Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапіс як сацыяльна-палітычная дэманстрацыя беларусаў


Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 18 кастрычніка

У Беларусі працягваецца перапіс насельніцтва. Грамадзяне нашай краіны мусяць адказаць на 19 пытаньняў перапіснога аркуша, сярод якіх ёсьць і пытаньні, датычныя нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Колькі родных моваў можа быць у чалавека? Наколькі правільна вызначаць нацыянальнасьць рэспандэнта паводле ягонага жаданьня? Якіх вынікаў чакаць ад Мінстату? Пра гэта ды іншае мы гутарым з палітолягам, кандыдатам філязофскіх навук Уладзімерам Падголам.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Уладзімер, калісьці ў сьветлай памяці Валянціна Тараса быў скандальны верш пра дзьве родныя мовы. На яго адгукаўся па Радыё Свабода Янка Запруднік, на яго пісаліся пародыі – бо ж сапраўды дзіўна, як гэта можа быць у чалавека дзьве родныя мовы? І вось пра дзьве родныя мовы гаворыць не расейскамоўны паэт (які, да слова сказаць, урэшце стаў пісаць па-беларуску), а прэзыдэнт, які, да таго ж, удома гаворыць на трох мовах – па-беларуску, па-расейску і “на трасянцы”. Чым можна патлумачыць гэткія нечаканыя прызнаньні Аляксандра Лукашэнкі?”

Уладзімер Падгол: “У згаданым тэлесюжэце з Драздоў перапіс цягнуўся некалькі сэкундаў, а пасьля пачаўся палітычны відэакліп. На пытаньне дзяўчыны-перапісчыцы пра родную мову Лукашэнка вельмі ўпэўнена і бяз роздумаў адказаў: “Беларуская”. Потым наступіла паўза, пасьля якой ён дадаў: “Беларуская і расейская”. І вось тут пайшоў палітычны відэакліп, які цягнуўся на працягу ўсяго сюжэту. Зазначу: беларускасьць была сапраўднай у першае імгненьне, а потым ён пачаў ужо гуляць. Калі б на гэтым усё скончылася, далей працягваць гаворку пра расейскія крэдыты, пра адкрыцьцё рынку ўжо ня мела б сэнсу. Таму гэты дадатак – “і расейская” – быў ужо як палітычны мэсыдж Крамлю. Як і расейскамоўны буквар Колі Лукашэнкі папу рымскаму”.

Скобла: “Ва ўсіх на памяці неаднаразовыя выказваньні Лукашэнкі пра беларусаў, якія – “таксама расейцы”. І тут раптам катэгарычнае –“я беларус”, і беларуская мова, аказваецца, яму родная. Сяму-таму ў гэтым убачыўся непрыхаваны выклік Маскве. Вы так ня лічыце?”

Падгол: “Не, не лічу. Наадварот, у прызнаньнях Лукашэнкі мне бачыцца жаданьне спадабацца ўсім суб’ектам. Лукашэнка – такі чалавек. Ён, калі размаўляе на публіку, пасылае свае мэсыджы ў некалькі адрасоў адначасова: і на Захад, і Крамлю, і простаму электарату, і інтэлігенцыі. Так ужо ён уладкаваны, каб трымаць сваю ўладу, ён павінен падтрымліваць віртуальную камунікацыю адразу зь некалькімі сацыяльнымі групамі. Таму ў Лукашэнкі рэфлекторна ідуць пасылы. Таму ён і назваў роднай беларускую мову – гэта быў пасыл беларусам сьвядомым. І дарэчы, тут я заўважыў, Лукашэнка казаў гэта вельмі павольна і як бы пераконваў сам сябе і пераконваў гледачоў, што мусіць быць у кіраўніка Беларусі роднай мовай беларуская. У гэтым доўгім адказе з наступнай паўзай быў бачны псыхалягічны працэс”.

Скобла: “Мы з вамі неяк гаварылі ў “Вольнай студыі” пра “шматфункцыянальнага Колю” – Лукашэнкавага сына. Падчас перапісу ён быў пахвалены бацькам за тое, што – беларус. А якую функцыю ў дадзеным выпадку выканаў хлопчык Коля?”

Падгол: “Ён выканаў наступную функцыю: бацька любіць сына-беларуса, а значыць, вы ўжо там, людцы, самі дадумвайце, што ён любіць і Беларусь. Вось гэтая функцыя навідавоку. Гэта ўскосна пацьвярджаецца і інтэрвію перапісчыцы Ірэны Саўко, студэнткі чацьвёртага курса факультэту мэнэджмэнту Беларускага эканамічнага ўнівэрсытэту, якая хадзіла перапісваць Лукашэнку. Дык вось, яна ў сваім інтэрвію газэце “Комсомольская правда в Беларуси” зазначыла, што ў рэзыдэнцыі была вельмі дабразычлівая, цёплая, хатняя абстаноўка, і бацька проста выпраменьваў любоў да свайго сына Колі”.

Скобла: “Калісьці на нашым радыё народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль выказаўся так: “Калі б беларусу загадалі быць беларусам, атрымаўся б выдатны беларус”. І сапраўды – народ наш звык аглядацца на начальства. Назваўшы роднай мовай беларускую, ці не падказвае Лукашэнка свайму электарату: рабі як я?”

Падгол: “Па-першае, мушу не пагадзіцца са словамі вялікага пісьменьніка. Па загадзе нельга стаць сапраўдным беларусам. Беларушчына высьпявае з нутра, зь дзіцячых казак і вершаў, якія мне, напрыклад, бацька ўсё маё раньняе дзяцінства чытаў, і я проста жыў і купаўся ў гэтым моры беларушчыны. Па загадзе можна імітаваць нешта, а ўнутранае пачуцьцё, любоў па загадзе не зьяўляюцца. Беларус па загадзе – гэта праява ягонай прыстасаванасьці, калі ў гэтым сэнсе вызначаць, тады я з Брылём пагаджуся. Лічбы перапісу, я перакананы на тысячу адсоткаў, будуць напісаныя такія, якія трэба. Словы Лукашэнкі наконт родных моваў былі дадатковым пасылам кіраўнікам усіх перапісчыкаў і Міністэрства статыстыкі: “Даражэнькія, вы мусіце прадставіць наступны вынік: 95% заявілі, што родная мова – беларуская і расейская”. Вось давайце паглядзім, ці збудзецца мой прагноз”.

Скобла: “Давайце зьвернемся да перапіснога аркуша. Там ёсьць некалькі цікавых пункцікаў. Напрыклад: “Да якой нацыянальнасьці вы сябе адносіце (па самавызначэньні)?” Жыў калісьці ў Менску таленавіты паэт Дзяніс Хвастоўскі (на жаль, рана памёр), дык ён хацеў быць шатляндцам і нават у анкетах так пісаў. Наколькі правільна вызначаць нацыянальнасьць чалавека паводле ягонага жаданьня?”
бальшыня нашых людзей адказвае на перапісе, быццам выходзячы ў гэты момант на дэманстрацыю ...

Падгол: “У беларускіх варунках вызначэньне нацыянальнасьці робіцца не праўдзівым унутраным актам, самапрызнаньнем, а палітычнай дэманстрацыяй. І сам Лукашэнка, калі называў сябе беларусам, ён рабіў гэта з такім гонарам, з такой упэўненасьцю, як быццам нехта на яго накідваўся і загадваў: “А ну скажы, што ты не беларус, а ну скажы, што ты габрэй ці цыган”. Прыкладна так выглядаў ягоны адказ. Паўтаруся, гэта была палітычная дэманстрацыя. Таму бальшыня нашых людзей адказвае на перапісе, быццам выходзячы ў гэты момант на дэманстрацыю. У сёньняшняй Беларусі з вызначэньнем нацыянальнасьці будзе так: ці чалавек з гонарам запіша сябе беларусам, і гэта будзе ягоная дэманстрацыя, ці чалавек, які пагарджае беларускасьцю, напіша сабе любую іншую нацынальнасьць”.

Скобла: “Дзіўна вызначае падпісны аркуш і родную мову – гэта “мова, засвоеная першай у раньнім дзяцінстве”. Калі б у гэтым перапісе ўдзельнічаў, скажам, Максім Багдановіч, то роднай мовай яму запісалі б расейскую, а Янку Купалу ў аналягічным выпадку – польскую… Ці не заблытаецца беларускі народ у вызначэньні роднай мовы, нягледзячы на ўсе падказкі, у тым ліку ад Лукашэнкі?”

Падгол: “Не заблытаецца. Роднасьць вызначаецца па любові, і любы беларус вызначыць, любіць ён гэтую мову, ці ня любіць. Родная мова – гэта любоў, а чужая – гэта адсутнасьць любові. Сваё і чужое нескладана вызначыць”.

Скобла: “Але ў нас дзіўная сытуацыя: беларусы любяць адну мову, а размаўляюць пераважна на другой”.

Падгол: “Гэта зусім іншае. Гэта тлумачыцца практыкай, гэта тлумачыцца страхам, што цябе не зразумеюць. Паўтаруся, роднае – гэта любоў. Можна жыць з жонкай, а ўсё жыцьцё любіць суседку і не прызнавацца ёй у каханьні…”

Скобла: “Параўнаньне мовы з каханкай не карэктнае”.

Падгол: “Усе параўнаньні не карэктныя, так проста лягчэй патлумачыць сваю думку”.

Скобла: “І трохі гісторыі. Яшчэ ў 1897 годзе на беларускай мове размаўлялі (засьведчыў тагачасны перапіс) пяць з паловай мільёнаў чалавек. Гэта ў Расейскай імпэрыі. Дзесяць гадоў таму па-беларуску размаўлялі 74% грамадзянаў Беларусі. Якія афіцыйныя вынікі можна чакаць цяпер?”
Дэ факта беларускую мову назаве роднай 80-85%, можа, нават і 90%...

Падгол: “Думаю, што вынікі перапісу будуць сфальшаваныя ў любым выпадку – у залежнасьці ад палітычнай кан’юнктуры, крэдытаў расейскіх. Дэ факта беларускую мову назаве роднай 80-85%, можа, нават і 90%. Хачу зьвярнуць вашу ўвагу на надрукаваныя ў “Нашай ніве” вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў прафэсара Андрэя Вардамацкага. Там проста ўнікальныя зьвесткі пра тое, што амаль 50% грамадзянаў лічаць тых, хто валодае беларускай мовай, сапраўднымі патрыётамі. Гэта значыць – мова перастала атаясамлівацца з апазыцыяй. Таму проста з-за падвышэньня папулярнасьці беларускай мовы вялікая колькасьць людзей, якія яе ня ведаюць і ніколі не вучылі, могуць назваць яе роднай. Паўтаруся, пытаньне, хто вы па нацыянальнасьці, і якая мова родная – гэта сацыяльна-палітычная дэманстрацыя, а ня шчыры адказ”.

Скобла: “А самі вы прайшлі перапіс?”

Падгол: “Учора да мяне прыходзілі перапісчыкі – студэнты Беларускай палітэхнічнай акадэміі. Я адразу спатрабаваў у іх беларускую анкету. І яны адразу пачалі размаўляць са мною па-беларуску. Бачна было, што я беларус, размаўляю па-беларуску, анкету папрасіў, дык яны за мяне прастаўлялі галачкі, я толькі крышачку кпіў зь іх, маўляў, вы сёньня атрымалі яшчэ адзін урок беларускай мовы”.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG