Трыццаць гадоў таму ў ЧССР адбыўся працэс над удзельнікамі Камітэту абароны несправядліва перасьледаваных. Вацлава Гаўла тады асудзілі да чатырох з паловай гадоў зьняволеньня.
Яшчэ да пачатку працэсу Гаўлу давялося вырашаць дылему: камуністычныя ўлады Чэхаславаччыны прапанавалі яму свабоду ў абмен на ад’езд з краіны ў ЗША. У адным з тагачасных лістоў Гавэл пісаў зь вязьніцы:
“Маю ад’ехаць у вольны сьвет з рызыкай, што мяне ўжо ня ўпусьцяць назад, але тым самым забясьпечыць вызваленьне таварышам, якія разам са мной апынуліся за кратамі? Альбо выстаяць у бойцы з КСЧ (Камуністычная партыя Чэхаславаччыны) і адкінуць запрашэньне ў Амэрыку?”
Гавэл выбраў другі варыянт, баючыся, што калі раптам прыме першы, гэта будзе ўспрынята як “здрада ідэалам, з-за якіх мы ўсе і апынуліся ў вязьніцы, а таксама як спроба ўратаваць сваю скуру цаной унікненьня ад супольнай адказнасьці”,– напісаў тады Гавэл у адным зь лістоў з-за кратаў.
Сёньня гэты ліст публікуе рэсурс Idnes.cz.
Гавэл вядомы ня толькі як дысыдэнт і прэзыдэнт, ён адзін з самых паважаных у сьвеце інтэлектуалаў, шмат разважае і піша пра зьмены, якія адбываюцца ў сьвядомасьці людзей на пераломе ад камунізму да нармальнага жыцьця.