Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Запруднік. Нататкі з падарожжа


Ян Запруднік
Ян Запруднік

Гісторык і актыўны грамадзкі дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША, вэтэран “Радыё Свабода” Ян Запруднік з жонкай Надзяй 30 чэрвеня - 26 ліпеня сёлета наведалі Беларусь і Беласточчыну. Спадар Запруіднік дзеліцца ўражаньнямі ад падарожжа.

Заўвага аўтара: З гледзішча на мае крытычныя ацэнкі й выказваньні, у нататках не называюцца прозьвішчы шмат якіх асобаў, зь якімі была вялікая радасьць пабачыцца й якім на гэтым месцы выказваю шчырую падзяку за прыемнасьць сустрэчы.

Зь Нью-Джэрзі ў менскі гатэль

Удзел у сёлетнім Пятым зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” мы з жонкай пастанавілі спалучыць з пашыранымі адведкамі сваякоў і сяброў. Ляцець у Беларусь думалі спачатку нямецкай Люфтганзай, але, параўнаўшы цану, выбралі польскі ЛЁТ. Заашчаджаныя 600 даляраў дадаліся ў Беларусі да грашовых падарункаў і ахвяраваньняў.

Адным з галоўных клопатаў перад ад’ездам было, як спрасьціць па прыезьдзе ў Беларусь дурацкую цяганіну з рэгістраваньнем у паліцыі свайго побыту? Навучаныя папярэднім абіваньнем афіцыйных парогаў, пастанавілі гэтым разам затрымацца першы дзень у гатэлі, спадзеючыся, што гатэльная адміністрацыя возьме на сябе гэтую прыкрую для нас фармальнасьць.

З дапамогай дзелавых спадарынь з “Бацькаўшчыны” замовілі сабе пакой у гатэлі “Мінск”, які лічыцца ў сталіцы другім паводле камфорту месцам для турыстаў. Пра якасьць гатэлю павінна была сьведчыць цана за ноч – 224 даляры.

І так, з затоеным дыханьнем выправіліся ў дарогу. У Варшаве пераселі з большага амэрыканскага боінгу на меншы. Пасажыраў у ім, на дзіва, было даволі шмат. Побач са мной аказалася былая мянчанка, якая ехала з Канады. Везла да бацькоў трое сваіх дзяцей на лета. Казала, робіць гэтак ужо каторы год. Дарэчы, і ў Амэрыцы бачым такое самае: маладыя новапрыбылыя сем’і завозяць дзяцей налета да бацькоў у Беларусь. Каштуе таньней, чымся пасылаць іх на месцы ў дзіцячыя садкі ці летнія лягеры. Дый дзядам прыемнасьць, хоць ці не без нагрузкі.

З Варшавы да Менску гадзіна лёту. Пасьля новага, размашыстага й люднага варшаўскага аэрапорту менскі выглядае сіратліва й запушчана. Перад кантрольнай паліцыйнай будкай чакала нас жанчына з блянкамі абавязковай мэдычнай страхоўкі на час побыту. Заплацілі па 18 даляраў ад асобы. Тут жа ляжалі на стале сьлепаватыя фармулярчыкі, якія трэба было запоўніць двойчы, для Рэспублікі Беларусь і Расійскай Фэдэрацыі. На кожнай палавіне фармулярчыка сьмеху вартая пячатка -- “Выдается бесплатно”. Калі складзеш удвая, фармулярчык ня большы за пашпарт. Напружваючы зрок, трэба было два разы выпісаць мікраскапічнымі літарамі й лічбамі: імя, імя па бацьку, прозьвішча, нумар пашпарта, нумар візы, калі прыехаў, якія мясьціны наведаеш, якімі справамі будзеш займацца, калі выедзеш, подпіс. Уяжджаеш у царства бюракратыі... Добра, што з праверкай багажу не было ніякіх клопатаў, бо й тае праверкі не было. Што да грошай, дык калі ўвозіш ня больш за дзесяць тысячаў даляраў на асобу, дэкляраваць ня трэба.

Гатэль “Мінск” стаіць ля самай плошчы Незалежнасьці, недалёка ад Чырвонага касьцёлу. Гадоў недзе з восем таму будынак мадэрнізавалі туркі. Было шмат гутаркі вакол праекту. Казалі, што гэта будзе гатэль-супэрлюкс. Цяпер яго рэклямуюць сярод менскіх гасьцініц як нумар два пасьля адноўленай нядаўна пяцізоркавай “Еўропы”. “Мінск” хваліцца чатырма зоркамі.

Разьлік на тое, што тут адбудзецца паліцыйная рэгістрацыя, апраўдаў сябе. У нас адразу ж папрасілі пашпарты й сказалі, што праз гадзіну штамп будзе пастаўлены. Уф!

Падняўшыся на свой чацьверты паверх, мы зьдзіўлена пабачылі засланы белым непрымацаваным палавіком цемнаваты калідор, у якім перад кожнымі дзьвярыма ляжала такая ж белая пагамтаная посьцілка. Першае ўражаньне: незакончаны рамонт.

Увайшоўшы ў сьціпла ўмэбляваны невялікі пакой з падвойным ложкам, я пачаў аглядаць, што ў ім ёсьць, а чаго няма. Цікава было праверыць турэцкія чатыры зоркі. Адчыненае акно адразу ж дало знаць пра адсутнасьць кандыцыянэра (які, дарэчы, у той душны дзень пасьля ўтомнай дарогі быў бы зусім ня лішні). Не пабачыў я ў пакоі таксама ані гадзіньніка ані лішняй падушкі (стандартныя рэчы ў амэрыканскіх гатэлях і матэлях). Затое ўмывальня аказалася на ўзроўні – чысьценькая й бліскучая.

Зыйшоўшы наніз, мы былі ўражаныя ў фае малой колькасьцю гасьцей, прычым неэўрапейскага выгляду – ні то арабы ні то людзі з Цэнтральнай Азіі. Некаторыя зь іх сядзелі з лаптопамі (кампутарамі) на каленях. Гэтымі гатэльнымі кампутарамі, як мне ветліва паясьніў швайцар, можна карыстацца задарма. Калі ж хочаш стацыянарнага кампутара з прафэсійнай дапамогай, падыміся на паверх вышэй у “Бізнэс цэнтар” і там за невялікую плату атрымаеш патрэбнае. Так мы й зрабілі, каб выслаць у Штаты кароценькую вестачку, што палёт адбыўся шчасьліва.

Вячэра пад музыку

“Мінск” прапануе паслугі ў сваім вялікім рэстаране. Калі мы зайшлі туды павячэраць, кліентаў у ім не было, але афіцыянта чакалі ня доўга. Ён нам памог разабрацца ў даволі багатым мэню. Раздумоўвалі ня доўга, бо што беларускаму жывату можа быць прыямнейшым за дранікі з жаранымі лісічкамі. Ну, і са сьвежымі гурочкамі ды памідорамі. Ад прапанаванай нам гарэлкі мы з падзякай адмовіліся.

Чакаў нас і неспадзяваны бонус. Толькі мы пачалі есьці, як загучэла скрыпка пад піяніна, а пасьля – і мяккі дзявочы вакал. Пасьля першай расейскай песьні мы папрасілі “што-небудзь беларускае”. Загучэла, ізноў па-расейску, “Белавежская пушча” (якую, дарэчы, Данчык выконвае ў выдатным беларускім перакладзе Натальлі Арсеньневай). Пасьля нягучных воплескаў мы йзноў папрасілі: “па-беларуску, калі ласка”. Да дзяўчат нарэшце дайшло: далей паплылі ўжо мілагучныя “Мой родны кут”, “Купалінка”, “Жураўлі на Палесьсе ляцяць” ды яшчэ тры-чатыры блізкія сэрцу мэлёдыі. Падзякаваўшы выканальніцам, мы, задаволеныя, пакінулі рэстаран, куды пад канец зьявілася яшчэ пару аматараў паесьці.

Менская “Сталіца”, або Shopping Mall

Гадоў чатыры таму пад плошчай Незалежнасьці мы зьведалі пачатак гандлёвага цэнтру, так званай “Сталіцы”. Захацелася пабачыць яе цяпер – паглядзець, што там новага. А новага шмат, хоць для нас яно адначасна й старое, бо ў Амэрыцы поўна падобных гандлёвых цэнтраў (shopping malls). Тое, што мы бачылі раней на адным паверсе, разраслося й паглыбілася да трох узроўняў. Крамы самага рознага тыпу, ад ювэлірных і касмэтычных да спажывецкіх супэрмаркетаў. На рэклямных плякатах, вывесках і налепках поўна замежных, найбольш англамоўных тэрмінаў. Сваім кліматам, праўда, “сталічныя” калідоры не дацягнулі яшчэ да заходняга ўзроўню: паветра цеплавата-душнае, ахаладжэньне маюць толькі некаторыя магазыны, дый тое кволае.

Крамы напоўненыя вельмі падобнымі таварамі што й у Амэрыцы. Мода на крыклівую дэманстрацыю голага жаноцкага цела відавочная і на манэкінах, і на дзяўчатах, што зайздросна ўглядаюцца ў вітрыны. У модах выразна лідзіруе слабейшы пол. Мужыкі плятуцца далёка ззаду: прыкладам, шорты ў шырокі ўжытак яшчэ не ўвайшлі. Іх носяць пакуль што нешматлікія энтузіясты навізны.

Дарэчы, пра даляры й беларускія рублі. У абменных пунктах, якіх у Менску поўна, за даляр давалі 2850 рублёў. За куплянае мы расплачваліся толькі рублямі. Людзі так ужо прывыклі да сваіх “тысячаў”, што часта іх і ня згадваюць. Заміж “дванаццаць тысячаў рублёў”, прадавец (найчасьцей жанчына) кажа “дванаццаць рублёў”. Навошта лішне мазоліць язык “тысячамі”?

Калі Нацбанк правядзе дэвальвацыю, дык гэта будзе ўжо пост фактум.

Ад каго “атрымалі” сувэрэнітэт?

Буслы на плошчы Незалежнасьці
На самой плошчы Незалежнасьці коратка перад нашым прыездам закончылі ўсталёўваць вялікі круглы фантан-помнік, цэнтрам якога сталася манумэнтальная скульптура трох буслоў – сымбаль Беларусі, – што ўздымаюцца ў неба. На мармуровай абводцы фантану сымэтрычна разьмешчаныя гістарычныя гэрбы абласных цэнтраў, а сярод іх і шчыт з напісам:

ПЛОШЧА
НЕЗАЛЕЖНАСЦІ
НАЗВАНА Ў ГОНАР
АТРЫМАННЯ СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ.
РЭКАНСТРУЯВАНА Ў 2003-2006 ГАДАХ
ПА ДАРУЧЭННЮ ПЕРШАГА
ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
А. Р. ЛУКАШЭНКІ


Адразу ж зьвяртае на сябе ўвагу нонсэнс (і адначасна фальсыфікат) пра “атрыманьне” сувэрэнітэту. Ад каго гэта Беларусь “атрымала” яго? Агульна ж ведама, што сувэрэнітэт быў абвешчаны. Яго абвясьціў Вярхоўны Савет БССР (27 ліпеня 1990 г.) у выніку гучных слоўных сутычак паміж беларускімі патрыётамі, якіх згуртаваў БНФ, і прамаскоўскімі камуністамі. Пераробка абвешчаньня на “атрыманне” – гэта ня толькі зацямняньне гістарычнага факту, але й сьведчаньне пра камплекс нацыянальнай непаўнавартаснасьці на дзяржаўным узроўні, камплекс запалоханасьці перад усходнім мядзьведзем. Або проста дурное чыноўніцкае дагаджаньне свайму “тоже русскому” прэзыдэнту.

Дзень Рэспублікі

Менск у дзень нашага прыезду (30 чэрвеня) быў прыбраны да адзначэньня 3 ліпеня “Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі)”. На галоўных будынках і вуліцах красаваліся сьвяточныя плякаты й расьцяжкі. Некаторыя зь іх беларускамоўныя. Улада выдзяляе пры такіх нагодах невялікую дозу беларушчыны, прызначэньне якое, як некаторыя думаюць, падвойнае: 1. спатоліць крыху галодную душу айчынных нацыяналістаў і 2. паказаць настырліваму імпэрскаму суседу, што, калі б справа дайшла да кулакоў, дык тады магло б і порахам запахнуць: “Вы што, хочаце яшчэ адну Чачню?!...”

Сьвяткаваньне Дня Рэспублікі было спалучана з 65-мі ўгодкамі вызваленьня Менску ад немцаў. Вялікі парад (штосьці накшталт паўночнакарэйскага) з дэманстрацыяй ваеннага патэнцыялу Рэспублікі (у часе якога Лукашэнка трымаў каля сябе свайго малога сынка ў вайсковай, як і ён сам, уніформе) меў на мэце прадэманстраваць каштоўнасьць сувэрэнітэту, ваенную абароназдольнасьць ды стаўку на моладзь і спорт.

Уся гэтая ўрачыстасьць міжвольна акцэнтавала й парадокс лукашэнкаўскага рэжыму: з аднаго боку “мы – незалежная дзяржава”, а з другога – “мы з рускімі – адзін народ”. Калі “адзін”, дык чаму “незалежны”?..

З паказанага на афіцыйным тэлебачаньні рэпартажу пра сьвяткаваньне Дня Рэспублікі найбольш неверагоднай дэтальлю прагучэў урывак беларускамоўнай песьні ў выкананьні жаўнерскага хору – пра гатовасьць адважна бараніць Радзіму ад ворага.

На наступны дзень адміністрацыя сталіцы павінна была знайсьці ў сваім скупым бюджэце сродкі на рамонт асфальтавага пакрыцьця вуліц, паруйнаванага гусеніцамі танкаў.

Будаўніцтва

Будаўніцтва ў Менску, у тым ліку жыльлёвае (кажуць, зь немалым удзелам маскоўскага капіталу) ідзе размашыста. У некаторых раёнах – лес будаўнічых кранаў. Фасады шматкватэрных гмахаў у 15-20 паверхаў, размаляваныя ў лагодныя тоны, упрыгожваюць гарызонты сталічнага Менску.

У горадзе ў 2014 годзе мае адбыцца міжнародны хакейны турнір. Сьпешна будуюць закрытую арэну. Трэба разьлічваць на дзясяткі тысячаў удзельнікаў і заўзятараў. А гатэльных месцаў у горадзе, як падлічылі, усяго пяць з палавінаю тысяч. Плянавікам і будаўнікам трэба сьпяшацца.

Дарэчы, у сталіцы можна пабачыць нарэшце грамадзкія туалеты, да якіх накіроўваюць вулічныя знакі “WC” са стрэлкай. Трэба дадаць тут, што ў прыватных рэстаранах зьявіліся таксама зусім прыстойныя прыбіральні. Прыватнікі дбаюць пра кліентаў.

Над магілай Генадзя Кісялёва

Адведзіны бацькаўшчыны – гэта сустрэчы з жывымі й зь мёртвымі. Нас, жывых, цягне да магіл ня толькі ў простым сэнсе, але і ў пераносным. Гэты апошні мамэнт пранікліва падкрэсьліў незабыўны Караткевіч: “Дзяды з магіл жыцьцём дыхнулі...” Так, дыхаюць жыцьцём, калі да магіл, да мінуўшчыны забясьпечаны свабодны доступ. Магілам прычашчаемся, імі спаталяем душу, у іх шукаем сувязі зь вечнасьцю. Бо мы ж і зьяўляемся замагільным жыцьцём нашых продкаў, нашых папярэднікаў.

Ад’яжджаючы ў дарогу, мы з Надзяй дамовіліся зьведаць у Менску дзьве магілы: Івана Мележа (за ягоныя “Людзі на балоце”) і Генадзя Кісялёва (за “Пачынальнікаў” ды шмат чаго іншага). Удалося пабыць толькі на магіле апошняга, пакланіцца, выказаць спачуваньне жонцы Яніне Міхайлаўне. Паклалі на жоўтым пяску букецік васількоў. У нас у Амэрыцы іх гадуюць таксама, але беларускія зырчэйшыя, больш сінія.

Генадзь, пра якога ў славутай сатырычнай паэме “Сказ пра Лысую гару” добразычліва сказана “Генус Кротус Кісялёў”, быў, як расказала нам жонка, няўрымсьлівым працаголікам да самага апошняга канца: дактароў не прызнаваў, ледзь трымаючыся на нагах, ён думаў аб адным: як кінуць яшчэ жменю сьвятла ў цёмную мінуўшчыну Краіны, каб гісторыяй прасьвятліць затуманеную сучаснасьць.

Беларуская мова

Там, дзе мы былі, расейшчына гучыць паўсюль на вуліцах і ў публічных месцах. А ў Менску – зь невялікім выняткамі ў мэтро ды на некаторых шыльдах і плякатах. А ў правінцыі й гэтага не відаць. Тым ня менш, у нашым пасьлядоўным карыстаньні беларускай мовай, мы не напаткаліся на грубіянскую рэакцыю тыпу “говори на человеческом языке” – што здаралася гадоў восем-дзесяць раней. Пасьлядоўная абарона роднай мовы сябрамі й прыхільнікамі ТБМ, ТБШ і БНФ, асабліва маладымі актывістамі, у спалучэньні з аказійным выкарыстоўваньнем яе некаторымі афіцыйнымі асобамі, прывучае русафілаў да спакайнейшай рэакцыі на беларускамоўныя звароты да іх. Злагоджваюць варожую рэакцыю на беларушчыну й канфлікты паміж Менскам ды Масквой, у якіх нацыянальная мова становіцца псыхалягічным фактарам абароны.

З другога боку, сярод паспалітага люду ўсё яшчэ пераважае пагляд на беларускую мову, як на каштоўнасьць непрагматычную, не для практычнага ўжытку. Родная мова – свайго роду шкатулка за шклом, этнаграфічная акраса, гістарычная спадчына на сьвяточны дзень. Што да ўраду, дык ён ведае, што гэта адначасна й нацыяналістычны рэсурс, які трымае ў запасе, каб выкарыстаць пры неабходнасьці.

Хто прадае беларусам ваду?

Як і ў Амэрыцы – толькі ня так часта – можна пабачыць на менскіх вуліцах людзей з бутэлечнай вады ў руцэ. Беларусь, як ведама, багатая на крыніцы чыстае вады, на падземныя воды ўнікальнай якасьці. Здавалася б, каму як не айчыннай прамысловасьці выкарыстоўваць гэтыя запасы. Таму было дзіўна прачытаць на бутэлечцы, што ваду беларусам прадае... амэрыканская Кока Кола. Хоць, калі падумаеш, дзівіцца тут няма чаму: прадпрыймальніцтва ў краіне пакутліва цярпіць, з аднаго боку, ад дыктату й чыноўніцкай самаволі, а з другога – ад розных дэфіцытаў: дэфіцыту капіталу, тэхналягічных ведаў, практычнага заканадаўства, разумнай адміністрацыі. Усе гэтыя й падобныя нястачы наглядна сьведчаць, між іншага, пра вялікі патэнцыял, які тоіцца ў заходнім вэктары вонкавай палітыкі.

Турызм. Нявыкарыстаныя рэсурсы

Статуя зубра ля дарогі з Баранавічаў у Мір
Беларускі ўрад глядзіць на замежных турыстаў як на багатую крыніцу валюты. Таму кідае за сабой, каб знайсьці перад сабой. У турыстычную інфраструктуру ўкладаюцца вялікія сродкі на рэстаўрацыю замкаў, палацаў і сядзібаў, на добраўпарадкаваньне іхнага навакольля, пад’езных дарог, рэстаранаў і гатэльна-матэльнай абслугі. Аб тым, што турызм можа стацца дойнай каровай, сьведчаць пачатыя нядаўна арышты кіраўнікоў некаторых турбізнэсаў, западозраных ва ўтойваньні мільённых прыбыткаў.

Гаспадары дзяржаўнага бюджэту бачаць крыклівую дыспрапорцыю ў параўнаньні з суседзямі: у Беларусі ў 2008 годзе пабывала 91 тысяча турыстаў, а ў Літве – чатыры з палавінаю мільёны! Якія вялікія прыбыткі можна было б мець, калі б.... і г.д.

Зразумела, каб прывабіць турыстаў, трэба мець куды больш, чымся гістарычныя помнікі. У першую чаргу патрэбны гатэльныя выгады каля ўсіх тых адбудоўваных гістарычных мясьцін. Штосьці накшталт, з чым мы азнаёміліся ў маім родным Міры.

Начлег у прыватным матэліку

Пачатак нашага двухдзённага побыту ў маіх стрыечных сясьцёр і кузэна аказаўся небеспраблемным. Давялося вытрымаць, у спакойна жартаўлівым тоне, гутарку наконт начлегу. Адразу ж зьдзіўленае пытаньне ад кузэнкі: як гэта магчыма начаваць не ў сваіх, а ў нейкім там прыватным дамку?! А што падумаюць суседзі! На гэта я адказаў з усьмешкай: няхай думаюць, што мы прыехалі ад імя міжнароднай турыстычнай фірмы правяраць якасьць начлегу ў мясцовым матэлі.

Матэлік пад Мірскім замкам, у якім мы начавалі
Затрымаліся мы ў ім на добрую параду нашай прыяцелькі-мянчанкі, якая тут нядаўна пабыла. Гэта невялікі прыватны дом, перароблены з жылой драўлянай хаты на дзьвюхкватэрны матэлік. Стаіць ён на стратэгічным месцы, каля самага замку. Бязь люксусу, але й без складанасьцяў з туалетам і бягучай вадой, у тым ліку гарачай.

Крыху неспадзявана для нас, гаспадар матэліку, сп. Пасілаў Сяргей Анатолевіч, запрапанаваў падпісаць дамову. Мы згадзіліся: цікава было пабачыць адзін з аспэктаў прыватнага бізнэсу.

Дамова – дзьве поўнафарматныя старонкі, сьпісаныя густым шрыфтам. Загаловак: “Типовой договор на оказание услуг в сфере агроэкотуризма”. У ім – 17 пунктаў з падпунктамі й падзагалоўкамі: “прадмет дамовы”; “правы й абавязкі бакоў”; “якасьць і аб’ём паслугаў у сфэры аграэкатурызму”; “цэны й парадак разьлікаў”; “адказнасьць бакоў”; “заключныя палажэньні”; “рэквізыты й подпісы бакоў”.

Сп. Пасілаў, названы ў дамове “выканальнікам”, забавязваўся даваць нам паслугі “ў мэтах адпачынку, аздараўленьня, азнаямленьня з прыродным патэнцыялам, нацыянальнымі й культурнымі традыцыямі ў абыйме і на ўмовах прадугледжаных дадзенай дамовай”. Заплаціўшы яму поўную суму за два дні побыту (80 даляраў), мы атрымалі ключы ад пакою й ад хаты (другая кватэра была незанятая), ды больш гаспадара й ня бачылі. Былі поўнасьцяй свабодныя, з чаго вельмі цешыліся.

Мір. З родзічамі на ганку спаленага ў вайну бацькоўскага дому
Запах сьвежа апрацаванага дрэва, чыстыя падлогі, прасторны пакой зь відам на замак, душ, нават кухонныя магчымасьці, усё гэта апраўдвала кошт: 20 даляраў ад асобы за ноч.

Пабачыўшы або пачуўшы ад нас пра матэльны камфорт, сваякі аднагалосна ўхвалілі наш выбар. Два дні праляцелі мігам. У прыемных гутарках прайшло шчодрае застольле. Падзяліліся навінамі. Агледзелі сады й агароды. Пасмакавалі далікатных сястрыных дранікаў. Узбагаціліся сямейнымі навінамі. Зьезьдзілі таксама ў недалёкія ад Міра Карэлічы, каб агледзець там раённы краязнаўчы музэй ды перадаць яму некаторыя пэрсанальныя дакумэнты, пасьведчаньні, дыплёмы ды кнігі.

Мірскі замак як шыкоўны гатэль

Нам як замежным турыстам, не без дапамогі родзічаў (якім і за гэта падзяка), быў дадзены пэрсанальны тур Мірскога замку й ягонага навакольля. Рэстаўрацыя йдзе поўным ходам. Апрача ўсяго іншага, у замку ўладжваюць 16 люксусных апартамэнтаў. Тут і высакаякасная мэбля бабруйскага вырабу (яшчэ ў плястыковым абкрыцьці), і першаклясныя люстры айчыннай вытворчасьці, і італьянская кераміка, і нямецкая электроніка, і шпалеры ў кожным пакоі асобнага дызайну. Маладыя мастакі зь менскай акадэміі мастацтваў пазалочваюць і размалёўваюць столі. Вышліфоўваюцца балюстрады. Закроены прасторны канфэрэнцзал з будкамі для перакладнікаў. Упарадкаваная навакольная тэрыторыя. Рэстаўравана княжацкая царква. Абгароджаная тэрыторыя замку (з чаго міране незадаволеныя: “Раней можна было ўсюды хадзіць, а цяпер...”).

Студэнт менскай акадэміі мастацтваў размялёўвае столь будучага апартамэнту ў Мірскім замку
Рэстаўратары замку, няпэўныя адносна рамонтаў – шмат што робіцца наўздагад і, як некаторыя прызнаюць, памылкова – позьняцца з выкананьнем работаў. Дата адкрыцьця адсунутая да 2011 году. Раней ці пазьней скончаць. І начлег у закончаных апартамэнтах будзе ўжо каштаваць ня 20 даляраў ад асобы за ноч, а разоў дваццаць па дваццаць ды больш.

Да замку-прыгажуна пад’яжджаюць аўтобусы са школьнікамі, а часамі й машыны з замежнікамі. Ля ўваходу на пляц ужо не адна, як раней, а тры сувэнірныя крамкі.

Жыткавіцкія могілкі, вуліцы й гутарка зь мясцовымі карэспандэнтамі

Шлях зь Менску на Жыткавічы, мінаючы Слуцак і Салігорск, пралёг даволі гладка, прычым дае магчымасьць набыць сэзонныя дары лясоў. У нашым выпадку гэта былі лісічкі й ягады, зь якімі сядзяць паабапал дарогі руплівыя шукальнікі лішняга рубля або й адзінага для іх скупога заробку. Глянеш на іхныя спацела-загарэлыя твары, і ня думаеш пра чарнобыльскую радыяцыю, а бярэш іхні цяжка набыты тавар.

У Жыткавічах адведалі, кажучы трапным мясцовым словам, клады (могілкі). За чатыры гады магіл прыбыло вунь аж колькі. Агледзіш помнікі, пераважна з партрэтамі нябожчыкаў, і жахаешся ад факту, што бальшыня іх памерлі ў зусім нестарым веку. Сапраўдная пандэмія перадчаснай сьмерці, якая шмат кажа пра эканоміку краіны, палітыку, мэдыцыну ды стыль жыцьця.

Сам горад ня шмат зьмяніўся за прамінулыя чатыры гады. Заасфальтавалі збольшага яшчэ пару вуліцаў, а рэшта ляжыць далей з выбоінамі ды вадзянымі ямамі. Гэта не перашкаджае некаторым вар’ятам за рулём шугаць на шалёнай хуткасьці каля пешаходаў. Я ледзь-ледзь не паплаціўся, калі не жыцьцём, дык паламанымі касьцямі, ідучы з жонкай па Акцябрскай (Кастрычніцкай) недалёка ад Маладзёжнай. Трэба зазначыць, што гарадзкія ўлады парупіліся пакласьці шмат дзе ўпоперак вуліц гарбы, якія спавальняюць аматараў хуткае язды.

Сустрэліся два аднагодкі
Госьці з Амэрыкі ў Жыткавічах бываюць ня часта. Таму нашым прыездам зацікавіліся карэспандэнты зь мясцовае радыёстанцыі й газэты “Новае Палесьсе”. Прагаварылі больш за гадзіну і пра дадатнае і пра адмоўнае, у тым ліку пра адзін прыкры мамэнт для кожнага беларуса, якому баліць зьнявага роднае мовы. У той час якраз быў пачаўшыся віцебскі “Славянскі базар”. На адкрыцьці яго прэзыдэнт Лукашэнка, для якога славянскасьць не ўключае ў сябе беларускай мовы, прамаўляў, як заўсёды, на мове “старэйшага брата”. Гэты моўны сэрвілізм беларускага прэзыдэнта быў маніфэстацыйна падкрэсьлены ўкраінскім дыпляматам, які спачатку прывітаў гасьцей па-беларуску, а пасьля на сваёй роднай славянскай мове прачытаў прывітаньне ад прэзыдэнта Ўкраіны.

Маўчаньне маіх суразмоўцаў было шматмоўным...

Хвойкі

Кілямэтраў 50 ад Жыткавічаў ёсьць вёсачка з паэтычным назовам Хвойкі. А каля яе, у выносістым сасновым лесе, нехта некалі дадумаўся запачаткаваць клады. За гады набралася ладна магілаў. Хаваюць, не зразаючы дрэваў. Хвойкі – унікальны могільнік-лес. Тут цішыня гучыць, як малітва. Ціша душу калыша, сказаў бы паэт... Тут самі напрошваюцца багдановічаўскія радкі:

Палеская прыгажуня Таня Мельнікава на кладах у Хвойках
Чуеш гул? Гэта недзе лясун
пачынае няголасна граць.
Пад рукамі яго, наганяючы сум,
быццам тысячы туга нацягнутых струн,
танкастволыя сосны зьвіняць.


Такая тут музычная цішыня, што думаеш: вось бы ў гэтым месцы быць пахаваным...

Недалёка ад Хвойкаў жыла некалі мая Надзя. Аб’ехалі агледзелі ейнае Лутоўе, сястрыны Пасталы, рэшткі якіх адзінотна спачываюць у абдымках лесу. Пагутарылі з рэдкімі тут жыхарамі, пабедавалі над запусьценьнем і адсутнасьцю моладзі. Надзін швагер, Мікалай Жураўлевіч, які пражыў тут больш за паўвека, выказаў свой настрой двума словамі: “Баліць душа...”.

Лясная сымфонія ў тураўскім музэі

Мінулая слава Турава ўвасоблена цяпер у велічным помніку сьв. Кірылы Тураўскага на колішняй замкавай гары ды раскапаным нядаўна побач з помнікам падмуркам царквы, што памятае напэўна свайго залатавуснага прапаведніка. Сьцены пабудаванага над руінамі манежа абвешаныя выпіскамі зь летапісаў ды іншай адпаведнай інфармацыяй.

Гэтым разам мы запоўнілі лакуну папярэдніх наездаў – завіталі ў тураўскі музэй прыроды. Тут разьмешчаны чучалы ўсяго зьвярынага сьвету гэтага краю. Якое багацьце! Якая сымфонія галасоў палескага лесу! Шчабечуць і цьвіркаюць птушкі, рохкаюць кабаны, выюць ваўкі, крумкаюць жабы, а над усімі імі заліваюцца салаўі. Слухаць не наслухацца! Нарэшце задавольнілі даўняе жаданьне пачуць галасістых пеюноў, пра што было шмат гутаркі ў часе застольля папярэднім вечарам.

Праваслаўная царква: архітэктурная тэндэнцыя

Усюды, дзе мы былі, мы цікавіліся цэрквамі, царкоўнымі справамі.

Гістарычная царква ў Слуцку. Беларускі стыль
У жыцьці чалавека, а яшчэ больш у жыцьці народу, рэлігія – надзвычай важны фактар. Палітыкі й царкоўныя дзеячы выдатна разумеюць узьдзейваньне рэлігіі на грамадзтва. Дзеля гэтага якраз беларускі ўрад адмаўляе ў рэгістрацыі некаторым рэлігійным суполкам, забараняе абмяркоўваньне ў падкантрольным друку пытаньня аўтакефаліі, карае штрафамі непаслушэнства ягоным указам, якія ў канфлікце з канстытуцыяй, і г.д. і да т. п.

Беларуская царкоўная архітэктура мае свае гістарычныя асаблівасьці, свае контуры, свой стыль. І таму, калі езьдзіш дарогамі або ходзіш вуліцамі, кідаецца ў вочы сучасная тэндэнцыя запаўняць беларускі краявід купаламі маскоўскае формы, цыбулінамі. На беларускіх вуліцах расейская мова, у беларускім небе расейскія купалы.

Ананімкі Праваслаўнай царквы

У тураўскай і жыткавіцкай цэрквах я пацікавіўся лістоўкамі, якія ляжаць ля ўваходу задарма для кожнага, хто хоча пачытаць. Узяў іх і я. Чатыры зь іх ананімныя (тры на чатырох старонках часапіснага фармату, адна – на дзьвюх): «Православный листок», «Глас православия», «Православный набат» і «Русь Святая, Единая и Неделимая!!!» Хто іх напісаў, дзе яны выдрукаваныя, ведае хіба толькі царкоўны клір. Каб зрабіць з набожнага чытача пашыральніка гэтай літаратуры, на адной зь іх зазначана: «Листовка содержит цитаты из Священного Писания, поэтому не допустимо использовать ее в бытовых целях, а тем более выбрасывать».

Новазбудаваная ў маскоўскім стылі царква ў Баранавічах
Зьмест? Усяго не перакажаш. Але пра агульны кірунак і эмацыянальны тон разважаньняў даволі паказальна сьведчаць некаторыя падзагалоўкі ды выказваньні. Гэтак, адна зь іх дае «Перечень деятельных служителей нечистой силы на территории Руси» («Русь» у гэтай літаратуры ўключае й Белую Русь).

Другая, пасьля гістэрычных антысэміцкіх выпадаў і юдафобіі, абвяшчае: “Основные планы сионистов сбываются. Страна разрушается, народ аболванен и управляем ими. Но не сломлен дух истинно русских людей. Главные битвы за Русь и русский народ – впереди». І канцоўка: «Русичи, перед нами стоит выбор: Православие или смерть!»

У трэцяй падаюцца “аргумэнты” і спасылкі на Сьвятое Пісьмо супраць сучаснай жаночай моды зь перасьцярогай, што “сьвецкая мода вядзе да захворваньняў”. І гэтак:

«За нашэньне портак – у жанчыны бываюць цяжкія роды, дзеці нараджаюцца зь фізычнымі й псыхічнымі адхіленьнямі...

«Галаўныя болі ў жанчын за стрыжку валасоў. (...)

«За карыстаньне касмэтыкай – у жанчыны зьяўляюцца захворваньні жывата, печані, кішэчніка, а таксама горла й вачэй».

Чацьвертая ананімка заяўляе, што гэта яшчэ Бісмарк [другая палавіна 19-га стагодзьдзя – Я.З.] у змаганьні з Расеяй «прыдумаў» Украіну. А сёньня? «Сегодня Западная и Южная Русь [чытай: Беларусь і Ўкраіна – Я.З.] вновь эпицентр геополитики, центр окончательного решения (уничтожения) славянского вопроса. Миллионы долларов направляются на противодействие естественному процессу интеграции славян».

І сама напрошваецца думка: а можа адсюль узяўся й той «Славянский базар», зь якога выкінулі беларускую мову, каб прысьпешыць «интеграцию»?..

Пятая лістоўка беларускамоўная. Гэтая ўжо з «пашпартам»: «Па благаславенні Яго Высокапрэасвяшчэнства, Высокапрэасвяшчэннейшага Гурыя, Архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага, Намесніка Свята-Успенскай Жыровіцкай Абіцелі». Зьмест яе – паэма пад заг. «Стагоддзяў жырандоля», расейскамоўны тэкст якое быў знойдзены ў архіве Жыровіцкага манастыра. Чатыры старонкі густога друку. Пераклад зрабіў, нябожчык ужо, Алег Лойка ў 2006 годзе.

Дэфіцыт гарачай вады

Пакуль мы адведвалі сваякоў, у Менску адключылі гарачую ваду. Пачаўся штагодні некалькітыднёвы рытуал у гонар няспраўнасьці сталічнага водазабесьпячэньня. Нашы прадпрыймальныя гаспадыні добразычліва забясьпечвалі нам штодня пару каструль кіпятку, які мы разбаўлялі халоднай вадой і няблага вымываліся. Для гэтага трэба мець калматую ганучку, якою спачатку намыльваешся, а пасьля змываешся.

Едучы ў Беларусь, не забудзьцеся ўзяць з сабой ганучку...

“Дудуткі” й забабоннасьць беларусаў

Наслухаўшыся пра музэй старажытных народных промыслаў “Дудуткі”, што недалёка ад Менску, мы наважыліся адведаць яго. Там і вятрак, і кузьня, і ганчарня, і ткацкі варштат, і пякарня, і самагонны апарат, зь якога, пад закусачку, можна папрабаваць традыцыйнага беларускага пітва, і шмат чаго яшчэ, у тым ліку дзікі кабан і цыбатыя штраўсы.

Інкруставаная саломкай Царская Брама ў царкве ў Дудутках
На пляцы стаіць нядаўна пабудаваная драўляная царква з купаламі-цыбулінамі, у якой увесь іканастас і царскія дзьверы выкладзеныя саломкай. Ці думалі будаўнікі пра пажарную бясьпеку, мы не даведаліся.

З гідам ці бяз гіда ў “Дудутках” можна прыемна й павучальна правесьці цэлы дзень. Наш колькігадзінны абход закончыўся вячэрай у мясцовым рэстаране. У ім лішні раз пераконваешся, што няма нічога смачнейшага за беларускую верашчаку з блінамі.

З аповеду гіда пра народныя звычаі становіцца відавочнай былая й сучасная забабоннасьць беларусаў: калі ўваходзіш у млын, дык абавязкова праз парог перш ступай правай нагой, калі выходзіш, не забудзься страсянуць чорта зь левага пляча; калі замясіў дзежку цеста, сядзь на яе так а так; калі садзіш хлеб у печ, скажы такое а такое; калі вымаеш, зрабі яшчэ тое а тое. Цяпер, калі ўжо няма ветракоў, а хлеб пякуць у пякарнях, забабоннасьць прасякла ў іншыя сфэры жыцьця, у тым ліку, як мы адзначылі вышэй, у сфэру рэлігіі. Прычым як вясковага люду, так і гарадзкога, як малапісьменнага, так і адукаванага.

Зьезд беларусаў. “Бацькаўшчына” ў добрых руках

Зь вялікімі перашкодамі арганізатарам Пятага зьезду Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ўдалося правесьці 18-19 ліпеня свой шточатырохгадовы форум. Больш за 300 дэлегатаў з 23 краін запоўнілі залю нямецкага адукацыйнага цэнтру, так званага “ай-бі-бі” або “і-бэ-бэ” (ІВВ). Цэнтар гэты, як аказалася, стаўся адзіным магчымым месцам у цэлым горадзе, бо больш як у 20 іншых будынках, куды зьвярталіся арганізатары, раптам пачаліся “рамонты”. Гульня ката (з націскам на якім хочаце складзе) з мышкай.

Пасьля ўрачыстых акордаў гімну “Бацькаўшчыны” прагучэлі прывітальныя словы Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Чысьцюсенькай беларускай мовай прывітаў удзельнікаў зьезду пасол Швэцыі. А далей пайшлі прамовы, даклады, выступы.

Паўкруглы калідор цэнтру, людны ад народу, быў шчыльна застаўлены сталамі з кніжкамі, дыскамі, сувэнірамі. Якая маса ўсяго гэтага! Падумалася: можа нацыянальная беларусіка (хоць і малатыражная) ужо не такая й бедная, як гэта часамі здаецца. Пішэце, стварайце, хлопцы й дзяўчаты! Прыйдзе няўхільна час і на большыя тыражы.

Галоўнай навіной сёлетняга зьезду быў удзел у ім урадавых прадстаўнікоў высокага рангу. Міністар культуры Павел Латушка выступіў з даўгаватай прамовай, якая была бесьперашкодна выслухана (аспрэчваньне сказанага міністрам крытыкі зробяць асобна). Іншыя ўрадаўцы выступалі таксама, адказвалі на пытаньні дэлегатаў. Камэнтатары будуць узважваць, ці гэта яшчэ адзін лібэралізацыйны крок улады, ці затуманьваньне вачэй і задурманьваньне мазгоў.

Паседжаньне Вялікай Рады “Бацькаўшчыны” напярэдадні зьезду, на якім была аднадушна выказаная дадатная ацэнка працы кіраўніцтва арганізацыі, прадэманстравала, што на чале згуртаваньня стаяць дзьве разумныя й працавітыя маладыя жанчыны, Алена Макоўская й Ніна Шыдлоўская. Абраньне іх за кіраўнічак на наступны пэрыяд – зарука, што “Бацькаўшчына” будзе й надалей у надзейных руках.

Івянец. Інфармацыйнае бездарожжа

а. Віктар Перагудаў, настаяцель царквы Еўфрасіньні Полацкай у Івянцы ля падоранай намі іконы
Выматляны ўдзелам у першай частцы зьезду ды чатырма ці пяцьма інтэрвію, якія давялося даць радыё й тэлебачаньню, я адпрасіўся ад далейшага ўдзелу ў зьезьдзе. Пагатоў, што мы павінны былі наведаць новазбудаваную царкву сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Івянцы.

Аўтастрады на захад ад Менску шырокія й гладкія. Але вельмі нягладка з інфармацыяй. Шмат якія зьезды й разьезды не пазначаныя. Пад’яжджаеш да разьвілкі й ня ведаеш, куды ехаць далей. Лішні довад, што аўтамабільнай культуры тут яшчэ далёкая дарога.

У Івянцы а. Віктар Перагудаў і вернікі даравалі нам нашае гадзіннае спазьненьне. Адслужылі малебен. Па-беларуску. Завяршылі супольна адсьпяванай малітвай “Магутны Божа”. Зрабілі на памяць здымак ахвяраванай намі Троіцкай іконы.

Падзякаваўшы гаспадарам за малітвы й смачны пачастунак, паехалі яшчэ агледзець разбудоўваныя ўскраіны Менску.

Дарогі й краявіды. Два бакі мэдаля

Нядбальства побач з музэем Якуба Коласа
Калі гаворыш у Беларусі з кім-небудзь, хто прыехаў з Расеі або з Прыбалтыкі ці з Украіны, чуеш пахвалу беларускім дарогам і краявідам, а таксама менскім вуліцам. Усюды наведнікі бачаць малюнак чыстай, акуратнай, дагледжанай краіны. І насамрэч, першы выгляд галоўных шляхоў, навакольля й вуліц, нават правінцыйных гарадоў, сьведчыць пра выразныя зьмены на лепшае. Але, калі пераказваеш гэтае ўражаньне мясцоваму жыхару, чуеш (а пасьля й сам бачыш) шмат довадаў пра жывучасьць старога савецкага занядбаньня. І сапраўды, каб пераканацца ў слушнасьці такіх выказваньняў, ня трэба нават ехаць у правінцыю. Хопіць у Менску зыйсьці ўбок з праспэкту Незалежнасьці за будынак Акадэміі Навук, каб пабачыць неахайны пабіты ямамі завулак. Мала таго, тут жа побач стаіць музэй імя Якуба Коласа. І думаеш: якая непашана да народнага барда, чый культурны цэнтар акружаны транспартнай развалінай, брудам і хаатычным згусткам аўтамабіляў. Дык што ўжо гаварыць пра жыткавіцкія вуліцы!

Увесь побыт у Беларусі прайшоў што называецца насычана. Да таго, што плянавалася, дайшлі яшчэ зусім непрадбачаныя сустрэчы й здарэньні. А ў самы апошні дзень даплюсавалася яшчэ імпрэза ў Коласаўскім музэі – азнаямленьне з новымі экспанатамі, невялікі канцэрт ды гутаркі-гутаркі-гутаркі.

Тым ня менш, агулам беручы, у сэнсе фізычнага твару краіны назіраюцца зьмены на лепшае. На вялікі жаль, гэтага ня скажаш ані пра ўзровень матар’яльнага жыцьця бальшыні звычайных людзей, ані пра стан нацыянальнай культуры. Тут пакуль што выразна адваротная тэндэнцыя. Цэны растуць. Праведзенае нядаўна незалежнымі прафсаюзамі анкетаваньне рабочых выявіла, што матэрыяльны стан пераважнай бальшыні іх пагоршыўся на 30-40 адсоткаў.

Нацыянальная культура, асабліва мова, у заціску, у рэзэрвацыі. Беларусаведныя навукі пазбаўлены найменшых бюджэтных сродкаў, шмат якія гуманітарныя структуры проста ліквідаваныя або, апустошаныя з кадраў, здадзены на самаволю беларусафобаў. Затхлая афіцыйная ідэялёгія, зь мясцовымі начальнічкамі па цэлай краіне, пазбаўляе творчага кіслароду ўсякую творчую думку, што не ўкладаецца ў казённы штамп.

Прыгнечаны настрой апытаных і неапытаных трапна абагульніў удумлівы Анатоль Вярцінскі ў вершы “Не ад таго мой сум...”:

А колькі іх, гаротных тых маршчын,
На твары зьнепакоенай Айчыны!..
Для суму майго – важкія прычыны,
І мала так для радасьці прычын.


Гумар. Анэкдоты. Афарызмы

Людзі ратуюцца ад бюракратызму, чыноўніцкага хамства, безвыходнасьці чым могуць. У тым ліку сьмехам, жартамі, афарызмамі.
..........
На сьветлавой банкаўскай рэкляме ў менскім мэтро высьветліваецца скарбонка ў форме сьвінкі з надпісам, што, маўляў, мы для вашых паслугаў. Мая спадарожніца, увагу якой я зьвярнуў на сьвінку, рэкнула: “Так з намі й абыходзяцца”.
..........
Малады фэрмэр падсумаваў бясконцае й безвыніковае абіваньне казённых парогаў, каб паставіць як-небудзь на ногі сваю гаспадарку:
“На Захадзе ўлады стараюцца, каб не было бедных людзей, у нас – каб не было багатых”.
..........
Бяжыць празь беларускую мяжу сабака з Украіны – худы, галодны, шэрсьць аблезлая.
Памежнік пытаецца:
– Ты куды?
– У Беларусь, – адказвае, – там лепш кормяць.
Па пэўным часе бяжыць той самы сабака назад. Сыты, адкормлены, шэрсьць блішчыць.
На пытаньне памежніка “А чаго ж гэта ты назад чэшаш?” сабака адказвае:
– Кормяць то там лепш, але гаўкаць не даюць.

Зь Менску ў Беласток. Лішняя вага!

Адлёт на Варшаву абыйшоўся не без інцыдэнту. У ручны багаж трапілі неяк дзьве бутэлькі беларускага бальзаму і жончыны маленькія ножнічкі. Пакуючыся, не дадумалі. Здалі валізкі, прайшлі пашпартны кантроль. А тут нам кажуць, што ў ручным багажы засьвяціліся дзьве бутэлькі й ножнічкі. Іх трэба даплюсаваць да валізак, на борт несьці не дазволена. А бадай цябе бяда! Мы хуценька перапакавалі свае торбы, і я пайшоў здаваць. Паважылі. Пяць кіляграмаў лішняй вагі. Трэба даплачваць, кажа кантралёрка.
– Колькі?
– Сто эўра.
– Ці вы ў сваім розуме? Уся гэтая торба ня вартая гэтулькі!
– То аддайце тым, хто вас прывёз.
– А іх ужо няма, яны паехалі.
– Дык выкіньце ў сьмяцьцё.
– Бальзам выкідаць у сьмяцьцё?! Вы што – жартуеце?
Мяне заела. Перайшоўшы на ангельскую мову, я пачаў саромець прысутнага пры гэтым чыноўніка польскае авіялініі ЛЁТ. Містэр ЛЁТ, кажу, мы вашыя сталыя кліенты. Як вы можаце абдзіраць нас так неміласэрна? Гэта ж сорам! І далей у такім тоне. Пасьля некалькіх хвілін маіх ушчуваньняў чыноўнік здаўся. Окей, сказаў ён, зьвяртаючыся да кантралёркі.

Беласток. Праваслаўе. Беларушчына

У Варшаве нас сустрэлі даўнія добрыя сябры, Андрэй і Эва Такаюкі. Адразу ж, зразумела, роспыты, аповеды. Да Беластоку гадзін чатыры язды. Уключаецца кампаратыўнае пазіраньне ў акно, празь якое відны іншыя дарогі, іншыя краявіды.

Гм! Беларусь выглядае ня горш за Польшчу. А дарогі можа й лепшыя. Але хутка разумееш, што гэта толькі адно вымярэньне. Калі спыніліся на перакуску ў прыдарожнай швэдзкай IKEA, агульная ацэнка адразу ж пачала мяняцца на карысьць польскай рэчаіснасьці. Успомніліся словы айчыннага сваяка, які, падарожнічаючы аўтамабілем па польскіх дарогах, пабачыў там ветлівасьці значна больш, чым у Беларусі. Праўдзівасьць ягонага назіраньня пацьвярджалася пры розных нагодах у часе нашага пяцідзённага побыту на Беласточчыне.
Адразу ж робіцца відавочным, што ў каталіцкай Польшчы пабольшала памяркоўнасьці ў дачыненьні да этнічных і іншарэлігійных мяншыняў. А гэта дзякуючы ўваходжаньню ў Эўрасаюз. Польшча хоча быць талерантнай эўрапейскай дзяржавай. Прынамся на ўзроўні ўрадавай палітыкі.

Царкоўнае будаўніцтва ў Беластоку, як і на Падляшшы наагул, дасягнула апошнімі дзесяцігодзьдзямі ўражлівых вынікаў. Рэлігійнасьць праваслаўных, трэба думаць, стымулюецца ці мала дынамічнай (не без напорыстасьці) рэлігійнасьцю каталіцкае часткі жыхарства. Сымбалем праваслаўнай устойлівасьці ў Беластоку можа быць велічная й прасторная Сьвятадухаўская царква, якая прыгажосьцю свайго інтэр’еру пераўзыходзіць усе іншыя цэрквы ня толькі Польшчы, але й Беларусі. Будаўніцтва сьвятыні яшчэ не закончана. У ліку трохсот зь нечым іконаў, якія ўпрыгожваюць нутро храму, пры ўваходзе ў яго (зь левага боку), вітае малельнікаў ікона сьв. Еўфрасіньні Полацкай, якую ў 2002 годзе падарылі мы супольна зь Лізай Літаровіч.

Беларушчына на Беласточчыне трымаецца вакол культурніцкіх выспаў, такіх як пэрыёдыкі, этнічныя й музычныя гурты, таварыствы, дзіцячыя садкі, тэлевізійныя перадачы й радыёвяшчаньне ды падобнае. Што да праваслаўя, у ладнай меры польскамоўнага ўжо, дык яно сваёй царкоўнаславяншчынай стварае свайго роду падпору беларушчыны. Праўда, падпора гэтая арыентуе адначасна й на расейшчыну ў выніку царкоўнае палітыкі ППЦ. У гэтым прычына прорвы паміж нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыяй і беластоцкімі.

Беласток як горад – цікавая мешаніна мэтраполіі й вёскі. Побач з гарадзкімі гмахамі стаяць вясковыя хаты. А паміж імі то тут то там зелянее пакрыты густым зельлем кавалак былога сельскага агароду. Фасады й бакі шматкватэрных дамоў размаляваныя ў зыркія, а навейшыя – у больш лагодныя калёры. Спроба ажывіць шэрасьць будынін сацыялістычнае эпохі.

У Беластоку мы адвялі душу ў гутарках і разьездах зь сям’ёй шчырых беларусаў і актыўных праваслаўных Андрэя й Эвы Такаюкоў, у забавах зь іхнімі цудоўнымі дзеткамі. А таксама ў гасьцінных а. Ўладзімера й м. Тані Місіюкоў, а. Канстанціна й м. Тамары Бандарукоў, Міраслава й Барбары Пякарскіх.

Усім вышэй названым і не названым, як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы, выказваем яшчэ раз самую шчырую падзяку за гасьціннасьць і сардэчнасьць, якімі нас нязьменна ўсюды абдорвалі.

Змучаныя дарогай, але падбадзёраныя ўсьведамленьнем выкананых абяцаньняў і збытых жаданьнях, шчасьліва дабраліся дамоў перадумоўваць ды пераацэньваць бачанае, чутае й перажытае.

Чым вымераць удачу падарожжа? А тым, што ў дарозе не хварэлі. Што шмат каго пабачылі, шмат што зразумелі. Вытрымалі нагрузку сустрэч, адведак і застольляў. Нічога не згубілі й не забыліся. І ўсіх абнадзеілі, што, калі Бог паможа, дык яшчэ раз пабачымся. Можа...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG