я перакананы, зьявіцца цікавае беларускае кіно ...

Верабей: “Алена Іванаўна не давала згоды на гэтае выданьне. Што да “Чорнага замку Альшанскага”, то ён быў экранізаваны пры жыцьці Караткевіча рэжысэрам Міхаілам Пташуком. Сцэнар, дарэчы, пісаў сам Караткевіч. Ці варта экранізаваць “Чорны замак…” паўторна? Ва Ўладзімера Караткевіча шмат цудоўных твораў, якія заслугоўваюць увагі кіношнікаў: “Сівая легенда”, “Ладзьдзя роспачы”, “Чазенія”. Калі ласка, матэрыял надзвычай удзячны для кіно. Але Караткевіча трэба экранізаваць не ў Маскве ці Галівудзе, а ў Беларусі. Толькі тады, я перакананы, зьявіцца цікавае беларускае кіно”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG