Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэньне Баршчэўскага — спроба рэваншу ўнутры БНФ?


Валер Булгакаў
Валер Булгакаў

На агульным сходзе менскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ абвешчана рашэньне стварыць ініцыятыўную групу па вылучэньні былога старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага кандыдатам на будучыя прэзыдэнцкія выбары. Як можна ацаніць вылучэньне Лявона Баршчэўскага фактычна насуперак рашэньню апошняга зьезду БНФ? Ці можна сьцьвярджаць, што Баршчэўскі здольны зьяднаць вакол сябе людзей, прайсьці шлях збору і стаць рэальным кандыдатам? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае рэдактар часопісу “Архэ” Валер Булгакаў.

Цыганкоў: На верасьнёўскім зьезьдзе Партыі БНФ, на якім Лявон Баршчэўскі прайграў Аляксею Янукевічу выбары старшыні партыі, было вырашана, што канчаткова фармат удзелу БНФ у будучых прэзыдэнцкіх выбарах і магчымы партыйны кандыдат ад БНФ будуць вызначаныя на пазачарговым зьезьдзе вясною 2010 году. Фактычна можна казаць, што Лявон Баршчэўскі сваім рашэньнем вылучыцца парушае партыйную дысцыпліну...

Булгакаў: Канечне, нейкі канфрантацыйны сэнс ці падтэкст у гэтым вылучэньні прысутнічае. Пры дапамозе гэтага вылучэньня групоўка Вячоркі, Івашкевіча, Баршчэўскага дае зразумець, што яна мае досыць істотныя палітычныя амбіцыі і што расклад, які ўтварыўся пасьля 12-га зьезду БНФ, іх не задавальняе. Таму гэта праява таго, што лініі падзелу у БНФ існуюць і нарастаюць і што групоўка, пра якую я казаў, не зьбіраецца мірыцца з існуючым статус-кво.

Цыганкоў: Ці здольны Баршчэўскі перамагчы на ўзроўні АДС — будзе гэта праймэрыз ці якая іншая сыстэма? Ці можа ён стаць агульным кандыдатам ад усіх дэмакратычных сілаў?

Булгакаў: Мяркую, што сэнс гэтага вылучэньня ня ўпісваецца ў сыстэму праймэрыз. Яго сэнс трэба прачытваць і бачыць выключна з палітычных і кадравых раскладаў у БНФ. Перад зьездам гэтае вылучэньне мела стратэгічны сэнс, накіраваны на ўтрыманьне ініцыятывы і працяг дамінацыі гэтай групоўкі. Цяпер пры дапамозе вылучэньня Баршчэўскага гэтая групоўка ў партыі БНФ спрабуе набыць новае дыханьне, перахапіць ініцыятыву, пераламіць нявыгадны для іх ход падзеяў.

Цыганкоў: Калі разьвіць вашу думку — вы лічыце, што Лявон Баршчэўскі не зьбіраецца станавіцца рэальным кандыдатам у прэзыдэнты?

Булгакаў: Бачыце, я не казаў гэтага. Я проста казаў, што ён хутчэй перасьледуе ўнутрыпартыйныя мэты, чым заклапочаны пытаньнем падтрымкі ўласнай кандыдатуры з боку ўсіх суб’ектаў АДС. Уласна кажучы, апазыцыйная палітыка ў гэтым і палягае — канцэнтравацца на найбольш істотных кампаніях і спрабаваць мабілізоўваць пад іх як мага больш палітычных прыхільнікаў і рэсурсаў. Але сам факт вылучэньня Баршчэўскага сьведчыць найперш пра тое, што з абраньнем Аляксея Янукевіча старшынём партыі ўнутрыпартыйная канкурэнцыя ня зьнікла — больш за тое, яна выходзіць на новы ўзровень амбіцыяў, зьвязаных зь лідэрствам у агульнанацыянальным маштабе.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG