Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Любыя кантакты Лукашэнкі... карысныя”


Ці можна лічыць візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Літву сур’ёзным прарывам у справе далейшай легітымацыі цяперашняга беларускага рэжыму на Захадзе?

Ці можна пагадзіцца з тымі, хто заяўляе, што запрашэньне Лукашэнкі ў Вільню — гэта ганьба для Літвы? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць: зь Менску — палітоляг Уладзімер Мацкевіч, з Кіева — міжнародны аглядальнік Віталь Портнікаў.

Уладзімер Мацкевіч
Віталь Портнікаў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: “Ці можна лічыць візыт Лукашэнкі ў Літву сур’ёзным прарывам у справе далейшай легітымацыі рэжыму Лукашэнкі на Захадзе? Наколькі, на вашу думку, Літва была самастойная ў гэтай ідэі? Запрашэньне Лукашэнкі — гэта ідэя Вільні ці ўсё ж Брусэлю?”

“Гэта ня Захад паварочваецца да Лукашэнкі, а Лукашэнка паварочваецца да Захаду”.


Портнікаў: “Шчыра кажучы, я ня стаў бы ўвогуле гаварыць, што ідзе размова пра легітымізацыю беларускага кіраўніцтва, бо Аляксандар Лукашэнка і так дастаткова даўно ёсьць легітымнай постацьцю для Захаду, для Літвы. Мне здаецца, што калі ў свой час Беларусь адмовілася супрацоўнічаць з Захадам — гэта была ня столькі ініцыятыва Захаду, колькі ініцыятыва самога беларускага боку. Лукашэнка хацеў весьці палітыку
Я ня стаў бы ўвогуле гаварыць, што ідзе размова пра легітымізацыю беларускага кіраўніцтва, бо Аляксандар Лукашэнка і так дастаткова даўно ёсьць легітымнай постацьцю для Захаду, для Літвы.
так, каб ніхто ня мог зрабіць яму аніякай заўвагі. Зараз Лукашэнка пабачыў, што гэтая палітыка зазнала фіяска, і гэта ня Захад паварочваецца да Лукашэнкі, а Лукашэнка паварочваецца да Захаду.

Ну, а Літва як суседняя краіна, як краіна, якая заўсёды імкнулася падтрымліваць адносіны зь Менскам на досыць высокім узроўні — ня можа заставацца востравам у гэтым працэсе, як ня можа быць востравам у гэтым працэсе і Ўкраіна. З гэтага гледзішча, сустрэчы Лукашэнкі з прэзыдэнтам Літвы Грыбаўскайце — гэта працяг ягоных сустрэчаў з прэзыдэнтам Украіны Юшчанкам, якія адбыліся ў яго ў Гомелі і Чарнігаве”.

Цыганкоў: “Але гэты рух Захаду да Лукашэнкі, ці, як вы лічыце, Лукашэнкі насустрач Захаду — ён усё-такі пачаўся ў выніку пэўных падзеяў… Ці можна сказаць, што ён пачаўся пасьля расейска-грузінскага канфлікту ў жніўні летась?”

Портнікаў: “Я б ня зьвязваў гэта толькі з падзеямі расейска-грузінскага канфлікту. Я б зьвязаў гэта найперш з глябальным эканамічным крызісам. Мы павінны ўсьведамляць, што зараз Расея фізычна ня можа ўтрымліваць Беларусь так, як гэта было дагэтуль. Больш за тое, у Расеі зараз існуе перакананьне, што трэба абменьваць дапамогу на палітычныя саступкі”.

“Ніякай ганьбы для Літвы тут няма”


Цыганкоў: “Ці можна назваць сёньняшні візыт сур’ёзным прарывам, ці гэта толькі чарговае лягічнае зьвяно ў ланцужку той палітыкі, што праводзіцца апошні год Захадам у дачыненьні да Менску?”

Мацкевіч: “Менавіта так, гэта адзін з крокаў той пакрокавай стратэгіі Захаду, якая ўжо больш за год ажыцьцяўляецца адносна Беларусі. Хаця зь Літвой стасункі на даволі высокім узроўні ніколі не перапыняліся, нават у самыя халодныя часы. Сёньняшні візыт можна ставіць побач з сустрэчай Лукашэнкі і Юшчанкі. Гэтыя кантакты на вышэйшым узроўні дапамагаюць рухацца па той стратэгіі, той „дарожнай мапе“, якую рэалізуе Эўропа ў дачыненьні да Беларусі”.

Цыганкоў: “А як вы ставіцеся да тых галасоў, якія сёньня гучаць у Беларусі, што запрашэньне Лукашэнкі ў Вільню — гэта „дзень ганьбы для Літвы“?”

Мацкевіч: “Ніякай ганьбы для Літвы тут няма. Літва дзейнічае цалкам у межах эўрапейскай стратэгіі ў дачыненьні да “Ўсходняга партнэрства” і да Беларусі. Каму, як не Літве, Польшчы, Украіне прыкладаць найбольшыя намаганьні для беларуска-эўрапейскага збліжэньня? Бо менавіта гэтыя краіны маюць і вялікую эканамічную зацікаўленасьць, і найбольшыя магчымасьці, каб уплываць на крокі па ўцягваньні Беларусі ў сфэру эўрапейскіх дачыненьняў.

Такія выказваньні зыходзяць зь нейкіх ідэалягічных каштоўнасных падыходаў. Яны карысныя, каб нагадваць, што збліжэньне Менску з Эўропай не павінна ігнараваць парушэньні правоў чалавека і антыдэмакратычны статус беларускага рэжыму. Нагадваць пра гэта грамадзкасьць павінна, але ж мы павінны разумець і той шлях, які абраны для таго, каб Беларусь стала паўнавартасным эўрапейскім партнэрам”.

“Мы павінны думаць не пра інтарэсы беларускай апазыцыі, а пра інтарэсы Беларусі”


Портнікаў: “Я думаю, што мы павінны думаць не пра інтарэсы беларускай апазыцыі, а пра інтарэсы Беларусі і пра яе будучыню. І гэта адзіны магчымы дзяржаўны падыход да таго, што адбываецца, калі заходнія лідэры сустракаюцца з Лукашэнкам. Калі б беларуская апазыцыя была дастаткова моцнай, каб самастойна зьмяніць сытуацыю ў Беларусі, каб стварыць парлямэнцкую апазыцыю, паставіць пад пытаньне легітымнасьць Лукашэнкі — мы маглі б казаць, што заходнія кіраўнікі могуць з Лукашэнкам не сустракацца.

Але мы ведаем, што гэтага не адбылося, і што людзі, якія называюць сабе беларускай апазыцыяй, сёньня знаходзяцца ў маргінальным стане.
Мне здаецца, што зьвяртаць увагу на нейкія ацэнкі маргінальнай часткі беларускай апазыцыі проста непатрэбна. Бо рэальная палітыка адбываецца не ў інтэрнэце.
А задача ўсіх тых, хто думае пра будучыню эўрапейскага разьвіцьця Беларусі — рабіць усё магчымае, каб беларускае кіраўніцтва ўсьвядоміла незваротнасьць такога выбару, каб яно было гатовае да рэформаў і дэмакратызацыі, каб разумела, што кантакты з Захадам магчымыя толькі пры ўмове павагі да грамадзкай думкі, да альтэрнатыўных пазыцыяў. З гэтага гледзішча мне здаецца, што зьвяртаць увагу на нейкія ацэнкі маргінальнай часткі беларускай апазыцыі проста непатрэбна. Бо рэальная палітыка адбываецца не ў інтэрнэце.

Вядома, трэба сустракацца з прадстаўнікамі беларускага грамадзтва, з тымі, хто мае альтэрнатыўны погляд на будучыню краіны. Але нельга ігнараваць той факт, што сёньня Аляксандру Лукашэнку належыць уся паўната ўлады ў краіне, і ад ягонага выбару залежыць тое, як будзе гэтая краіна разьвівацца. Мне здаецца, што любыя кантакты зь беларускім прэзыдэнтам, якія паказваюць яму, што ён прэзыдэнт не краіны-сатэліта, а незалежнай дзяржавы з эўрапейскай будучыняй — гэта карысныя кантакты”.

Цыганкоў: “У Літвы як суседкі Беларусі ёсьць свае эканамічныя інтарэсы ў супрацоўніцтве зь Менскам. Ці ўдалося літоўскім кіраўнікам вытрымаць гэты складаны балянс паміж эканамічнымі інтарэсамі і каштоўнасьцямі? Да прыезду Лукашэнкі яны запрасілі лідэраў беларускай апазыцыі, тыя мелі сустрэчы на вельмі высокім узроўні, з прэм’ер-міністрам і міністрам замежных спраў. Ці дастаткова гэтага было для ўраўнаважваньня?”

Мацкевіч: “Думаю, што цалкам дастаткова. Літоўскія ўлады таксама дазволілі пікеты з нагоды гадавіны зьнікненьняў беларускіх палітыкаў. Такім чынам, Літва, прыкладаючы дыпляматычныя намаганьні для збліжэньня зь Беларусьсю, не забываецца таксама пра тыя праблемы, якія шкодзяць беларуска-эўрапейскім і беларуска-літоўскім дачыненьням”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG